Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ЗША ДЖОРДЖ БУШ АГАЛАСІЎ СВАЮ ПРАГРАМУ СТЫМУЛЯЦЫІ ЭКАНОМІКІ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Пасьля змаганьня з тэрарызмам унутрыэканамічная тэма становіцца галоўнай для палітычных колаў ЗША, мас-мэдыяў і звычайных грамадзян. За апошнія два гады амэрыканская эканоміка страціла частку сваёй эканамічнай магутнасьці, нарошчанай у канцы 1990-х. Лік беспрацоўных вырас да 6%, амэрыканскія каштоўныя паперы страцілі каля трэці свайго кошту і пацягнулі ўніз курс даляра, запаволіліся новыя інвэстыцыі і пакупніцкая актыўнасьць, нарэшце, рэкордна вялікая колькасьць грамадзян і кампаній абвясьцілі сёлета банкруцтва.

Новы эканамічны плян прэзыдэнта Джорджа Буша прадугледжвае зьніжэньне і скасаваньне некаторых падаткаў. Белы Дом спадзяецца на тое, што вернутыя грошы будуць рэінвэставаныя ў эканамічны рост. Аснову пляну складае скасаваньне падаткаў на дывідэнды. Бальшыня амэрыканцаў маюць грошы, укладзеныя ў каштоўныя паперы: акцыі, бонды ці проста ашчадныя рахункі. Многія кампаніі плацяць па гэтых паперах дывідэнды – працэнт наяўных грошай. Зараз падатак на дывідэнды адзін з самых высокіх і зьмяншае рэальную вартасьць заробленых грошай, бо мусіць быць выплачаны дзяржаве нават тады, калі разам з асноўным капіталам застаецца на рахунку. Многія пэнсіянэры ў ЗША жывуць на дывідэнды ад сваіх укладаньняў. Адміністрацыя Буша спадзяецца, што скасаваўшы гэты падатак і зьнізіўшы падаткі на заробкі, яна аблегчыць жыцьцё многім старым, а багатым амэрыканцам дазволіць укласьці гэтыя грошы ў стварэньне кампаній і працоўных месцаў.

Плян таксама прадугледжвае падаўжэньне дапамогі па беспрацоўі, якое зараз выплочваецца на працягу 9 месяцаў ад моманту страты працы і аплата вучобы і перакваліфікацыі работнікаў, што доўгі час ня могуць знайсьці працу. І трэці важны момант пляну – зьмяншэньне падаткаў на даходы сем’яў зь дзецьмі. Агулам, калі плян будзе прыняты Кангрэсам, сярэдні амэрыканец атрымае назад трохі больш за тысячу даляраў з тых грошай, якія дзяржава ўзяла б як падатак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG