Некаторыя з маіх суразмоўцаў паведамілі, што Каляды й Раство ўспрымаюць як дадатковыя выхадныя дні й не адзначаюць сьвяты, бо ў іхных сем’ях няма такой традыцыі.
(Спадарыня: ) “Не сьвяткуем, бо бацькі гарадзкія й ня маем такой традыцыі. У праваслаўных больш сьвяткуюць Новы год”.
(Спадар: ) “Атэіст, а таму ніякага Раства не сьвяткую”.
(Спадар: ) “Я каталік і адзначаю 25 сьнежня. Але каталік не артадаксальны. На стале — мяса й віно”.
(Спадарыня: ) “Не, не сьвяткую. Варажба на Каляды — гэта блюзьнерства. Трэба маліцца Богу, накрываць сьвяточны стол. Але й я не “ад і да”... Малочнае ела, тут я грэшная”.
Пераважная бальшыня мінакоў распавяла, што рыхтуюцца да сьвятаў. Але частка зь іх пратэстуе альбо супраць народных традыцыяў, альбо супраць царкоўных канонаў і стараецца адзначаць Каляды па-свойму.
(Спадарыня: ) “Па-свойму адзначаем: дзеці елку ўбіраюць, у госьці ходзім”.
(Спадар: ) “Да маці на могілкі трэба схадзіць, яна якраз нарадзілася на Каляды. А таксама да сяброў схадзіць каляднуць. А гэта — як чарка, шкварка, паабдымацца, у сьнезе паваляцца”.
(Спадарыня: ) “Стол мясны, і любім вельмі шампанскае. Пост не захоўваем, бо вельмі любім мяска смачненькае”.
(Спадар: ) “Ня ўсе змаглі пост захаваць — гэта факт”.
(Спадар: ) “Каляды сьвяткую кожны год. Ежджу да бацькоў у Віцебск, там сьпяваю ў хоры”.
(Спадарыня: ) “Калядуем абавязкова, а таксама гадаем на Калядкі”.
Многія зь мінакоў казалі, што стараюцца прытрымлівацца народных традыцыяў, альбо вельмі хацелі б гэта рабіць. Аднак тое не заўсёды атрымліваецца.
(Спадарыня: ) “Будзем сёньня накрываць стол Калядны, посны. Стэлефануемся з калядоўшчыкамі, можа, пройдземся крыху”.
(Спадарыня: ) “Пайду ў царкву. Раней ніхто ня верыў, а цяпер усе кінуліся. Дык позна, міленькія мае. Грахі вялікія. Надта заблудзіліся”.
(Спадарыня: ) “Крыху захоўваем пост. Хацелі бы лепш ведаць пра традыцыі, але няма ў каго навучыцца”.
(Спадарыня: ) “Вельмі падабаецца калядаваць, сьпяваць і ўслаўляць нараджэньне Хрыста. Ня ўсе, канечне, прытрымліваюцца гэтага, але ўсе гэтае сьвята любяць”.
(Спадарыня: ) “Вельмі хацелася бы, каб усе адзначалі гэтае сьвята. Бо гэта нашыя традыцыі, і мы павінныя іх зьберагаць”.