Дэмакратычныя прафсаюзы праігнаравалі ўльтыматум Фэдэрацыі прафсаюзаў пра новую арэндную плату прафсаюзных офісаў. Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:
(Ярашук: ) “З гэтай нагоды мы напісалі адпаведны ліст генэральнаму пракурору Шэйману, дзе мы гаворым пра прававы нігілізм і што парушаны ўсе дзейныя законы, а таксама ўказы прэзыдэнта. І зараз чакаем пазытыўнай рэакцыі. Бо гэта незаконнае павелічэньне арэнднай платы, якое, па-першае, нічым не абгрунтаванае, а па-другое, гэта было зроблена без папярэдняга паведамленьня”.
Паводле Ярашука, распараджэньне старшыні Фэдэрацыі Леаніда Козіка тычыцца памяшканьняў, якія займаюць Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Свабодны прафсаюз, Свабодны прафсаюз мэталістаў і Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў. 5 студзеня яны мусілі былі альбо зьехаць з памяшканьня, альбо плаціць за арэнду да 10 эўра за 1 квадратны мэтар плошчы. Аднак на сёньняшні дзень ніводзін прафсаюз не падпарадкаваўся такім умовам. Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:
(Быкаў: ) “Быў 1 эўра, зараз 10 эўра. Ёсьць указ прэзыдэнта Беларусі №495, дзе гаворыцца, што для грамадзкіх арганізацыяў і прафсаюзаў арэндная плата роўная 10% ад арэнды суб’ектаў гаспадараньня. Калі вось па Менску 10 эўра для фірмаў, то для прафсаюзаў 1 эўра. Галоўная мэта дзеянняў Фэдэрацыі — дэмакратычных прафсаюзаў не павінна быць. ФПБ, спадар Козік ставяць мэту, каб нас выжыць любымі сродкамі”.
Паводле прэзыдэнта Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, у наступныя дні варта чакаць абвастрэньня “арэнднага” канфлікту з Фэдэрацыяй:
(Ярашук: ) “Спадар Козік будзе рабіць усё магчымае, каб нас выселіць. У тым ліку, я не выключаю і канкрэтных фізычных дзеяньняў”.