Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖКАНТРОЛЬ АРЫШТАВАЎ У КІНЭМАТАГРАФІСТАЎ АПАРАТУРУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Некалькі чыноўнікаў з Камітэту дзяржаўнага кантролю прыйшлі ўчора ў Саюз кінэматаграфістаў і арыштавалі апаратуру для гуказапісу, а таксама асабістыя рэчы сяброў Саюзу. Арыштаваная апаратура ёсьць уласнасьцю расейскай фірмы “Кінафабрыка імя Дзьмітрыя Харытонава”, і яна знаходзілася ў Беларускім саюзе кінэматаграфістаў на адказным захаваньні.

На гэтай апаратуры рабіліся многія беларускія фільмы. Распавядае сьведка падзеяў, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) “Прыйшлі з Камітэту дзяржкантролю, арыштавалі апаратуру й вывезьлі яе. Чым яны матывавалі? Тым, што апаратура гэтая знаходзілася на адказным захаваньні, а яе трэба было, як яны кажуць правесьці праз мытню. Але справа ў тым, што яе ніхто ў Беларусь ня ўвозіў. Гэтая фабрыка купіла апаратуру тут. І ўвогуле пачалося нейкае дзікунства. Аказваецца, калі ў вас на рабоце стаяць нейкія тэпці, то іх трэба браць на балянс. Гэта цалкам паважна было сказана. Аказваецца, калі ты прынес сваю рэч, значыць яна ўмомант становіцца дзяржаўнай”.

Кантралёры таксама арыштавалі асабістыя рэчы супрацоўніц кінастудыі “Тацяна” і некалькі карцінаў мастачкі Браніславы Лобан, якія віселі ў Саюзе кінэматаграфістаў. Юры Хашчавацкі не выключае, што гэтая акцыя Камітэту дзяржкантролю была палітычна матываваная:

(Хашчавацкі: ) “Я за ўсім гэтым бачу трохі іншы падыход, а ня проста там нейкую чыноўніцкую глупоту. Я думаю, што гэта ўсё матывавана ў праватнасьці маёй прысутнасьцю на студыі. Незадаволенасьцю уладаў некаторымі іншымі сябрамі Саюзу кінэматаграфістаў. Мне здаецца, гэта зроблена, каб, груба кажучы, паспрабаваць заткнуць яшчэ два-тры рты, якія яны ў нашай краіне ня хочуць чуць”.

Цяпер расейская кінафабрыка і Беларускі саюз кінэматаграфістаў вядуць з Камітэтам дзяржкантролю перамовы і спрабуюць вярнуць арыштаваную маёмасьць. Паводле Юрыя Хашчавацкага, калі перамовы не прынясуць плёну, кінэматаграфісты будуць адстойваць свае правы праз суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG