Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТА РАСТВА ХРЫСТОВА НА БЕЛАСТОЧЧЫНЕ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

(Фіёнік: ) “У кожнай праваслаўнай хаце сядаюць за стол на калядную вячэру, абавязкова посную. Шмат людзей посьцяць да самога вечара, нічога ўвогуле ня еўшы. Захаваліся традыцыйныя стравы, якія былі спрадвеку – куцьця, кісель з аўса. У вясковых хатах (у гарадзкіх ужо амаль нідзе) захаваліся снапкі неабмалочанага, якія ставяць пад іконамі. Саламяныя павукі, якія калісьці былі асноўным сьвяточным упрыгожаньнем хаты, ужо вельмі рэдка сустракаюцца. Цяпер паўсюль ёлкі – у гарадзкіх і ў вясковых хатах”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Дарафей, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра значэньне і сымболіку каляднага павука, які шмат стагодзьдзяў замяняў звычайную цяпер ёлку”.

(Фіёнік: ) “Напачатку можна зрабіць параўнаньне паміж ёлкай і павуком. Я асабіста таксама ня супраць ёлкі – яна ўжо ўвайшла ў хаты і храмы як каляднае ўпрыгожаньне. Але агульна ёлка – гэта сымболіка захаду, а павук – усходу. Сярэдзіна павука – гэта найбольшая фігура, называецца сэрца. Ад сэрца адыходзяць меншыя фігуры, яны могуць разрастацца ад сэрца фактычна бясконцую прастору. Павук – гэта сымболіка космасу, бесканечнасьці комасу. І калі ён робіцца на сьвята Раства Хрыстова, сьвята, якое ўспамінае нараджэньне Хрыста – пачатак хрысьціянства. А хрысьціянства – гэта бясконцасьць жыцьця, Хрыстос – гэта вечнасьць. Таму павук менавіта ёсьць сымбалем бясконцага космасу”.

(Карэспандэнт: ) “У Вашай хаце-музэі, як я бачу, павук вельмі прыгожы. Гэта даволі вялікая канструкцыя, прычэпленая да столі. Скажыце, калі ласка, а з чаго ён зроблены? Выглядае, што зь нейкай добрай саломы?”

(Фіёнік: ) “Так, аснова – гэта салома. Салома, якая яшчэ перад жнівом зьбіраецца. Выбіраюцца найбольш тоўстыя, доўгія сьцяблінкі абавязкова з жыта. Яны сушацца ў цёмных месцах, каб салома была сьветла-жоўтая. А часам нават павукі бываюць і зь зялёнай саломы. Потым на спалучэньнях сьцяблінак умацоўваюць рознакаляровыя бібулкі. Кожны павук фактычна непаўторны і дае шмат магчымасьцяў да прасторавага фармаваньня”.

(Карэспандэнт: ) “На Падляшшы добра захавалася традыцыя сьпяваньня калядных песьняў. Калядкі, але яшчэ без калядаваньня, пачынаюць сьпяваць ад пачатку сьнежня, як бы рыхтуючыся да сьвятаў. А традыцыйнае калядаваньне з зоркамі цягнецца аж да Вадохрышча. Я ведаю, што вы, спадар Дарафей, добра сьпяваеце. Ці не маглі б вы прасьпяваць нашым слухачам некалькі традыцыйных бельскіх калядак?”

(Фіёнік: ) “Прыкладам, калі ў хаце ёсьць малое дзіця, якое толькі нарадзілася, то калядоўшчыкі, пасьля таго як прасьпяваюць песьню, якая славіць Хрыста, то сьпяваюць яшчэ і такую (сьпявае). А калі ў хаце жывуць маладыя, што толькі пабраліся, то сьпяваюць іншую калядку (сьпявае)”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG