Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ХОЧУЦЬ У НОВЫМ ГОДЗЕ ЗЬМЕНАЎ У СВАІМ ЖЫЦЬЦІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Большасьць апытаных, сапраўды хоча сёлета палепшыць сваё жыцьцё, і бачыць розныя спосабы як гэта зрабіць:

(Спадарыня: ) “Так, зьбіраемся. А якім чынам? Зьмяніць работу на лепшую, дзе будуць плаціць больш, чым я зараз зарабляю”.

(Хлопец: ) “Пэўна ж зьбіраюся. Хачу разьвіваць сваё духоўнае жыцьцё ды будаваць пляны на будучыню”.

(Дзяўчына: ) “Зьбіраемся палепшыць — і ў матэрыяльным, і ў пляне стасункаў са сваімі сябрамі, бацькамі, у навучаньні...”

(Карэспандэнт: ) “А якім чынам можна палепшыць сваё жыцьцё ў сёньняшніх умовах?”

(Дзяўчына: ) “Трэба гэтага вельмі захацець ды імкнуцца да сваёй мэты”.

(Яе сяброўка: ) “Мы нават учора, 1 студзеня, пайшлі працаваць на атракцыёнах. Такім чынам мы й хочам палепшыць сваё жыцьцё матэрыяльна”.

(Іншая дзяўчына: ) “Зразумела, я спрабую неяк палепшыць сваё жыцьцё. Напрыклад, некуды яшчэ пайсьці вучыцца”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, адбудуцца ў маім жыцьці нейкія перамены. Я хачу паступіць і зьбіраюся рыхтавацца да іспытаў. Я ня ведаю... Але хочацца каб мы ўсе жылі трохі лепей. Дзеля гэтага трэба паставіць нейкую мэту і намагацца яе дасягнуць”.

(Спадар: ) “Думаю, што так. Відаць буду больш працаваць. Іншага ж выйсьця няма”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што ўсе людзі зьбіраюцца палепшыць сваё жыцьцё. Гэта натуральна для разумнага чалавека — неяк дасканаліцца прафэсійна”.

(Хлопец: ) “Палепшыць жыцьцё? Будзем спрабаваць. Мы зьбіраемся пабрацца шлюбам, і будзем паляпшаць сваё жыцьцё разам”.

(Іншы хлопец: ) “Пэўна ж, хачу. Буду добра працаваць”.

(Спадарыня: ) “Хацелася б палепшыць сваё жыцьцё ў новым годзе. Гэта будзе залежыць толькі ад мяне. Мне давядзецца, відаць, шукаць яшчэ адну дадатковую работу”.

(Спадар: ) “Зьбіраемся, калі атрымаецца. Працаваць, відаць, болей. Астатняе ад мяне ня вельмі залежыць, хутчэй ад Бога”.

А гэтая жанчына магчымасьці зрабіць сваё жыцьцё лепшым ня бачыць:

(Спадарыня: ) “А дзе пэрспэктыва? Усё даражэе, інфляцыя... Усе грошы, што ёсьць у народа, яны ўсе — на кірмашы, на Камароўцы. Усё йдзе на прадукты. Мы даношваем тое, што ёсьць”.

Ёсьць і такія, хто лічыць добрым і сваё цяперашняе жыцьцё:

(Хлопец: ) “Не, не зьбіраюся. Усё выдатна пакуль, усё нармалёва”.

(Пэнсіянэрка: ) “Маё становішча і так добрае. А калі палепшыцца, дык і дзякуй Богу. А чым я дрэнна жыву? Пэнсіянэрка, атрымліваю 103 тысячы, на жыцьцё хапае. Апранутая, абутая, не галодная. Чаго больш трэба?.. У цяпле жыву, усё заслужыла ў дзяржавы. Дзякуй Богу за ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG