Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ І АБСЭ ДАМОВІЛІСЯ АБ МІСІІ ГЭТАЙ АРГАНІЗАЦЫІ Ў МЕНСКУ – ШТО ДАЛЕЙ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў, экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў, былы кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік і нямецкі палітоляг Гайнц Тымэрман.

(Карбалевіч: ) “Напярэдадні Новага году адбылася вельмі значная для замежнай палітыкі Беларусі падзея: дасягнута дамова паміж АБСЭ і афіцыйным Менскам пра фармат прысутнасьці місіі гэтай арганізацыі ў краіне. Разнагалосьсі вакол КНГ АБСЭ, выгнаньне яе зь Менску сталі галоўнай праблемаю ў дачыненьнях Беларусі й Захаду, з усімі эўрапейскімі інстытутамі, выклікалі востры крызыс у стасунках паміж імі. І вось, здаецца, крызыс пераадолены.

Першае, на што трэба зьвярнуць увагу — гэта зьмена мандата місіі. На працягу ўсяго бягучага году беларускі МЗС з ультыматыўнай формаю ставіў пытаньне пра неабходасьць зьмены мандату КНГ. Аднак АБСЭ не пагаджалася з такім патрабаваньнем. У адказ афіцыйны Менск ужыў сілавыя сродкі ды проста выгнаў замежных супрацоўнікаў місіі. І вось зараз высьветлілася, што АБСЭ пагадзіўся з патрабаваньнямі Беларусі ды пайшоў на зьмену мандата.

Зьмянілася й назва місіі. Зараз яна будзе называцца “офіс АБСЭ ў Менску”.

Акрамя таго, мандат місіі будзе ўзнаўляцца кожны год. Прадугледжана празрыстасьць бюджэту. І супрацоўнікі офісу АБСЭ ня будуць мець поўнага дыпляматычнага статусу.

Улады Беларусі ўспрынялі дамову з АБСЭ як сваю перамогу. Памочнік прэзыдэнта спадар Ляшчэня заявіў, што сам факт зьмены мандата місіі сьведчыць пра тое, што АБСЭ пагадзілася з прэтэнзіямі беларускіх уладаў да КНГ, прызнала, што з моманту адкрыцьця місіі ў 1998 годзе сытуацыя ў Беларусі зьмянілася, трэба разумець, у лепшы бок.

Зразумела, што абодва бакі канфлікту пайшлі на кампраміс. Але ці не падаецца Вам, што як і пад час канфлікту вакол “Драздоў”, зараз зноў Захад пайшоў на большыя саступкі? Чаму Захад пагадзіўся на зьмену мандата місіі?”

(Саньнікаў: ) “Вы тут слушна прыгадалі “Дразды”. І зараз адбывецца тое ж самае.

Чаму АБСЭ пайшло на саступкі? Я лічу, што гэтая міжнародная арганізацыя ня здолела прытрымлівацца сваіх жа прынцыпаў. Таму што менавіта прынцыпы АБСЭ былі стрыжнем гэтага канфлікту. А беларускія ўлады дамагаюцца таго, каб была прызнана практыка, якая супярэчыць гэтым прынцыпам. Тут, я лічу, можна шчыра казаць, арганізацыя ня здолела вырашыць складаную сытуацыю ў Беларусі.

Афіцыйныя заявы, якія рабілі і АБСЭ, і Рада Эўропы, і прадстаўнікі асобных дзяржаваў, сьведчаць тое, што сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца. І дамова пра зьмену мандата сьведчыць якраз, што АБСЭ прызнала гэтае пагаршэньне”.

(Фёдараў: ) “Тут ёсьць колькі пытаньняў, на якія я пакуль што ня маю адказу. Напрыклад, чаму спачатку паседжаньне Сталае рады АБСЭ было прызначана на пачатак студзеня, а потым тэрмінова перанесена на 30 сьнежня? Што прымусіла да гэткай тэрміновасьці?

Па-другое, мяне крыху зьдзіўляе пазыцыя прадстаўнікой асобных краінаў. Так, мы ведаем, што ЗША была заўсёды вельмі цьвёрдым крыткам сытуацыі ў Беларусі наогул, і ў адносінах да КНГ АБСЭ, у прыватнасьці. А зараз паведамляецца, што рашэньне было прынятае кансэнсусам. Гэта значыць, што прадстаўнік ЗША таксама галасаваў за яго.

Адказ на пастаўленае пытаньне я бачу толькі адзін. Магчыма, АБСЭ пайшла на пэўныя саступкі ў ня вельмі істотных, на ейны пункт гледжаньня, пытаньнях, каб захаваць сутнасьць місіі, каб яна аднавіла сваю дзейнасьць, змагла праводзіць маніторынг парушэньняў правоў чалавека. Гэта мае асаблівае значэньне ў зьвязку зь мясцовымі выбарамі”.

(Вік: ) “Яшчэ дзесяць дзён таму ў адным зь інтэрвію я казаў пра магчымасьць падобнага рашэньня, пра тое, што ў Беларусі будзе працаваць місія АБСЭ, што яна будзе назіраць за правамі чалавека. Аднак дзейнічаць яна будзе ў рамках троху іншага, скарочанага мандату. Падставаю для маіх меркаваньняў, як і для канчатковага рашэньня Сталае Рады АБСЭ зьяўлялася сытуацыя зь бюджэтам арганізацыі. Магчымыя былі толькі два варыянты: або прыняцьце бюджэту без уліку менскай місіі, або бюджэт зь місіяй паводле іншага мандата.

З майго гледзішча, новы мандат не азначае, што беларускае кіраўніцтва будзе мець большы ўплыў на дзейнасьць АБСЭ, чым гэта было пасьля сустрэчы ў Стамбуле. Эўропа будзе чакаць ад супрацоўніцтва зь беларускім урадам правядзеньня адпаведнай дэмакратызацыі ў краіне. Гэты аспэкт мусіць быць галоўным крытэрам для эўрапейскіх інстытутаў.

Існуе пэўная небясьпека, што сярод тых, хто прайграў, можа апынуцца грамадзянская супольнасьць. Але пакуль цяжка сьцьвярджаць, хто выйграў і хто прайграў. Абодва бакі — АБСЭ і Беларусь — выйгралі ў аднолькавай ступені ў выніку зьмены мандата і ў выніку таго, што місія будзе прысутнічаць у Беларусі. Але, у любым выпадку, карты ператасаваныя і ў далейшым мы ўбачым, як ўсё будзе разьвівацца і як гэта будзе падтрымана эўрапейскімі структурамі.

Калі адказваць на пытаньне, ці толькі бюджэт стаў падставаю для венскага кансэнсусу, ці не паўплывалі на ўчорашняе рашэньне агульная пазыцыя ЭЗ і Расеі у гэтым кірунку... Зразумела, абодва бакі мелі інтарэс да таго, каб захаваць місію. Што да Расеі, то яна была зацікаўленая ў тым, каб ня столькі захаваць нейкія прынцыпы АБСЭ, колькі дасягнуць кампрамісу. Увогуле, абодва бакі дамагліся таго, чаго хацелі”.

(Тымэрман: ) “У прынцыпе, тут зацікаўленыя нават ня два бакі, а тры бакі — ЭЗ, Беларусь і Расея. Калі тлумачыць пазыцыю ЭЗ і Расеі, то гэтыя бакі, зразумела, не зацікаўленыя ў ізаляцыі Беларусі, у тым, каб пазбавіцца кантролю за тым, што адбываецца на гэтай тэрыторыі. Са свайго боку, Беларусь зацікаўленая ў эканамічных дачыненьнях як з Расеяй, гэтак і Захадам, ёй патрэбныя інвэстыцыі. Карацей, тры бакі зацікаўленыя ў канструктыўным вырашэньні пытаньня. Аднак, трэба чакаць разьвіцьця, бо вядома, што Лукашэнка непрадказальны”.

(Карбалевіч: ) “Новыя супрацоўнікі офіса АБСЭ ня могуць не памятаць пра лёс сваіх папярэднікаў, якіх гэтая міжнародная арганізацыя не змагла абараніць. І гэта, магчыма, міжволі будзе прымушаць іх больш ляяльна ставіцца да беларускіх уладаў.

Такім чынам, найбольш востры крызыс у стасунках паміж Беларусьсю і АБСЭ, Беларусьсю і Захадам, здаецца, пераадолены? І ў новым годзе трэба чакаць пэўнай нармалізацыі стасункаў з заходнімі краінамі і міжнароднымі структурамі? Хутчэй за ўсё будуць адменены рашэньні краінаў Эўразьвязу і ЗША пра забарону ўезду на іхную тэрыторыю васьмі вышэйшым кіраўнікам Беларусі. Можна чакаць, што Нацыянальны сход прызнаюць і прымуць у Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ. Вы згодныя з гэтым?”

(Саньнікаў: ) “Не, я з гэтым ня згодны. Нават, калі палітыка некаторых міжнародных арганізацыяў, асобных краінаў Захаду стане больш ляяльнай да Лукашэнкі, гэта ня будзе азначаць, што крызыс пераадолены. Таму што з пункту гледжаньня тых прынцыпаў АБСЭ, якія тычацца стандартаў дэмакратыі, правоў чалавека, сытуацыя ў Беларусі вельмі складаная. І таму крызыс немагчыма пераадолець праз вонкавыя зьмены. Ён можа быць пераадолены толькі пасьля дэмакратызацыі дзяржавы, правядзеньня свабодных, дэмакратычных, празрыстых выбараў”.

(Фёдараў: ) “Я цалкам згодны са спадаром Саньнікавым. Дасягненьне згоды ў пытаньні місіі АБСЭ зусім не азначае пераадоленьня крызысу. Гэта толькі пэўная перадумова.

Хутчэй за ўсё будуць адменены візавыя абмежаваньні ЭЗ, таму што яны былі ўведзены менавіта ў зьвязку з канфліктам паміж Беларусьсю і АБСЭ.

Што тычыцца таго, што Нацыянальны сход будзе прыняты ў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, то тут пытаньне больш складанае. Бо там засядаюць парлямэнтары, у якіх, звычайна, ёсьць свой пункт гледжаньня. Хаця, канешне, шанцы на прызнаньне Нацыянальнага сходу павялічваюцца.

Беларускія афіцыйныя прадстаўнікі заявілі, што цяпер трэба размарозіць пагадненьне пра партнэрства й супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ. Але ў мяне гэта выклікае вялікія сумневы. Колькі гадоў працавала першая місія АБСЭ і нічога не перашкаджала ЭЗ рэалізаваць гэтае пагадненьне. Але нічога такога ня здарылася. Незразумела, чаму зараз ЭЗ пойдзе на гэта.

Дамова паміж Менскам і АБСЭ — гэта першая перадумова паляпшэньня стасункаў. І ня больш таго. Пакуль я ня бачу сур’ёзных падставаў для пераадоленьня крызысу”.

(Карбалевіч: ) “Хоць дамова паміж Менскам і АБСЭ дасягнутая, тым ня менш застаецца адкрытым прынцыповае пытаньне: ці магчыма нармалізацыя стасункаў Беларусі з Захадам пры захаваньні дзейнага палітычнага рэжыму ў краіне? Адказ на яго мы зможам атрымаць ужо ў наступным годзе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG