Два тыдні таму Андрэю Клімаву паводле амністыі ўжо зьменшылі на год тэрмін умоўнага зьняволеньня, і такім чынам агульны тэрмін пакараньня павінен быў скончыцца 11 лютага 2003 году. Аднак судзьдзі Кастрычніцкага суду Менску ня сталі чакаць гэтага часу і датэрмінова вызвалілі дэпутата ад пакараньня ў форме ўмоўнага зьняволеньня. Цяпер Клімаў лічыцца вольным, аднак толькі ў межах Беларусі.
(Клімаў: ) "Выяжджаць я па-ранейшаму не магу, бо на мне вісіць грашовы пазоў, а паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі ў такіх выпадках людзям забаронена пакідаць Беларусь. Суд усю запазычанасьць фірмы пераклаў асабіста на мяне. Але калі я сплачу яе – не вядома, бо сума вялікая, і такія прыбыткі ў мяне наўрад ці хутка зьявяцца. А чалавеку са звычайным заробкам пяць жыцьцяў ня хопіць, каб сплаціць гэтыя грошы".
Тры гады таму Ленінскі раённы суд Менску палічыў Андрэя Клімава вінаватым ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці і асудзіў яго да 6 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Суд таксама забараніў Клімаву займаць кіраўніцкія пасады. Да таго ж, яго абавязалі сплаціць некалькі дзясяткаў тысячаў даляраў, якія, паводле суду, ён прысвоіў падчас будоўлі прэстыжнага дома ў Менску на Лодачнай вуліцы.
З гэтым абвінавачаньнем Андрэй Клімаў таксама не пагадзіўся. Ён дагэтуль настойвае на тым, што нічога ня краў, а працаваў у межах падпісанай з Менскім гарвыканкамам дамовы, якая была скасаваная, калі дэпутат апынуўся за кратамі. Клімаў лічыць, што гэтак яму адпомсьцілі за дзейнасьць у якасьці старшыні дэпутацкай камісіі, што расьсьледавала парушэньні Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі Беларусі.
Калі летась Андрэй Клімаў выйшаў на волю, то ня стаў дамагацца адмены прысуду, заявіўшы, што пры цяперашняй уладзе гэта бессэнсоўна. Пры гэтым Клімаў не адыйшоў і ад палітыкі – ён аднавіў сваю дзейнасьць у Аб'яднанай грамадзянскай партыіі, але заставаўся ў ёй на шараговых ролях. Цяпер, калі Кастрычніцкі суд зьняў з Клімава пакараньне, ён зноў можа займаць кіраўніцкія пасады ня толькі ў бізнэсе, але і ў палітыцы.