(Казак: ) “Халадзіна. Капейкі, якія зарабляеш, усе аддаеш на паліва. Хаты ўсе халодныя. Выдзьмувае вецер усё на сьвеце! Натопіш — 25 градусаў, а ў раніцу — 8–10. А як вецер, дык зусім выдзьмувае, што з-пад коўдры ня хочацца вылазіць. Вось такое й жыцьцё”.
(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія тут жывуць, гэтую праблему ўздымаюць ці не?”
(Казак: ) “Сабярэмся ды пагаворым: у цябе халодна, ды ў мяне халодна. Дый ўсё. Што тут уздымаць? Каму ты тут пойдзеш жаліцца? Нармалёва жывецца, але дома лепей усё адно. Кожную Радаўніцу едзеш толькі каб сваіх паглядзець”.
Сям’я Валера Казака — перасяленцы з Брагінскага раёну. Пасьля выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі іх вывезьлі сюды, у вёску Перасьвятое, і пасялілі ў насьпех пабудаваныя дамкі. Хібы будаўніцтва выяўляліся паступова: то з вадою праблема, то дах цячэ, то сьцены цяпло не затрымліваюць, то яшчэ што.
З больш як сотні сем’яў у гэткіх спартанскіх умовах працягваюць жыць толькі дзесяць. Астатнія перабраліся ў блізкую Рэчыцу. Чарнобыльцы прадавалі дамы і зьяжджалі. У спадзяваньні спыніць гэты працэс, мясцовыя ўлады забаранілі гандаль жытлом. Але гэта людзей не спыніла. Насельніцтва Перасьвятога зьмяншаецца, адпаведна колькасьць закінутых хатаў павялічваецца.
Вёска — цэнтральная сядзіба калектыўнай гаспадаркі “Вытокі”. Тут вынайшлі арыгінальны мэтад барацьбы з крадзяжамі. Па прыкладу вайскоўцаў, якія ўздоўж мяжы распахваюць кантрольна-сьледавую паласу, у саўгасе аналягічным чынам акрэсьліваюць палеткі. Калі раптам хто захоча паласавацца, яго абавязкова выдадуць адбіткі абцасаў на зямлі.
Прыкладам, сьляды вядуць туды й назад — гэта сьведчыць, што злодзей пасьпеў сыйсьці, а калі толькі ў адным кірунку — чалавек знаходзіцца недзе на полі. А гэта значыць — можна наладзіць засаду.
Кантрольна-сьледавая паласа — гэта, так бы мовіць,— зьява сэзонная, бо ўзімку яе няма. А вось затрымка заробкаў — ужо сталая пазнака жыцьця.
(Спадарыня: ) “Заробак мы атрымалі ў саўгасе два разы на год. Ня тое, каб ён зусім паганы быў, проста яго не выплочваюць. Я зусім грошай не атрымлівала. Карову сваю лейкозную здалі. Узялі новую. У доўг заробку далі. Усё ніяк разьлічыцца не магу. Гэта ж такая дзяржава, што не дае заробку! Чаго яна не дае?!. Ніхто нічога нам не абяцае. Хто нам будзе абяцаць? Мо калі што й зьменіцца. Калі нашыя ўнукі будуць, дык і зьменіцца”.
Вобразна кажучы, гаспадарка “Вытокі” ўвесь час знаходзіцца ў стане падвышанай баявой гатоўнасьці. Гэта даволі моцны саўгас. Як толькі хто-небудзь з высокіх чыноўнікаў выказвае жаданьне азнаёміцца са станам народнай гаспадаркі ў Рэчыцкім рэгіёне, яго адразу вязуць сюды.
Вось і ў часе маёй вандроўкі Перасьвятое жыло чуткамі, што неўзабаве наведае гэтыя мясьціны нейкі міністар.
(Спадарыня: ) “А нейкі там зь Менску едзе...”
(Карэспандэнт: ) “А як вёска й гаспадарка рыхтуецца да прыезда міністра?”
(Спадарныя: ) “Шкрабуць, нават платы новыя ставяць. Сьпяцоўку далі, чаравікі, халат... І слава Богу, апранемся да Новага году”.
Старшыня сельскага Савету Вячаслаў Мароз абвяргае інфрамацыю пра тое, што хуткім часам ў Перасьвятое прыедзе важная афіцыйная асоба...
Тут і я мушу падвесьці некаторыя вынікі 2002 году. За гэты час нярэдка выпадала кантактаваць з прадстаўнікамі мясцовае ўлады ў розных рэгіёнах Беларусі — намесьнікамі старшыняў раённых выканкамаў, кіраўнікамі й сакратарамі камісіяў рознага кшталту, ну й, натуральна, старшынямі сельскіх Саветаў. Дык вось, пераканаць гэтых “вэртыкальнікаў” даць інтэрвію — гэта цэлая навука. Часам бывала так, што ўпрошваньні цягнуліся па часе ў два разы болей, чым уласна адказы на пытаньні. Так сталася й гэтым разам.
(Карэспандэнт: ) “Дык можна было б некалькі пытаньняў задаць?”
(Мароз: ) “А бяз гэтага ніяк нельга?”
(Карэспандэнт: ) “Не. Без прадстаўніка ўлады нельга ніяк!”
(Мароз: ) “Ня вельмі хацелася б... Гэта зойме доўгі час. Я й так спазьняюся. А што гэта ў вас за праграма такая? Апазыцыйная?”
(Карэспандэнт: ) “Панарама жыцьця. Тут нават не пра палітыку”.
(Мароз: ) “Не, мяне хвалюе, чаго наша мясьціна вас зацікавіла”.
Урэшце рэшт спадар Мароз здаўся.
(Карэспандэнт: ) “У вёсцы Перасьвятое й сельскім Савеце што ёсьць добрага?”
(Мароз: ) “Ідзе разьбіўка новых могілак. Была калектыўная заява. 30 чалавек яе падпісалі. Сваімі сіламі ўжо вядзем будаўніцтва гэтых могілак: месца выбралі, агароджу ўсталявалі. Я мяркую, што напачатку 2003 году мы гэтую працу завершым”.
Галоўны палітычны вынік 2002 году ў вёсцы Перасьвятое — гэта ўтварэньнне суполкі Беларускага Народнага Фронту. Некалькі аднадумцаў сабраліся й аформілі юрыдычна тое, што ўжо даўно існавала насамрэч. Цяпер, паводле словаў старшыні Алега Карбалевіча, будзе каму назіраць за хадою выбараў у мясцовыя Саветы. Паколькі галасаваньне ня заўтра й нават не пасьлязаўтра, на дадзены момант актывісты “спрабуюць расплюшчыць вочы тутэйшаму насельніцтву”. Першыя вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць.
(Карбалевіч: ) “Палітычныя сымпатыі жыхароў? Яны зусім ня хочуць цікавіцца палітыкаю. Гэта зьвязанае зь цяжкасьцямі жыцьця. Людзі жывуць сёньняшнім днём. Пляны на будучыню яны не будуюць. Суполка ў нас зарэгістраваная. Намагаюся, каб людзі задумаліся, ад чаго ўсе гэтыя няшчасьці на нашую зямлю? У чым прычына? Людзі пачалі неяк задумвацца, пачалі больш не любіць улады”.
Яшчэ адзін палітычны вынік 2002 году — гэта зьмена пазыцыў і далейшыя намеры настаўніка працы Аляксея Дуброўскага. На выбарах прэзыдэнта гэты спадар быў у складзе падліковай камісіі й сваімі дзеяньнямі забясьпечыў Аляксандру Лукашэнку “лёгкую і элегантную” перамогу. Цяпер ён вырашыў балятавацца ў дэпутаты сельскага Савету. Перадвыбарчую кампанію будзе праводзіць пры дапамозе мясцовай апазыцыі, зь якой спадар Дуброўскі наладзіў добрыя стасункі.
(Карэспандэнт: ) “Чаму Вы выказалі такое жаданьне вылучыць кандудатуру на выбарах у мясцовыя Саветы?"
(Дуброўскі: ) “Таму што трэба наводзіць парадак. Адразу — гэта занятасьць моладзі. Бо ёй зараз падзецца няма куды. Чым заняцца? Толькі дзесьці выпіць, папаліць, пагуляць... Можна зрабіць тут сэкцыі й гурткі. Хтосьці хоча займацца мастацтвам, музыкай, іншымі відамі спорта. Сёньня моладзь трэба чымсьці заняць. Каб яна ня блыталася без надзору”.
Свае задумы Аляксей Дуброўскі спрабаваў зьдзейсьніць у межах школы. Не атрымалася. Цяпер буде рабіць гэта на ўзроўні сельскага Савету.
Нават у сьвяточныя дні паўсядзённыя праблемы жыхароў вёскі Перасьвятое не адступаюць на другі плян. Мабыць таму пра свае асабістыя вынікі ў 2002 годзе яны гавораць зь невялікай ахвотаю. Яшчэ меней ідэяў у адказе на пытаньне пра сьвяточныя падарункі.
(Карэспандэнт: ) “Якія для вас вынікі 2002 году?”
(Казак: ) “Хлопца зь дзеўкай аднаго ажанілі, другую замуж аддалі. І ўсё. Ну якія тут пляны? Хаця б дзень пражыць. Так. Жывеш адным днём”.
(Карэспандэнт: ) “Што звычайна ў вяскоўцаў бывае на сьвяточным стале?”
(Казак: ) “Усё бывае. Няма бульбы — будуць макароны. Яшчэ ж з голаду не паміраем!”
(Карэспандэнт: ) “Якія падарункі хацелася б атрымаць на Новы год?”
(Казак: ) “Ніякога ня хочацца”.
(Карэспандэнт: ) “А жонцы што падорыце?”
(Казак: ) “Кабана выцягну, зарэжу ды хай каўбасы робіць”.
(Ніна: ) “Я хацела, каб хоць аднаму з сыноў далі ў саўгасе якую-небудзь разьбітую хату. Можа за год ці за два адбудавалі, да было б дзе жыць”.
(Карэспандэнт: ) “А які, вы думаеце, атрымаеце падарунак?”
(Ніна: ) “Мужык чакалядку купіць: бо ён заробак першым атрымае”.
(Мароз: ) “Я чалавек такі, што падораць, таму й буду рады. Хай гэта будзе сюпрызам”.
(Карэспандэнт: ) “Пляны на 2003 год?”
(Карбалевіч: ) “Знайсьці добрую працу”.
(Карэспандэнт: ) “Які падарунак хочаце атрымаць на Новы год?”
(Карбалевіч: ) “Добрую парфуму, пальчаткі”.
(Карэспандэнт: ) “А жонцы што падорыце?”
(Карбалевіч: ) “Вось гэта пытаньне! Нават і ня ведаю. А былі б грошы, што-небудзь прыдумалі б”.
(Дуброўскі: ) “Для сябе нічога ня трэба. Для школы трохі б інструмэнтаў. А то цяпер усё старое: станкі 1963 году”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі рэальна, што гэта спраўдзіцца?”
(Дуброўскі: ) “Ды зараз гэта нават не рэальна”.
І толькі адна жыхарка Перасьвятога пажадала атрымаць на Новы год і Каляды матэрыяльны, але, так бы мовіць, непрактычны парадунак. Тацяна Беразюк, як і ейныя аднавяскоўцы, працуе ў саўгасе, як і яны — доўга не атрымлівае заробкі, як і астатнія — есьці няякасны хлеб. Але, што да падарунка, ейная мара — ня тычыцца вырашэньня надзённых праблемаў.
(Беразюк: ) “Добрую кнігу зь беларускай літаратуры. Каб сапраўды чыталася. Я бы хацела клясыку — Якуб Колас, Янка Купала. Цяпер жа ў нас паэтаў шмат. Вось які-небудзь збор твораў беларускіх паэтаў я хацела б. Не якую-небудзь лухту, а каб, сапраўды, там было і пра каханьне, і пра прыроду — пра жыцьцё”.