Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У НОВЫМ ГОДЗЕ ТРЭБА РЫХТАВАЦЦА ДА НОВЫХ РЭФЭРЭНДУМАЎ...”


Валянцін Жданко, Менск

Для сёньняшняй, апошняй у 2002 годзе праграмы, я адабраў лісты тых нашых слухачоў, якія хто некалькі гадоў, а хто й не адно дзесяцігодзьдзе амаль штодня знаходзяць час для Беларускай Свабоды. Гэта ня толькі ўважлівыя й пільныя слухачы, але яшчэ і актыўныя аўтары й дарадчыкі. Да іхных парадаў і прапановаў мы часта прыслухоўваемся, іхныя допісы ня раз гучалі ў нашых праграмах. Нямала лістоў ад іх мы атрымалі і ў гэтыя пераднавагоднія дні.

Мікола Саскевіч з Калінкавічаў, дасылаючы калядныя віншаваньні журналістам беларускай Свабоды, асобна ўзгадаў пра амэрыканскіх салдат, якія сустракаюць сьвяты далёка ад радзімы. Мікола Саскевіч піша, што схіляе галаву перад самаахвярнасьцю й мужнасьцю гэтых людзей, якія вядуць барацьбу зь небясьпечным і хцівым ворагам усяго чалавецтва — міжнародным тэрарызмам.

Віншуе нас з Калядамі і Андрэй Паско зь Берасьця. Ён піша:

“Як і раней, слухаю Беларускую Свабоду штодня. Хацеў папрасіць Вас перад Калядамі, каб даслалі сваіх каляндарыкаў з новым раскладам, але вы мяне апярэдзілі, за што я шчыра ўдзячны. Будзе чым павіншаваць сяброў і блізкіх.

Праўдзівых беларускіх навінаў сёньня не пачуеш нідзе, апроч вашага радыё, якое дакладна асьвятляе падзеі ў Беларусі і ў сьвеце”.

Мікалай Лясовіч зь Менску зьвярнуў увагу на маю спрэчку з Эмануілам Юраем са Смалявічаў, які ў сваім лісьце непрыхільна й нават, на маю думку, абразьліва выказаўся пра расейскамоўных беларусаў. Мікалай Лясовіч з гэтай нагоды піша:

“Праціўнікі дыктатуры ставяць перад сабой розныя мэты — адраджэньне Беларушчыны, незалежнасьць, дэмакратыю, рынкавую эканоміку, верацярпімасьць... Але, думаю, большасьць зь іх аб’ядноўвае барацьба дабра са злом, змаганьне за свабоду, сумленьне. Васіль Быкаў у эпілогу сваёй аўтабіяграфіі на Радыё Свабода сказаў, што свабода — гэта ўласьцівасьць ня толькі людзей, але й жывёлін. А дыктатура адной ці некалькіх асобаў ёсьць абмежаваньнем ці пазбаўленьнем свабоды астатніх грамадзянаў краіны. І гэта ёсьць амаральным, як амаральна паводзяць сябе і тыя, хто дыктатуру падтрымліваюць.

Думаю, гэта датычыць і тых, хто выказвае нянавісьць да расейскамоўных, і ўвогуле — да расейцаў і Расеі. Менавіта такая палітыка Зянона Пазьняка прывяла да ўлады Лукашэнку, адштурхнула многіх ад БНФ, прычыніла вялізную шкоду Беларусі і Адраджэньню. А спачатку ж Народны Фронт падтрымлівала вельмі шмат людзей.

Увогуле, мяркую, што большасьць тых, хто змагаецца супраць дыктатуры, паступаюць так згодна са сваім сумленьнем”,— мяркуе Мікалай Лясовіч зь Менску.

Ня думаю, спадар Лясовіч, што вашае сьцьвярджэньне пра ролю Зянона Пазьняка ў прыходзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі зусім слушнае. У ’93-’94-м гадох, калі вырашалася будучыня Беларусі як прэзыдэнцкай рэспублікі, на палітычныя працэсы ў краіне ўплывала шмат сілаў і асобаў. Ні БНФ, ні Зянон Пазьняк не аказвалі на тыя працэсы вырашальнага ўплыву — ужо хоць бы з тае прычыны, што ніколі ня мелі ў сваіх руках рэальнай улады.

Пэнсіянэр Віктар Баранаў з Рагачова разважае пра тое, што чакае Беларусь у блізкай будучыні. Ён піша:

“Наперадзе ў нас, гэта ўжо відавочна — два рэфэрэндумы: адзін за саюз, другі — за трэці тэрмін для Лукашэнкі. Цікава, чым цяпер возьме Лукашэнка — падкіне па некалькі тысячаў ці палічыць галасы так, як яму захочацца? А хутчэй за ўсё, зробіць, як і раней — прыменіць адначасова і адзін спосаб, і другі”, — лічыць Віктар Баранаў з Рагачова.

Сёньня, спадар Баранаў, вельмі шмат гавораць і пішуць пра рэфэрэндумы як пра найбольш магчымы спосаб, з дапамогай якога Аляксандар Лукашэнка захоча застацца пры ўладзе пасьля 12 гадоў кіраваньня. Сапраўды, мэханізм гэты ім ужо ня раз апрабаваны і правераны. Ёсьць, аднак, некалькі істотных фактараў, якія робяць гэтую зброю не такой ужо бяспройгрышнай, як таго ўладзе хацелася б. Па-першае, новы перагляд Канстытуцыі шляхам рэфэрэндуму, хутчэй за ўсё, ня будзе прызнаны на Захадзе — а гэта значыць, міжнародная ізаляцыя Беларусі яшчэ больш паглыбіцца. Па-другое, імкліва мяняюцца настроі ўнутры самой Беларусі. Калі здарыцца плебісцыт у 2003 ці 2004 годзе, на выбарчыя ўчасткі прыйдуць ужо ня толькі тыя людзі, якія галасавалі за лукашэнкавую канстытуцыю шэсьць год таму.

У Алеся Марціновіча з Баранавічаў уласны пункт гледжаньня на праблему зьмены ўлады ў Беларусі. Слухач адклікнуўся на абмеркаваньне ў нашым эфіры некаторых заяваў былога беларускага амбасадара ў Японіі Пятра Краўчанкі. Дыскусію на гэтую тэму на хвалях беларускай Свабоды вялі Юры Хадыка і Андрэй Саньнікаў. Алесь Марціновіч піша:

“Я згодзен: магчыма, зорка Лукашэнкі блізіцца да захаду і можа здарыцца, што ён не прасядзіць і двух гадоў. Хто яго здольны адхіліць ад улады? Ды нацыянал-камуністы з намэнклятуры — тузануць з-пад яго ўладу, як дыван з-пад глінянага ідала — і ўсё.

Але што потым? Баюся — супрацьстаяньне паміж нацыянал-дэмакратамі, якія не адмовіліся ад эўрарамантызму, і — прагматыкамі з нацыянал-камуністаў.

... Самае важнае — загадзя, ужо цяпер сесьці за стол тым жа Хадыку й Краўчанку і дамовіцца пра сумесныя дзеяньні і адзінага кандыдата на прэзыдэнта. Дамовіцца без ружовых акуляраў і фантазіяў пра прагматыка эпохі постлукашэнкаўскага капіталізму і рынку”,— напісаў Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Наўрад ці такія перамовы сёньня актуальныя і своечасовыя, спадар Марціновіч. Тым больш, што й Пётар Краўчанка пасьля сваіх экстравагантных такійскіх паводзінаў і нечаканых заяваў, вярнуўшыся зь Японіі, прыціх і, падобна, не зьбіраецца ў блізкай будучыні рабіць абяцаных сэнсацыйных выкрыцьцяў.

Георгі Белаконь з Калінкавічаў піша пра тое, што хвалюе некалькі мільёнаў беларускіх пэнсіянэраў. Цытую ягоны ліст:

“Улады праз свае сродкі інфармацыі — найперш тэлебачаньне — ня кажуць усёй праўды. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пэнсіі падвышалі ў кастрычніку 2001 году, а потым — у кастрычніку 2002-га. Атрымліваецца — раз на год. За гэты год мая пэнсія вырасла на 12,7%. А інфляцыя за гэты ж час склала ня менш за 24%. Дык пра што тут трэба казаць — пра падвышэньне пэнсіі ці пра яе дэвальвацыю?

Пасьля апошняга гэтак званага падвышэньня дзяржаўнае тэлебачаньне пачало трубіць, што пэнсіі за год падвышалі нібыта чатыры разы. Цікава, як яны лічылі? Напэўна, так: адзін раз пэнсіі павялічылі вайскоўцам, адзін раз — мінімальныя пэнсіі, адзін раз — іншым катэгорыям і адзін раз — усім астатнім. У выніку, здаецца, і ня схлусілі, але й праўды не сказалі. Знаёмы прыём прымітыўнай прапаганды: пра нешта змаўчаць, а іншае другараднае — паказаць як галоўнае. Гэта як гэтак званыя фільмы Азаронка, у якога галоўны прыём — паказ лідэра апазыцыі на тле старой нямецкай хронікі з маршам эсэсаўцаў. Разьлік на тое, што ўсё гэта глядзяць недасьведчаныя і недалёкія людзі”,— напісаў Георгі Белаконь з Калінкавічаў.

Назіраньні, спадар Белаконь, зусім слушныя. Адно што не зусім пагаджуся з вамі наконт недасьведчаных пэнсіянэраў. Гэта прыём з апазыцыянэрамі на тле фашыстаў спрацоўвае на легкаверных ды наіўных. А вось у рэальных памерах пэнсіі беларускія старыя, якія штодня вымушаныя ашчаджаць на самым неабходным, добра разьбіраюцца. І тут любая хлусьня ці недасказанасьць успрымаюцца зусім па-іншаму.

На заканчэньне — ліст ад настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну. Ён піша:

“У складзе ўжо ўтвораных выбарчых камісіяў кот наплакаў прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і рухаў. А Кансультатыўна-Назіральную групу АБСЭ, як вядома, зь Беларусі вытурылі загадзя. Такім чынам, зноў, як і на папярэдніх (прэзыдэнцкіх) выбарах 2001 году створаныя ідэальныя ўмовы для бескантрольнай маніпуляцыі вынікамі выбараў.

А ў грамадзтве, на жаль, шмат прыстасаванцаў, халуёў, манкуртаў, запраданцаў ды ім падобных, якія сьвядома ці міжволі дапамогуць уладзе выкарыстаць гэтак званы “адміністратыўны рэсурс”. І ўлада, як і раней, зноў будзе сьвяткаваць сваю чарговую, так бы мовіць, “элегантную” перамогу. Усё прадвызначана”,— робіць выснову настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.

Так, спадар Ляскоўскі, прыкметаў таго, што ўсё паўторыцца паводле старых сцэнароў ды схэмаў, нямала. Але мушу паўтарыць тое, што адказваў ужо Віктару Баранаву з Рагачова: мяняюцца самі людзі, іхныя сымпатыі ды настроі. І мяняецца сьвет вакол Беларусі. У такіх умовах старыя схэмы могуць прынесьці зусім ня той эфэкт, на які звыкла разьлічвае ўлада.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Васіль Касьцюк зь Пінску, Ніна Ярмалінская з Салігорску, Аксана Новікава, Уладзіслаў Жыгалка, Ільля Копыл і Віктар Бута зь Менску, Міхаіл Шавель зь вёскі Навінкі Менскага раёну, Алесь Бельскі зь Бялынічаў, Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Гомельскай вобласьці і Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну.

Шчырыя калядныя віншаваньні й найлепшыя пажаданьні ў новым годзе ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду, хто нас слухае і дапамагае сваімі заўвагамі, парадамі й прапановамі. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG