Яшчэ на пачатку тыдня рабочыя кансэрвавага заводу ў Пiнску папярэдзiлi адмiнiстрацыю пра спыненьне працы ў сувязi зь нявыплатай заробку. Тады дырэктар прадпрыемства здолеў прадухiлiць страйк, паабяцаўшы да 27 сьнежня знайсьцi грошы i разьлiчыцца з рабочымi. Але сёньня ранiцай высьветлiлася, што абяцаньнi ня выкананыя, i таму на заводзе распачаўся страйк. Вось што паведамiлi ў прыёмнай заводу:
(Сакратарка: ) "Зараз пакуль пратэстуюць трохi, але чакаюць вынiкаў – дырэктар зараз у выканкаме. Пакуль вынiкаў нiякiх, таму рабочыя сядзяць, абвесьцiлi страйк".
(Карэспандэнт: ) "А колькi ў вас чалавек працуе?"
(Сакратарка: ) "Каля двухсот".
(Карэспандэнт: ) "Колькi iм ня плацяць, за якi тэрмiн?"
(Сакратарка: ) "За лiпень нейкiя грошы некаторым заплацiлi. Але ня ўсiм. I вось зь лiпеня нам ня плацяць".
Агульная запазычанасьць па заробках на кансэрвавым заводзе складае зараз каля 80 мiльёнаў рублёў. Разам з тым рабочыя сьцьвярджаюць, што кiраўнiцтва прадпрыемства частку свайго заробку атрымлiвае таварамi, што абмененыя па бартэру. У той жа час самiм рабочым прапануюць за кошт заробленых грошай набываць толькi прадукцыю ўласнай вытворчасьцi. Апроч таго, былы дырэктар пры звальненьнi цалкам атрымаў разьлiк наяўнымi грашыма.
Дарэчы, новы кiраўнiк заводу распачаў сваю дзейнасьць з вывучэньня пытаньня пра магчымасьць банкруцтва прадпрыемства, бо агульная запазычанасьць кансэрвавага заводу наблiжаецца да аднаго мiльярду рублёў. Адначасова плянуецца прадаць дзяржаўны пакет акцыяў заводу пакуль невядомаму расейскаму iнвэстару.
У другой палове дня на прадпрыемстве было абвешчана, што Пiнскi райвыканкам выдаткаваў 55 мiльёнаў рублёў крэдыту, каб часткова лiквiдаваць на заводзе запазычанасьць па заробках. У сваю чаргу, рабочыя гавораць, што пачнуць працаваць тады, калi ўрэшце атрымаюць "жывыя" грошы.