780 чалавек з афганскай вайны былі прывезеныя ў цынкавых трунах у Беларусь. Асноўныя страты былі ўжо ў першыя дні, калі з мэтаю захопу палаца Аміна ў Кабуле былі дэсантаваныя непадрыхтаваныя да супраціву шэрагоўцы Віцебскай дывізыі паветрана-дэсантных войскаў.
“Афганскі сындром” у пасьлясавецкіх краінах параўноўваюць зь “віетнамскім сындромам” у ЗША. Сярод вэтэранаў абедзьвюх кравапралітных войнаў — вялізная колькасьць псыхічна хворых, шмат хто заўчасна і дабрахвотна сыходзіць з жыцьця.
Але чым далей ад тых падзеяў, тым больш паўстае новых пытаньняў. Мастак Алесь Пушкін быў накіраваны ў Афганістан напачатку 80-х і з тае пары стаўленьня да савецкай агрэсіі не хаваў. Зараз, на ягоную думку, на дзяржаўным узроўні распачаўся новы этап падмены маральнасьці.
(Пушкін: ) “Людзі, якія прыйшлі з той вайны, паступова займаюць месца састарэлых вэтэранаў другой усясьветнай. На гэта сьведчыць накатаная машына дзяржаўных сьвятаў, дзяржаўных віншаваньняў. У прэзыдыюмах побач з увешанымі ардэнамі лётчыкамі, мэдсёстрамі ваенных часоў усё больш маладых людзей. Старых менее, таму усё шчыльней адзін да аднаго прыціскаюцца вусатыя дзядзькі. Шмат хто зь іх пазаймаў высокія пасады: тыя ж Чаргінец, Шэйман, Гаварушкін.
Грамадзтва вырасла з двух–трох пасьляваенных пакаленьняў, якія прызвычаіліся бачыць якіхсьці вэтэранаў. Але ніхто не задае пытаньне: чаму людзі, якія прайшлі захопніцкую вайну і абаранялі не сваю Радзіму — былі акупантамі, замяшчаюць старых вэтэранаў вайны? Тых, якія ўрэшце рэшт абаранялі сваю зямлю. А гэтыя, наадварот, учынілі навалу на чужую тэрыторыю”.
Пасьля 1989 году, калі савецкія войскі пакінулі Афганістан, шмат хто паспрабаваў скарыстацца з новай сытуацыі. “Афганскія” ільготы атрымалі людзі, якія ніколі не былі на той вайне. Пад “афганцаў” стварылі мноства фірмаў, якія паводле паправак ў заканадаўстве, цягам пяці год былі вызваленыя ад аплаты падаткаў. Свае інтарэсы прасоўваюць шматлікія “афганскія” асацыяцыі ды фонды. Саюз вэтэранаў вайны ў Афганістане увогуле стаў падобным да палітычнага руху, а ягонае кіраўніцтва няспынна выказвае палітычную падтрымку цяперашняй уладзе.
Між тым, людзі, якія рэальна пацярпелі ў той вайне, і праз 13 год пасьля яе заканчэньня ня могуць уладкавацца на працу, ня маюць кваліфікаванай мэдычнай дапамогі. І бальшыня зь іх адчувае найбольшую крыўду ад таго, што “інтэрнацыянальная дапамога” аказалася безсэнсоўнай.
Афганец з паходжаньня Абдул Карым гэтаксама перакананы, што ніякае міжнароднае ўмяшаньне ня здолее вырашыць шматвекавыя супярэчнасьці ў афганскім грамадзтве.
(Абдул Карым: ) “Любы агрэсар пацерпіць паразу, як гэта ўжо было ня раз. Вось мяркуйце... Пераважная маса Паўночнага Альянсу — як казалі за савецкім часам: “душманы”, а па-нашаму: “маджахеды”,— падрыхтаваная ў Пакістане і Савудаўскай Арабіі. Яны накіроўваліся супраць урадаў Бабрака Кармаля і Наджыбулы, а насамрэч змагаліся з савецкай агрэсіяй. Калі Саветы пацярпелі поўную паразу, варожасьць працягвалася на іншым узроўні. На арэне зьявіліся талібы. Талібы — такія ж самыя людзі, якія навучаліся ў Пакістане і Савудаўскай Арабіі. Іх таксама навучалі вайскоўвыя адмыслоўцы з многіх краінаў сьвету. Але ні Паўночны Альянс, ні талібы падтрымкі ад нашага народу ня маюць, бо уся іхная дзейнасьць пад прыкрыцьцём змаганьня з агрэсарамі вялася і вядзеццца супраць нашага народу”.
У Беларусі каля трох тысячаў вэтэранаў афганскай вайны. Хтосьці на датычнасьці да гэтага зрабіў палітычную кар’еру, хтосьці зарабіў нямала грошай, але бальшыня ня хоча ўзгадваць пра тыя падзеі наагул.