Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЗЬ НЯДБАЙНАСЬЦЬ БУДАЎНІКОЎ ПАГАРЭЎ НЯСЬВІСКІ ЗАМАК РАДЗІВІЛАЎ


Валер Каліноўскі, Нясьвіж

Пах дыму ад пажару адчуваўся за некалькі кілямэтраў ад самога замку – ва ўсім Нясьвіжы. Полымя таксама было бачнае здалёк, яно шугала над цэнтральнай часткай замку так, што, здавалася, стыхія не пакіне ніякіх шанцаў на выжываньне пэрліне беларускай архітэктуры. Менавіта на верхніх паверхах цэнтральнай часткі замка і пачаўся пажар, яна ж і найбольш пацярпела. Згарэла каля 600 квадратных мэтраў даху, гарышчаў і 300 мэтраў перакрыцьцяў верхніх паверхаў замку на прасторы ад галоўнага фасаду палаца да гадзіннікавай вежы. Вежа і сьцены выстаялі, але і ніжнія паверхі залітыя вадою, якая ўжо пераўтварылася ў лёд і ўяўляе небясьпеку для каштоўных паркетаў палацу. Знакамітую карціну, што разьмешчаная на столі над параднай лесьвічнай пляцоўкай, і ўнікальную спружынную падлогу ў танцавальнай залі ад агню пажарнікам удалося адстаяць, але яны пашкоджаныя вадою.

На пажар прыехалі дзясяткі брыгад МНС зь Нясвіжа і ўсіх блізкіх райцэнтраў. Пажарнікі праклалі адмысловы вадаправод са шлангаў з найбліжэйшай сажалкі ў знакамітым нясьвіскім парку. Тушэньнем пажару кіраваў намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў Беларусі Барыс Барэнгольц. Першыя пажарнікі прыбылі пасьля сёмай вечара, і толькі да паловы другой ночы пажар удалося канчаткова лякалізаваць, хаця праліўка пашкоджанай часткі палацу працягвалася да раніцы. Ад марозу у шлангах замярзала вада, гэта ўскладняла тушэньне пажару.

Гаворыць начальнік Менскай абласной управы МНС Анатоль Уласевіч:

(Уласевіч: ) “Увогуле пажар складаны, бо будынак стары, з пустотамі, агонь можа распаўсюджвацца па іх у розных кірунках, таму, як вы напэўна бачылі, тушым у адным месцы – агонь зьяўляецца ў іншым празь перакрыцці па пустотах, даводзіцца яго перахопліваць”.

Анатоль Уласевіч кажа, што прыбылі адмысловыя спэцыялісты, каб вызначыць прычыны пажару і ўрон ад яго, але ён асабіста бачыць вінаватымі ў ім будаўнікоў, што праводзілі тут антыаварыйныя і рэстаўрацыйныя работы:

(Уласевіч: ) “Пажар пачаўся празь нядбайнасьць будаўнікоў, гэта пакуль вэрсія, вядзецца крымінальная справа і ёсць прыкметы таго, што тут рабілі адагрэў трубаў паяльнай лямпай. З-за таго, што людзі ня думаюць пра наступствы. А наступствы бачыце якія”.

Будаўнікі грэлі такім чынам замерзлыя трубы яшчэ днём, некалькі гадзінаў месца загараньня тлела, але ніхто не заўважыў гэтага, пакуль не зьявілася полымя. Антыпажарнае абсталяваньне тут ня дзейнічае або адключанае ў сувязі з рэстаўрацыяй замку.

З болем назіраў за пажарам дырэктар гісторыка-культурнага запаведніку “Нясьвіж” Валер Сталярчук і ягоныя супрацоўнікі. Праз 5 гадоў у замку, які доўгі час выкарыстоўваўся як санаторый, павінен адкрыцца нацыянальны культурна-асьветніцкі цэнтар. Пажар ня спыніць гэтых працаў – кажа спадар Сталярчук:

(Сталярчук: ) “Дзякуй Богу, абышлося, хаця страты безумоўна ёсьць, але яны не такія вялікія, хаця, безумоўна, гэта бяда, гэта трагедыя. Але ўсякае адбываецца, спыніць работы гэта ня здолее. Проста яны можа крыху пераарыентуюцца і дабавіцца больш работ першачарговых, антыаварыйных, бо трэба будзе працаваць для ліквідацыі наступстваў пажару”.

Спадар Сталярчук адзначыў, што на наступны год урад выдзяліў дастатковыя сродкі на працяг рэканструкцыі замку.

Мастацкія вартасьці тут не пацярпелі – кажа спадар Сталярчук:

(Сталярчук: ) “Мастацкія вартасьці тут не загінулі, бо замак быў разрабаваны і ў 16-м стагодзьдзі, у 1812 годзе, у 1939 годзе, у 1940, у 1945 годзе і г.д. І тут акрамя некалькіх пакояў – апачывальні князя, княгіні, сталовай залі, гэтай карціны на трэцім паверсе нічога такога не засталося”.

Спадар Сталярчук абвяргае размовы пра тое, што Нясьвіскі замак стане афіцыйнай рэзыдэнцыяй А.Лукашэнкі, тут будзе турыстычны цэнтр. Калі ўдасца далей зьберагчы гэтыя сьцены ад нядбайных адносінаў. Цяпер трэба будаваць падпоркі, каб перакрыцьці і сьцены не абрушыліся, і тэрмінова ўцяпляць памяшканьні, каб не замарозілася канчаткова сыстэма ацяпленьня.

Цяпер у Нясьвіжы працуе камісія МНС, МУС і Пракуратуры, вінаватыя ў падпале работнікі затрыманыя.

Намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў Беларусі Барыс Барэнгольц паведаміў, што ім будуць выстаўленыя пазовы аб вяртаньні стратаў, але самі страты пакуль што не ацэненыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG