Даведаўшыся пра спыненьне кацельні тутэйшае птушкафабрыкі, якая ацяпляе іхны мікрараён, жыхары вуліцы Гагарына ў Гарадку наважыліся скарыстаць апошні сродак – скласьці калектыўны ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Не чакаючы наступнага працоўнага дня і болей не спадзеючыся вырашыць сваю праблему на мясцовым узроўні…
З прычыны таго, што птушкафабрыка ня ў стане закупіць мазуту на ацяпленьне гэтага мікрараёну, які ў Гарадку завуць “БАМам”, мясцовыя жыхары мерзнуць ужо другую зіму. Стратнае прадпрыемства ахвотна пазбавілася б ад абавязку ацяпляць мікрараён, што знаходзіцца амаль за 2 кілямэтры ад яго, аднак раённае кіраўніцтва не дае дазволу на перападключэньне “БАМу” да гарадзкое кацельні. І ўжо другую зіму людзі сьпяць апранутымі, ацяпляючы сваё жытло з дапамогаю газавых плітаў ды электрычнасьці.
(Спадарыня: ) “Цэлыя суткі гарыць печка электрычная, або духоўка! Мы ўсе сьпім на кухні… А калі замыканьне аднойчы здарыцца? Калі здарыцца пажар?”
Не дачакаўшыся адказу на гэтыя пытаньні ад раённых уладаў, жыхары раёну зьвярталіся й да ўладаў абласных. У афіцыйным лісьце з аблсельгаспроду ім паведамілі, што “пытаньне трымаюць на кантролі”, ды загадалі птушкафабрыцы больш рэгулярна набываць мазут… Грошы на яго скончыліся якраз перад Калядамі, і ўвечары 24-га сьнежня ў Гарадок прыйшла апошняя машына з палівам. На думку мясцовых жыхароў, яно было добра разбаўленае вадой і таму зусім не гарэла.
(Другая спадарыня: ) “Я заплаціла 28 тысячаў за ацяпленьне. За што я плачу, калі ў маёй кватэры 7 градусаў?”
Пытаньне пра аплату цеплазабесьпячэньня найбольш востра паўстала 25 сьнежня, пасьля самай халоднай каляднае начы. Таму ў адпраўленым сёньня лісьце да Лукашэнкі жыхары 13-ці шматпавярховікаў на вуліцы Гагарына катэгарычна адмовіліся плаціць за ацяпленьне, пакуль іхныя кватэры ды блізкі дзіцячы садок ня будуць ацяпляцца належным чынам.