Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАД БАРАНАВІЧАМІ ЗАПРАЦАВАЛА РАДЫЁЛЯКАЦЫЙНАЯ СТАНЦЫЯ РАСЕЙСКІХ КАСЬМІЧНЫХ ВОЙСКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі стрымана ставіцца да адкрыцьця пад Баранавічамі радыёлякацыйнай станцыі расейскіх касьмічных войскаў. Павал Казлоўскі лічыць, што з увядзеньнем гэтай станцыі істотна мяняецца роля Беларусі ў вайсковай сыстэме Эўропы, але што да бясьпекі непасрэдна Беларусі, то Павал Казлоўскі ня лічыць, што яна павялічылася.

(Казлоўскі: ) “Магчыма згадаць вайну ў Пэрсідзкай затоцы, іншыя войны. Першыя ўдары наносяцца па аб’ектах выведкі, па радыёлякацыйных станцыях і гэтак далей. А гэта якраз адна з такіх станцыяў, але з большымі магчымасьцямі, чым вайсковыя РЛС. Таму, ня дай Бог, пачнецца вайсковы канфлікт паміж Расеяй і НАТО, мы гэтага безумоўна ня хочам, але трэба ўлічваць, што станцыя пад Баранавічамі апынецца ў ліку аб’ектаў, якія трапяць пад першы ўдар. Які? Горш, калі ядзерны ці авіяцыйны, ці ракетамі дакладнага пападаньня. Але ў любым выпадку, удар будзе нанесены. Таму, безумоўна, пагроза Беларусі ёсьць. Нават калі Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у такім канфлікце, ніхто ня будзе глядзець на гэтую пазыцыю, і ўдар абавязкова нанясуць”.

Павал Казлоўскі нагадаў, што падобныя станцыі з савецкага часу будаваліся ў Латвіі, ва Ўкраіне, на Каўказе і пад Краснаярскам у Расеі. Зь іх мелася зрабіць своесаблівы пояс абароны цэнтру Расеі супраць стратэгічных ракетаў НАТО. З распадам СССР гэтыя пляны былі адсунутыя. Станцыя ў латвійскім горадзе Скрундзе тры гады таму была зьнішчаная, станцыі пад Львовам і на Каўказе гэтак і не дабудавалі, і толькі Беларусь пагадзілася даць магчымасьць касьмічным войскам Расеі дабудаваць станцыю і арандаваць яе для сваіх патрэбаў.

Гэткае пагадненьне ўзьнікла пасьля заключэньня адпаведных абаронных дамоваў у межах саюзу Беларусі й Расеі. Між тым, Павал Казлоўскі згадаў час, калі лёс станцыі пад Баранавічамі мог вырашыцца інакш. Паводле яго, у першай палове 1990-х гадоў найбольш выразна загучалі галасы на карысьць адмовы ад далейшага будаваньня станцыі зь меркаваньняў будучага нэўтралітэту Беларусі.

Павал Казлоўскі адзначае, што з таго часу вэктар замежнай палітыкі краіны павярнуў на ўсход, аднак і ў Канстытуцыі 1996 году застаўся артыкул, паводле якога Беларусь імкнецца набыць гэты статус. “Цяпер, пры наяўнасьці радыёлякацыйных станцыяў пад Баранавічамі, нам ніхто не паверыць, што мы ўсур’ёз плянуем быць нэўтральнымі”, — заўважае Павал Казлоўскі.

Камэнтуючы ўвядзеньне станцыі касьмічных войскаў Расеі пад Баранавічамі, лідэр БСДП Мікалай Статкевіч нагадаў пра дэпутацкую камісію Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, якая адмыслова вывучала праблему шкоднага ўзьдзеяньня гэтага аб’екту на здароўе грамадзянаў Беларусі. Дэпутаты палічылі магчымым увядзеньне станцыі, але былы дактарант Вайсковай акадэміі Мікалай Статкевіч ня лічыць, што такое рашэньне было правільным з навуковага гледзішча.

(Статкевіч: ) “Любое радыеактыўнае выпраменьваньне на звышвысокіх частотах шкоднае, яно аказвае нэгатыўнае ўзьдзеяньне на людзей. Іншая справа, якой ступені гэтая небясьпека, але збольшага яна ёсьць. Але я кажу, што гэта ўсё ж не галоўнае, а галоўнае тое, што Беларусь сапраўды становіцца часткай сыстэмы стратэгічнага ядзернага стрымліваньня Расеі з усімі адпаведнымі наступствамі”.

Мікалай Статкевіч лічыць, што Беларусь цяпер апынулася ў закладніках стасункаў Расеі з краінамі НАТО, і гэты факт лідэр БСДП не вітае. Але на думку Мікалая Стакевіча, ад увядзеньня станцыі пад Баранавічамі для Беларусі ёсьць і пэўны здабытак. Сярод іншага ён адзначае тое, што цяпер зьявіўся новы важкі аргумэнт у перамовах з Расеяй, і справа ў тым, каб гэтым аргумэнтам удала карыстацца. Прыкладам, яго магчыма ўвасобіць у эканамічныя прывілеі альбо ў немалыя грошы кампэнсацыі, лічыць Статкевіч.

Паводле Мікалая Статкевіча, варта весьці гаворку пра некалькі соцень мільёнаў даляраў, якіх можа каштаваць карыстаньне іншай краінай такім аб’ектам як РЛС пад Баранавічамі. Мікалаю Статкевічу, аднак невядома, ці дамовілася цяперашняе кіраўніцтва Беларусі аб гэткай грашовай кампэнсацыі, ці Расея будзе расплачвацца за станцыю палітычнай падтрымкай дзейнаму кіраўніку краіны.

У прэсавай службе Міністэрства абароны Беларусі мне сёньня адказалі, што там ня ведаюць пра тое, што Расея нешта плаціць Беларусі за карыстаньне станцыяй пад Баранавічамі. “Гэта расейская станцыя, таму пытаньне аб аплаце хутчэй за ўсё палітычнае”, — адказаў супрацоўнік прэсавай службы Міхаіл Сьцепановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG