Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ БУДАЎНІКІ МЕРЗНУЦЬ БЯЗ ГРОШАЙ


Ігар Карней, Менск

Вячаслаў Валіцкі сярод падманутых будаўнікоў самы старэйшы. Дагэтуль усё жыцьцё працаваў зваршчыкам у розных арганізацыях Стаўпцоўскага раёну. Сёлета атрымаў другую групу непрацаздольнасьці і 80 тысяч рублёў пэнсіі. І калі дарослыя дзеці ўжо неяк здольныя існаваць без бацькоўскай падтрымкі, то двое непаўнагадовых працягваюць сядзець, як кажуць, “на карку”. Праз знаёмых даведаўся пра фірму, якая зьбірала добраахвотнікаў на аднаўленчыя працы ў Баўгарыю. А насамрэч, кажа, трапіў у нявольніцтва.

Ад кастрычніка будаўнікі атрымалі толькі мізэрную суму ад першапачаткова абяцаных выплатаў. Абяцаньні плаціць па два даляры за гадзіну працы таксама не вытрымліваюцца: сказалі, што ў найлепшым выпадку можна разьлічваць на даляр. Штосьці абскардзіць практычна немагчыма, бо кантракты дагэтуль не падпісаныя. У выніку атрымалася, што няма на што нават даехаць дахаты. Разам з тым аб’ёмы працы павялічваюцца.

(Валіцкі: ) “Нам абвесьцілі, што мы не пасьпяваем адрамантаваць храм у час. У сакавіку сюды на дні расейска-баўгарскай культуры павінен прыехаць Пуцін, таму загадалі працаваць па 14 гадзінаў. Добра, згодныя, але калі пайшла акордная праца, то трэба ж акордна і плаціць!”

Храм Хрыста Збаўцы быў збудаваны на загад расейскага імпэратара Мікалая ІІ дзеля ўшанаваньня памяці загінулых жаўнераў расейска-турэцкай вайны. Спадар Валіцкі распавядае, як зашчаміла сэрца, калі ўбачыў на мармуравых плітах імёны гусараў віленскага беларускага палку. І абураецца, што праз сотні гадоў у такім месцы з ініцыятывы прадстаўніка “Балтыйскай будаўнічай кампаніі” пануе бяспраўе.

(Валіцкі: ) “На холад спэцвопратку выдаюць праз аднаго: ці гэта дзеля ашчаднасьці, ці дзеля зьдзеку — можна толькі здагадвацца. Але ў любым выпадку гэта прыніжэньне, як у часе вайны: “хочаш есьці белы булка — працуй добра”. Мы ня толькі працавалі добра — хлопцы да касьцей зьдзіралі пальцы, калі зашліфоўвалі шпатлёўку”.

Мікалай Васільеў, узгаданы прадстаўнік будаўнічай кампаніі, кажа, што грошы будаўнікі атрымаюць пасьля таго, як аб’ект будзе здадзены, таму загадзя абурацца ня варта.

(Васільеў:) “Мы займаемся там дабрачыннасьцю. Гэта замова маскоўскай “Балтыйскай будаўнічай кампаніі”, а я зьбіраў людзей зь Беларусі, паколькі сам беларус. Што тычыцца Валіцкага, то гэты чалавек пастаянна п’янстваваў. Умовы былі адназначныя: хто трапляе за п’янку, выганяем. Вельмі жорсткая дысцыпліна, бо іншая краіна”.

Вячаслаў Валіцкі лічыць словы Васільева паклёпам: дзеля таго, каб не плаціць паводле дамоваў, Васільеў практычна паміж усімі распаліў міжасабовыя канфлікты.

(Валіцкі: ) “Проста крыўдна. Мы ж працуем на храме. Адно тое, што дыхаеш гэтым паветрам, павінна хоць троху зьмяніць чалавека. Прычына, думаю, у тым, што Васільеў закадаваны; ён вельмі раўніва рэагуе, калі нехта пасьля працы вып’е 50 грамаў той жа ракіі. Трэба ж неяк стрэс здымаць! Але алькаголікаў у нашай камандзе не было — ехалі прафэсіяналы”.

А каб патрапіць дадому, запатрабаваўся сапраўдны спэктакль. Валіцкі папрасіў знаёмца даслаць тэлеграму, што цяжка хворы бацька. Кажа, што іншым чынам пакінуць будоўлю немагчыма: пашпарты не аддаюць, грошай няма. Таму давесьці сытуацыю да грамадзкасьці стала магчыма толькі зараз.

(Валіцкі: ) “Быў у баўгарскай амбасадзе ў Менску. Кажу, уцёк, бог зь імі, з грашыма, буду спрабаваць дабіцца праз пракуратуру. Але дапамажыце хлопцам”.

На жаль, баўгарская амбасада на калядным адпачынку, і таму мажлівыя дыпляматычныя захады ў вырашэньні лёсу беларускіх будаўнікоў блізу Шыпкі пакуль невядомыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG