Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ДРУК ПРА КАЛЯДНЫЯ БЕЛАРУСКІЯ РЭЦЭПТЫ


Ул. інф.

Як паведамляе нямецкі друк, удзельнікаў праекту нельга назваць ненажэрамі. Сваімі дзеяньнямі гэтыя прадстаўнікі розных генэрацыяў розных народаў зьбіраюцца кінуць выклік такой распаўсюджанай зьяве як fast food і ўсім гамбургерам, чыпсам, сьнікерсам, колам і гэтак далей.

Як вынікае з інфармацыі, якая зьмешчаная на старонках газэты “Maerkische Allgemeine”, мэта праекту — аднавіць на побытавым узроўні багатыя кулінарныя традыцыі сваіх бабуляў і дзядуляў. Удзельнікі праекту зьбіраюцца рэгулярна знаёміць усіх цікаўных з гісторыяй, рэцэптамі й нават сакрэтамі прыгатаваньня розных нацыянальных страваў.

Пачатак пакладзены ў выглядзе адмысловага зборніку “Калядныя рэцэпты”. Ягоныя галоўныя стваральнікі — школьнікі чатырох краінаў, якія зьбіралі рэцэптуру па крупіцах, у рэдкіх букіністычных фаліянтах альбо ў размовах зь людзьмі сталага веку.

Паводле аднаго з ініцыятараў праекту, нямецкага настаўніка Норбэрта Мошала, найвялікшую цікавасьць у асяродку ягоных знаёмых выклікалі калядныя стравы вытанчанай францускай і мала каму вядомай беларускай кухняў: гэта вэрсальская каўбаса, пханая сачавіцай, і беларуская смажаная гусь, фаршаваная тоўчанай бульбай. Лічыцца, што абедзьве стравы, падрыхтаваныя непасрэдна да калядаў, прыносяць у дом багацьце і дабрабыт.

У зборніку “Калядных рэцэптаў” можна знайсьці цікавыя падрабязнасьці прыгатаваньня тых ці іншых страваў. У прыватнасьці, распавядаецца пра тое, як старажытныя беларускія сяляне сілкавалі і ўтрымлівалі сваіх гусяў напярэдадні калядаў.

“Чалавек ёсьць тое, што ён есьць”, — сьцьвярджае нямецкі настаўнік. Ня так даўно ён наведаў Беларусь і пазнаёміўся са многімі традыцыямі вялікага беларускага застольля.

“Па-першае, пасьля некалькіх чарак гарэлкі мяне навучылі таму, як рэзаць каўбасу відэльцам. Большасьць беларусаў у часе застольля карыстаецца выключна лыжкай альбо відэльцам, а нажы практычна не ўжываюць. Нярэдка замест сталовага прыбору выкарыстоўваецца просты кавалак хлебу. Ім беларусы валодаюць так жа спрытна, як і мы нажом. Усё гэта не павінна бянтэжыць, бо гэта ёсьць элемэнтам культуры нацыі. Мне знаёмыя іншыя эўрапейскія народы, у чыіх традыцыях нярэдка прынята есьці выключна рукамі”.

Паводле нямецкага настаўніка, аўтэнтычная беларуская калядная кухня складаецца зь ня вельмі разнастайных харчоў. Аднак, тым ня менш, пра беларусаў можна сказаць, што яны маюць багатую культуру ежы. Яна абумоўленая культурай душэўных застольных кантактаў — людзям ёсьць пра што размаўляць за адным сталом на працягу некалькіх гадзінаў.

У межах сумеснага нямецкага-француска-італьянска-беларускага праекту — стварэньне новых зборнікаў з рэцэптамі сьвяточных і штодзённых страваў, абмен школьнымі групамі ды Інтэрнэт-падтрымка беларускіх удзельнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG