Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПЕРАМОВАХ АБ МІСІІ АБСЭ — КАЛЯДНЫ ПЕРАПЫНАК


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньняшняе адмысловае паседжаньне Сталай Рады АБСЭ па гэтым пытаньні не адбылося. Такім чынам, застаецца толькі гіпатэтычная магчымасьць дасягнуць пагадненьня аб адкрыцьці офісу АБСЭ ў Менску да Новага году, калі сканчаецца старшынёўства ў АБСЭ Партугаліі, якая дагэтуль вяла перамовы зь беларускімі ўладамі. У новым годзе старшыняваць у АБСЭ будзе Галяндыя.

Прэсавы сакратар партугальскага прадстаўніцтва ў АБСЭ Антоніё Капінья паведаміў, што сёньня не было асаблівага разьвіцьця ў перамоўным працэсе наконт аб місіі АБСЭ ў Беларусі, бо адмысловае паседжаньне Сталай Рады па гэтым пытаньні, якое плянавалася правесьці сёньня а трэцяй гадзіне, было скасаванае. Ці магчыма, такім чынам, у прынцыпе дасягнуць згоды па гэтым пытаньні да таго, як Партугалію ў якасьці старшыні АБСЭ заменіць Галяндыя, г.зн. да Новага году? Гаворыць Антоніў Капінья:

(Капінья: ) “Хто ж ведае… Я ведаю, што перамовы ўсё яшчэ працягваюцца. Можа быць, пасьля Калядаў зьбярэцца адмысловае паседжаннье Сталай Рады АБСЭ, магчыма, 26, 27, 28, ці 29 сьнежня. Перамовы будуць працягваццца, але я не ведаю як”.

Антоніў Капінья адзначыў, што цяпер абмяркоўваецца мандат, назва і характар місіі АБСЭ ў Менску, але дыпляматы па-ранейшаму трымаюць у сакрэце падрабязнасьці гэтых перамоваў.

У МЗС Беларусі таксама пацьвярджаюць, што перамоўны працэс “актыўна працягваецца”. Гаворыць намесьнік начальніка інфармацыйнай управы МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Дэлегацыя на чале з памочнікам прэзыдэнта Ігарам Ляшчэнем зявяршыла сваю працу ў Вене. Цяпер зь беларускага боку ў перамовах бярэ ўдзел сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ Віктар Гайсёнак”.

Памочнік А.Лукашэкі Ігар Ляшчэня, амбасадар у асаблівых даручэньнях МЗС Беларусі Андрэй Грынкевіч і начальнік аддзелу МЗС Беларусі па працы з АБСЭ Максім Рыжанкоў, якія вялі перамовы ў АБСЭ, ужо вярнуліся ў Менск. У МЗС зазначаюць, што яны “ў поўным аб’ёме” выканалі тыя задачы, якія ставіліся перад імі. У МЗС спадзяюцца ўсё-такі дасягнуць пазытыўны вынік на перамовах у Вене да Новага году. Гаворыць Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Мы першапачаткова былі арыентаваныя на вынік. Таму відавочна разьлічваем, што рашэньне будзе прынятае да Новага году. Калі ж перамовы не закончацца — што ж, тады будзем вызначацца, як яны будуць праходзіць далей”.

Андрэй Савіных не выключае, што да перамоваў можа падключыцца і міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў — аднак нельга сказаць, калі гэта адбудзецца й ці адбудзецца наагул — гэта залежыць ад перамоўнага працэсу, кажуць у беларускім замежнапалітычным ведамстве.

Нагадаю, што перамовы ў Вене пра ўмовы дзейнасьці й мандат місіі АБСЭ ў Беларусі цягнуцца з 11 сьнежня. Яны пачаліся пасьля таго, як 14 краінаў Эўразвязу і ЗША ўвялі забарону на выдачу візаў А.Лукашэнку і яшчэ сямі найвышэйшым беларускім чыноўнікам. Гэты крок заходніх краінаў быў выкліканы пазбаўленьнем беларускімі ўладамі візаў і акрэдытацыяў усіх дыпляматаў місіі АБСЭ ў Менску, што паралізавала яе дзейнасьць.

У мінулы чацьвер рашэньне Сталай Рады АБСЭ пра адкрыцьцё новага офісу АБСЭ было заблякаванае прадстаўнікамі Канады й ЗША, якія не пагадзіліся на пэўныя зьмены мандату місіі АБСЭ, што пераўтварылі яе ў выключна маніторынгавую. Як раней паведамляў генэральны сакратар АБСЭ Ян Кубіш, беларускі бок вымагае зьмены назвы місіі, усталяваньня канчатковага тэрміну спыненьня яе дзейнасьці, супрацоўніцтва місіі з уладамі, у тым ліку ў галіне эканомікі й экалёгіі, ды штогадовага пацьверджаньня яе мандату беларускім урадам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG