Раёўскіх школьнікаў адправілі на вакацыі яшчэ тыдзень таму, калі бацькі напісалі калектыўную заяву, што ня пусьцяць дзяцей у школу. Аднак ня менш халодна ў дзіцячым садку і жылых памяшканьнях пасёлку. Гаворыць мясцовая жыхарка Тацяна Кажура:
(Кажура: ) “Халодна, што мерзнуць рукі. Нават іней быў на партах. І ў садку таксама дзеці сьпяць апранутыя, бо надта холадна”.
Адзіная ў Раёўцы кацельня, якую трымае мясцовая кардонная фабрыка, не працавала аж да вялікіх маразоў. Прычына — адсутнасьць у прадпрыемства грошай на закупку паліва. Фабрыка ёсьць адзіным прадпрыемствам у пасёлку і тут працуюць бальшыня жыхароў. Заробкаў яны таксама ня бачылі ўжо некалькі месяцаў, таму спрабавалі страйкаваць, зьвярталіся ў найвышэйшыя ўладныя структуры, але безвынікова. Гаворыць рабочая фабрыкі Антаніна Кучко:
(Кучко: ) “Дома няма вады ні халоднай, ні гарачай. Мы й у райвыканкам напісалі, і ў прэзыдэнцкую камісію, і дзяржкантроль. Прыехаў чалавек і сказаў — можаце пісаць колькі хочаце, ніхто вам не дапаможа. А сёньня мы пайшлі, каб заробак далі. Ён сказаў: выйдзіце з кабінэту й калі хочаце, дык звальняйцеся з працы. Пачалі гаварыць, што адзін мужчына павесіўся з-за гэтага, дык ён сказаў — вешайцеся”.
Адміністрацыя фабрыкі цяжкага становішча жыхароў пасёлку й працаўнікоў прадпрыемства не адмаўляе, але заяўляе, што рабочыя самі вінаватыя ў сваіх бедах. Гаворыць дырэктар кардоннай фабрыкі “Раёўка” Яўген Кольчанка:
(Кольчанка: ) “Яны ўжо абнаглелі да бязьмежжа. Людзі такія ў нас, у Раёўцы, — вычварэнцы, іначай не назавеш. Ёсьць нармалёвы калектыў, а ёсьць людзі, якія хочуць атрымліваць грошы й нічога не рабіць”.
Школьныя вакацыі ў Раёўцы сёлета будуць доўжыцца больш за тры тыдні. І калі ня будзе моцных маразоў, то завершацца напярэдадні праваслаўных калядаў 4 студзеня.