Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНІЦЫЯТЫЎНЫЯ ГРУПЫ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ ФАРМУЮЦЦА МАРУДНА


Уладзімер Глод, Менск

Ініцыятыўныя групы патрэбныя тым прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты, хто вылучаецца праз збор подпісаў выбарцаў. Але гэта не азначае, што палітычныя партыі абыякавыя да гэтага працэсу. Сярод кандыдатаў, кажуць партыйныя лідэры, гэтым разам будзе шмат іх беспартыйных прыхільнікаў. Менавіта ім у першую чаргу неабходная цяпер дапамога.

Гэтая акалічнасьць у пэўнай ступені падштурхнула Сацыял-дэмакратычную партыю “Народная грамада”, Партыю працы і партыю “Надзея” стварыць агульны перадвыбарны штаб на чале зь Міколам Статкевічам. Прэсавы сакратар “Грамады” Лявон Дзейка гаворыць пра кіраўнікоў сацыял-дэмакратычнага саюзу:

(Дзейка: ) “Яны таксама абураныя тым, што Цэнтарвыбаркам ужо падчас выбарчай кампаніі пачаў даваць такія тлумачэньні Выбарчага кодэксу, якія істотна пагаршаюць магчымасьці палітычных партыяў па вылучэньню кандыдатаў у дэпутаты”.

Пакуль мала зьвестак пра тое, што ў выбарчыя камісіі зьвяртаюцца з заявамі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Гаворыць сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Учора я праводзіў у Віцебску нараду кіраўнікоў тэрытарыяльных і акруговых камісіяў, і ніхто там ня ўзьняў пытаньне, што дзесьці ўжо зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы, што нехта падаў заяўку. Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў будзе працягвацца яшчэ амаль тыдзень — да 26 сьнежня. Хутчэй за ўсё, на ўзроўні раённых, сельскіх саветаў яны можа дзесьці ўжо зарэгістраваныя, а вось на ўзроўні абласным — я нешта ня чуў”.

Нават у сталіцы, дзе актыўнасьць звычайна высокая, ніхто не сьпяшаецца. Так, напрыклад, у акруговую камісію Цэнтральнага раёну на сёньняшні дзень не паступіла пакуль ніводнай заяўкі, Першамайскага — толькі адна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG