Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЕФА НЕ ДАЗВОЛІЛА КІРАВАЦЬ БЕЛАРУСКІМ ФУТБОЛАМ “СІЛАВІКУ”


Ігар Карней, Менск

Першапачаткова справаздачная канфэрэнцыя мусіла адбыцца яшчэ 27 жніўня. Тады альтэрнатыўнай кандыдатурай цяперашняму кіраўніку фэдэрацыі Рыгору Фёдараву значыўся толькі старшыня менскай футбольнай фэдэрацыі Міхаіл Вергіенка. Аднак літаральна напярэдадні нечакана для ўсіх у справу ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка і запатрабаваў, каб паседжаньне перанесьлі на канец году.

За гэты час колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду імкліва вырасла. Да сьціплага сьпісу дадаліся віцэ-прэзыдэнт БФФ Віктар Шукан, прэзыдэнт барысаўскага БАТЭ Анатоль Капскі, прэзыдэнт менскага “Дынама” Юры Чыж і футбольны арбітар Вадзім Жук. Апошнім абвесьціў пра барацьбу за крэсла футбольнага функцыянэра дзяржсакратар Савету бясьпекі Генадзь Нявыглас. Спартовыя адмыслоўцы ўпэўненыя, што менавіта дзеля Нявыгласа Лукашэнка летам і запатрабаваў адтэрміноўкі справадачна-выбарчай канфэрэнцыі. А прысутнасьць на канфэрэнцыі самога Лукашэнкі найбольш яскрава засьведчыла, на чыю карысьць павінны галасаваць сябры фэдэрацыі.

На выніковае паседжаньне БФФ адмыслова прыбылі міжнародныя назіральнікі ад Эўрапейскай Фэдэрацыі футболу. Учора, у часе нечарговага паседжаньня бюро БФФ, сябра выканкаму УЕФА Джозэф Міфсуд катэгарычна выказаўся пра недапушчальнасьць умяшальніцтва кіраўнікоў дзяржавы ў справы нацыянальных фэдэрацыяў. Ён зазначыў, што дзяржава можа рабіць якія заўгодна захады, але УЕФА пакідае за сабой права ўласных высноваў ажно да выключэньня фэдэрацыі са складу УЕФА.

Словы прадстаўніка УЕФА мелі пэўны рэзананс, бо наўпрост на паседжаньні бюро абвесьціў пра самаадвод адзін з прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка БФФ рэфэры Вадзім Жук. Як паказала хада сёньняшняй канфэрэнцыі, пазыцыя прадстаўнікоў УЕФА стала вырашальнай і ў кадравым пытаньні. Пасьля заканчэньня паседжаньня я запытаў у Рыгора Фёдарава, ці сталася прысутнасьць эўрапейскіх назіральнікаў перашкодай для вылучэньня кандыдатуры Нявыгласа?

(Фёдараў: ) “Думаю, так. Яны пакуль не камэнтавалі. Але выказвалі свае меркаванні, калі выступалі. Мэта зь іхнага боку была такая: збалянсаваць усе пытаньні, хоць сытуацыя, на мой погляд, была створаная мэтанакіравана. Я яшчэ ўчора прапаноўваў Нявыгласу, каб толькі канфэрэнцыя вырашала, хто будзе кіраўніком. А паралельна будзем вырашаць: калі я прэзыдэнт — прыходзь у каманду, і наадварот. Ён адказу ня даў. Мне, дарэчы, давялося прайсьці немалы шлях, каб заваяваць аўтарытэт, ёсьць капітал пэўнага аўтарытэту, і гэта самае каштоўнае”.

Аднак сам Фёдараў сваю перамогу ўспрымае як часовую. Наступнай вясной чакаецца пазачарговая канфэрэнцыя ў справе зацьверджаньня новага статуту. Дагэтуль, паводле дзейнага статуту БФФ, дзяржаўным чыноўнікам забаранялася ўзначальваць фэдэрацыю футболу. Таму ня выключана, што менавіта гэты пункт будзе скасаваны, што дазволіць Генадзю Нявыгласу сумяшчаць дзьве пасады.

У часе нядаўняга візыту ў Беларусь прэзыдэнт ФІФА Ёзэф Блатэр падтрымаў Рыгора Фёдарава. Справа ў тым, што Генадзь Нявыглас уваходзіць у чорны сьпіс невыязных беларускіх чыноўнікаў і ня зможа прадстаўляць інтарэсы беларускага футболу на міжнароднай арэне. Таму Блатэр не хаваў, што Фёдараў, які ўжо добра знаёмы кіраўнікам усясьветнага футболу, зьяўляецца для іх больш прывабнай фігурай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG