Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКОНЧЫЎСЯ ВІЗЫТ У БЕЛАРУСЬ СТАРШЫНІ ПАПСКАЙ РАДЫ Ў СПРАВАХ АДЗІНСТВА ХРЫСЬЦІЯНАЎ КАРДЫНАЛА ВАЛЬТЭРА КАСПЭРА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Учора кардынал Вальтэр Каспэр сустрэўся з патрыяршым экзархам Беларусі мітрапалітам Філарэтам. Паводле прэсавага сакратара Беларускага экзархату РПЦ Андрэя Петрашкевіча, сустрэча была непрацяглай:

(Петрашкевіч: ) “Так, ён быў у Менскай епархіяльнай управе. Сустракаўся з уладыкам. Была такая звычайная непрацяглая гутарка за гарбатай. Зьмест і сэнс іхнай размовы мне, натуральна ж, невядомыя, бо гэта не камэнтавалася. А Беларускую праваслаўную царкву кардынал наведаў таму, што ў экзархаце створаны Інстытут міжрэлігійных адносінаў і міжканфэсійных камунікацыяў. На прэзэнтацыі гэтага інстытуту ён і прысутнічаў. Гэта была асноўная мэта ягонага візыту ў беларускі экзархат”.

Аднак некаторыя прадстаўнікі каталіцкай царквы ў Беларусі гавораць, што шэф Папскай рады ў справах адзінства хрысьціянаў ня толькі навязваў зь мітрапалітам Філарэтам экумэнічныя стасункі. Вядома, што папа Ян Павал ІІ даўно хоча прыехаць з пастырскім візытам у Беларусь, аднак супраць гэтай пілігрымкі выступае Маскоўскі патрыярхат. Аляксандар Лукашэнка таксама ня раз казаў, што гатовы прыняць у Беларусі папу, калі тут ён сустрэнецца з Маскоўскім патрыярхам.

Таму каталіцкія сьвятары не выключаюць, што кардынал Каспэр вёў з экзархам Філарэтам перамовы ў справе зьмякчэньня пазыцыі праваслаўнай царквы што да магчымага візыту ў Беларусь папы.

Я сёньня паспрабаваў атрымаць афіцыйны камэнтар у гэтай справе кіраўніка каталіцкага Япіскапату Беларусі кардынала Казімера Сьвёнтэка, але беспасьпяхова. Кардынал Сьвёнтэк адмовіўся ад інтэрвію.

Вядома, што падчас сустрэчы Вальтэра Каспэра зь вернікамі ў гарадзенскім Катэдральным саборы Казімер Сьвёнтэк перадаў яму чарговае запрашэньне для папы з просьбай наведаць Беларусь. Аднак паводле сакратара амбасады Ватыкану ў Беларусі ксяндза Генрыка Ягадзінскага, каб Ян Павал ІІ змог прыехаць у Беларусь, запрашэньня Казімера Сьвёнтэка замала:

(Кс. Ягадзінскі: ) “Гэта ў пэўным сэнсе можа быць фармальным запрашэньнем, але яно не сфармуляванае так, як гэта робіцца дзеля таго, каб распачаць прыгатаваньне да візыту папы. Гэта можа быць уступам, каб думаць пра візыт. Але такі візыт адбываецца ня толькі паводле волі вернікаў, але мусіць быць згода ўладаў і г.д.”.

Ватыканскі дыплямат не выключае, што нейкія размовы на тэму візыту папы зь мітрапалітам Філарэтам кардынал Каспэр вёў, але гэтага мала, бо яму ня ўдалося сустрэцца з прадстаўнікамі ўладаў. Амбасада Ватыкану зьвярталася ў справе арганізацыі такой сустрэчы ў Міністэрства замежных справаў Беларусі, але беларускі бок паведаміў, што ў высокіх чыноўнікаў няма часу на сустрэчу з кардыналам Каспэрам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG