Лінкі ўнівэрсальнага доступу

MЯСЬНІКОВІЧ ЯК АЛЬТЭРНАТЫВА ЛУКАШЭНКУ?


Ул. інф.

Адрозна ад папярэдніх бэрлінскіх імпрэзаў, у якіх мог браць удзел практычна кожны, на заключным подыюме ў МЗС прысутнічае больш абмежаванае і элітарнае кола. Гэта адказныя чыноўнікі нямецкага замежнапалітычнага ведамства, дэпутаты Бундэстагу і Эўрапарлямэнту, вядучыя аналітыкі. Беларусь прадстаўляе паліттэхноляг Сьвятлана Навумава. Яе імя дастаткова папулярнае ў колах заходніх адмыслоўцаў.

На імпрэзу ў МЗС таксама запрашаўся яшчэ адзін беларускі прадстаўнік — амбасадар Уладзімер Скварцоў, асоба дастаткова аўтарытэтная ў Нямеччыне.

Паводле аднаго з арганізатараў бэрлінскіх дыскусіяў, кіраўніку беларускай дыпляматычнай службы загадзя прапаноўвалі на ўзгадненьне дзевяць розных тэрмінаў імпрэзы. Аднак кожны раз амбасадар знаходзіў прычыны для адмовы. Назіральнікі бачыць у гэтым пэўны тактычны ход. Калі сёньня, у часе нефармальных размоваў палітычная кляса Нямеччыны артыкулюе пытаньне магчымай альтэрнатывы менскаму кіраўніку, — найбольш лягічны для дыплямата крок — няўдзел у імпрэзах, дзе могуць весьціся падобныя нефармальныя размовы.

Удзельнік сёньняшняга подыюму — вядучы экспэрт Нямеччыны ў расейскім і беларускім пытаньнях Гайнц Тымэрман сьведчыць, што Захад не выключае пераменаў у беларускім кіраўніцтве.

(Тымэрман: ) “У Лукашэнкі зараз надзвычай складанае становішча. Таму Захад мусіць быць гатовы да магчымых пераменаў. Нам вядома, што ў расейскіх кулюарах называецца імя Мясьніковіча. Масква лічыць яго альтэрнатывай Лукашэнку, прычым альтэрнатывай прымальнай. Прымальная гэтая кандыдатура і для Захаду”.

На галоўнае пытаньне сёньняшняй дыскусіі адносна далейшага разьвіцьця Беларусі доктар Тымэрман адказвае так:

(Тымэрман: ) “Я хацеў бы спыніцца на чатырох наступных момантах: у зьвязку з пашырэньнем Эўразьвязу па ўсёй Эўропе настаюць эвалюцыйныя пераўтварэньні ў самых розных галінах, і тут поле дзейнасьці Лукашэнкі становіцца ўсё меншым і меншым. Беларуская апазыцыя апошнім часам прадэманстравала сваю гатовасьць да кансалідацыі, як гэта было на выбарах у выпадку з Ганчарыкам. У сваю чаргу, намэнклятура зараз еднасьці ня мае.

Трэці момант — маскоўскі фактар. І чацьверты — эканамічная сытуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш складанай. Усе гэтыя фактары, калі яны не паасобку, калі яны акумулююцца, ствараюць складанае становішча для Лукашэнкі. Яшчэ раз паўтаруся: Захад мусіць быць падрыхтаваны да зьменаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG