Каб даведацца пра лёс былога дарадцы ў справах культуры Аляксандра Хмурца, я патэлефанавала ў амбасаду Беларусі ў ЗША. Са мной гаварыў Мікалай Усенка, другі сакратар амбасады. На маё пытаньне, ці ведае ён, дзе зараз знаходзіцца Аляксандар Хмурэц і як можна зь ім скантактавацца, ён адказаў: “У нас няма ніякіх яго каардынатаў. Нічым вам дапамагчы ня можам”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці ня маеце вы інфармацыі, чаму ён не вярнуўся ў Беларусь, а застаўся ў ЗША?”
(Усенка: ) “Ніякіх зьвестак на гэты конт у нас няма”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці падтрымліваеце вы зь ім нейкі кантакт?”
(Усенка: ) “Наконт гэтага я вам нічога сказаць не магу”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці мае пасольства на гэты конт афіцыйную заяву?”
(Усенка: ) “Ніякіх камэнтароў няма”.
Мікалай Усенка таксама сказаў, што невяртаньне Аляксандра Хмурца не было палітычна матываваным. У ліпені ён здаў усе справы належным чынам Міністэрству замежных справаў і быў звольнены. Камэнтаваць прычыны невяртаньня прыватнага грамадзяніна на Бацькаўшчыну міністэрства ня лічыць патрэбным.