Прычына пакутаў вяскоўцаў у тым, што пасьпешліва збудаваны пасьля Чарнобылю вадавод да новых дамоў знасіўся, парваўся ў двух месцах. Яшчэ летам выйшла са строю і вадзяная помпа. Цяпер жыхары так званых “чарнобыльскіх” дамоў вымушаныя хадзіць па ваду за кілямэтар у суседнюю вёску Мархлеўск — бліжэй калодзёжа няма.
Хойніцкія камунальнікі, што прынялі на балянс гаспадарку Паселічаў, адрамантаваць вадавод ня могуць — спасылаюцца на адсутнасьць фінансаваньня. Тое самае кажа і старшыня Паселіцкага сельскага савету Ніна Алейнік:
(Алейнік: ) “А ў нас ніякіх сродкаў няма!”
Кіраўнік аддзялення сельгаспрадпрыемства “Веляцін” Аляксандар Рухлевіч заявіў наступнае:
(Рухлевіч: ) “Купілі новую помпу, але на фэрме згарэла. Туды і паставілі”.
У спадара Рухлевіча з забесьпячэньнем вяскоўцаў вадой наагул цэлая драма. Да нядаўняга часу ваду вяскоўцам падвозілі ў брудных гаспадарчых бочках. Санстанцыя праверыла чысьціню вады і аштрафавала кіраўніка аддзяленьня. Ваду наагул перасталі вазіць.
Між тым, аўтаномнае ацяпленьне чарнобыльскіх дамоў заснаванае на вадзяных радыятарах. Вяскоўцы зь вёдрамі лазяць на гарышчы, каб даліваць ваду ў сыстэму ацяпленьня. Іншыя грэюцца рознымі электрычнымі абагравальнікамі альбо наагул майструюць “буржуйкі”. Калі нешта выправіца, ніхто ў вёсцы ня ведае. Распавядае спадар Кардаш:
(Кардаш: ) “Ад начальства ўсё залежыць — вясною, можа, што і зробяць. А цяпер людзі выкручваюцца. “Буржуйкі” парабілі”.