Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМІНІСТРАЦЫЯ БУДАЎНІЧАГА ТРЭСТУ ДРУГІ РАЗ ЗА ГОД ЗВОЛЬНІЛА З ПРАЦЫ СТАРШЫНЮ СУПОЛКІ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Сёлета Аляксея Паўлоўскага ўжо другі раз звальняюць з працы. У ліпені праз суд ён змог вярнуцца у трэст. Аднак у кастрычніку кіраўніцтва трэсту за тры дні вынесла яму некалькі вымоваў нібыта за парушэньне працоўнай дысцыпліны, і ён зноўку папоўніў шэрагі беспрацоўных.

На судзе Аляксей Паўлоўскі, які мае дваццаціпяцігадовы досьвед працы мулярам, з абвінавачаньнем адміністрацыі не пагадзіўся. Паводле ягоных словаў, каб наведаць райвыканкам, ён пайшоў з працы на 30 хвілінаў раней, на што атрымаў дазвол майстра. Адзін дзень ён сапраўды не працаваў, спасылаючыся на працоўны кодэкс: тады ён заявіў, што не атрымаў заробак і не было за што купіць есьці, а галодным працаваць на вышыні небясьпечна, бо можна страціць прытомнасьць і ўпасьці з рыштаваньняў.

Аляксей Паўлоўскі зьвязвае сваё звальненьне з сваёй прафсаюзнай і палітычнай дзейнасьцю. Ён ня толькі ачольвае прафсаюзную арганізацыю, але і ўступіў у Беларускі Народны Фронт.

Адказчыкі прывезьлі з сабой тры заявы будаўнікоў, паводле якіх спадар Паўлоўскі перашкаджае ім выконваць плян і падрывае працоўную дысцыпліну. Вось як пракамэнтаваў гэтыя заявы прадстаўнік Паўлоўскага, юрысконсульт Свабоднага прафсаюзу Аляксандар Каралёў:

(Каралёў: ) “Пратаколы, якія напісалі ў будаўнічым трэсьце, можна пракамэнтаваць так, што 1937 год вяртаецца назад, таму што ў гэтых пратаколах напісана тое, што працаўнікі ня хочуць працаваць з Паўлоўскім”.

Ініцыятар пазову не паверыў, што рабочыя падпісалі такія пратаколы, і запатрабаваў, каб іх выклікалі на суд у якасьці сьведкаў. Працяг суду – на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG