Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАЛЬШЫНІ ГАРАДЗКІХ КВАТЭРАЎ ТЭМПЭРАТУРА ЗНАЧНА НІЖЭЙШАЯ ЗА НОРМУ


Ігар Карней, Менск

Надзвычай марозны сьнежань традыцыйна засьпеў камунальныя службы зьнянацку. Праўда, у мясцовых выканкамах сьцьвярджаюць, што выконваюць распараджэньне прэзыдэнта — ашчаджаюць паліва. Першымі рэжым жорсткай эканоміі адчулі хворыя.

Прыкладам, пасьля таго, як у палатах 3-га клінічнага шпіталю Менску тэмпэратура на вуліцы і ў памяшканьні стала амаль аднолькавая, бальшыню пасьляапэрацыйных пацыентаў вымушаныя былі перавесьці ў іншыя ўстановы гораду. У шэрагу рэгіянальных шпіталяў лекары раяць хворым наогул адмаўляцца ад стацыянару і лячыцца дома — інакш не пазьбегнуць запаленьня лёгкіх.

Дарагое паліва мэдычныя ўстановы ашчаджаюць і іншым чынам. Напярэдадні працяглых сьвятаў машыны “хуткай дапамогі” пераведзеныя на начны рэжым працы. Вось што распавялі пацыенты менскага шпіталю №4:

(Хворыя: ) “Мяне лекарка сама прыехала забрала, на сваёй машыне. Жонка затэлефанавала — маўляў, прыступ у мужыка, дык тая прыехала на прыватным аўто, забрала. Машыны “хуткай дапамогі” дзяжураць толькі ўначы, і тое не заўсёды выяжджаюць. А ўдзень — як хочаш: можаш паспрабаваць выклікаць зь іншага раёну, хочаш — транспарт наймай. Дый наогул лекары самі зараз дадому езьдзяць, калі выклікаюць. Іншая справа, ці дачакаесься”.

Ненашмат лепшая сытуацыя ў дзіцячых навучальных установах. Калі ў садках дастаткова цёпла, то старэйшыя дзеці мусяць сядзець на ўроках у паліто. Нават у некаторых сталічных школах (а ў бальшыні мясцовых — у масавым парадку) ацяпленьне на выходныя паніжаюць да такой ступені, каб толькі не замерзьлі батарэі. Мерзнуць і працаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Пасьля шматразовага падвышэньня коштаў на паліва належным чынам ацяпляць свае будынкі ня могуць нават адносна заможныя гаспадары катэджаў, якія колісь зьмянілі кватэры на прыватныя дамы побач з горадам. Вось што распавядае старшыня каапэратыву індывідуальных забудоўцаў у Заслаўі Сяргей Саевіч:

(Саевіч: ) “Некалькі гадоў таму, калі салярка каштавала 10–12 цэнтаў за літар, ацяпленьне такога дому за месяц абыходзілася 100–150 даляраў. Калі кошт на салярку рэзка падвысіўся, шмат хто ад такога ацяпленьня адмовіўся — гэта практычна непад’ёмна. Каб ацяпліць дом плошчай 200–250 м2 нават пры вельмі эфэктыўных сьценах патрэбна 10–15 тонаў вуглю ці торфу”.

Рэжым жорсткай эканоміі паліва прынес і іншыя адчувальныя вынікі: паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, за апошнія тыдні колькасьць тых, хто зьвярнуўся па мэдычную дапамогу з прычыны прастудных захворваньняў, вырасла амаль утрая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG