Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10-ГОДЗЬДЗЕ ВЭБ-КАМПАНІІ “RED GRAPHIC”; “ПЛЯНЭТА СУШЫ” — НОВАЯ ЯПОНСКАЯ РЭСТАРАЦЫЯ; ПАЛІТАЛЁГІЯ І ГЕАПАЛІТЫКА Ў БЕЛАРУСКІМ ІНТЭРНЭЦЕ


Віталь Цыганкоў, Менск

Днямі споўнілася 10 гадоў Інтэрнэт-кампаніі “Red Graphic” — адной з самых вядомых беларускіх сецевых кампаніяў, неаднойчы ўшанаванай рознымі прэстыжнымі беларускімі й міжнароднымі ўзнагародамі. У 1992 годзе “Red Graphic” пачынаўся як рэклямнае агенцва і займаўся выключна графічным дызайнам. Аднак ужо з 1998 году распрацоўка Інтэрнэт-сайтаў, іхны дызайн і праграмаваньне сталі асноўным кірункам дзейнасьці каманды маладых і амбітных прафэсіяналаў.

Тым ня менш, нашую ўвагу “Red Graphic” прыцягнула ня толькі з-за сваіх тытулаў і ўзнагародаў, а яшчэ і з-за таго, што гэта ці не адзіная Інтэрнэт-кампанія, якая актыўна выкарыстоўвае беларускую мову і, напрыклад, менавіта на беларускай мове выканала свой сайт. Менавіта з моўнага пытаньня і пачалася нашая гутарка з брэнд-мэнэджэрам кампаніі Надзеяй Зелянковай.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць людзі, якія лічаць, што ў бізнэсе беларуская мова замінае...”

(Зелянкова: ) “У нас няма такога ўражаньня, інакш бы мы не стваралі свой карпаратыўны сайт на беларускай мове. Усе разумеюць беларускую, і ў кліентаў не ўзьнікае пытаньняў з тым, што напісана на нашым сайце. Мне здаецца, у нашым выпадку, выкарыстаньне беларускай мовы можа нават дапамагчы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці моцная цяпер канкурэнцыя ў вашым бізнэсе? Ці ёсьць прызнаныя лідэры? Альбо сытуацыя дынамічна мяняецца?”

(Зелянкова: ) “Канкурэнцыя ёсьць, але яна на розных узроўнях. Напрыклад, студыяў дызайну, якія прапануюць свае паслугі ў распрацоўцы сайтаў, вельмі шмат — мяркую, больш за сотню ў Беларусі. Але канечне, я не магу сказаць, што ўсе яны зьяўляюцца нашымі канкурэнтамі. Нашыя канкурэнты — гэта, па сутнасьці, 2–3 кампаніі. Мяркую, мы і зараз захоўваем лідэрскія пазыцыі на беларускім рынку”.

(Карэспандэнт: ) “Кампанія працуе ня толькі на беларусім рынку. Вашыя сайты ёсьць у ангельскамоўным і ў расейскім сеціве. Што вам дае такое пашырэньне за межы Беларусі? Яно толькі дзеля прэстыжу ці гэта неабходна вам для бізнэсу і менавіта за межамі Беларусі вы знаходзіце кліентаў?”

(Зелянкова: ) “Безумоўна, гэта не пытаньне прэстыжу. Бо стварэньне і падтрыманьне такіх сайтаў патрабуе шмат працы некалькіх чалавек з калектыву, і толькі дзеля прэстыжу мы б гэтага не рабілі. І ў Расеі,і ў далёкім замежжы ў нас ёсьць рэальныя кліенты, зь якімі мы працуем. Для нас гэта пытаньне прафэсійнага росту, бо не заўсёды мы можам знайсьці неабходную для нас колькасьць замоўцаў на тэрыторыі Беларусі. Мы не імкнемся быць лякальнай мясцовай кампаніяй. Мы скіраваныя на працу ў міжнароднай прасторы Інтэрнэту”.

(Карэспандэнт: ) “І як пачуваецца на гэтай прасторы беларуская кампанія? Беларускі Інтэрнэт паводле колькасных паказчыкаў даволі сьціплы, а як наконт якасных? Ёсьць меркаваньне, што беларускія вэб-дызайнэры даволі добра выглядаюць на расейскім і міжнародным рынку...”

(Зелянкова: ) “Наконт расейскага рынку можна меркаваць па тых жа нашых узнагародах і па тым, як мы выступаем на міжнародных фэстывалях, дзе побач з намі ўдзельнічаюць лідэры расейскага рынку. Ёсьць моцныя бакі ў расейскіх кантораў, але ж ёсьць моцныя бакі і ў “Red Graphic” як беларускай канторы. Для параўнаньня з далёкім замежжам можна сказаць, што нашая кампанія на добрым прафэсійным узроўні працуе для кліентаў з такіх краінаў, як ЗША”.

(Карэспандэнт: ) “Што ж, застаецца пажадаць беларускай кампаніі “Red Graphic” посьпеху — гэткага ж неабмежаванага, як сам Інтэрнэт”.


* * *

Пры ўсёй разнастайнасьці беларускага Інтэрнэту надзіва амаль некранутай Сецівам засталася цэлая галіна — рэстаранны бізнэс. Ня больш за дзясятак беларускіх рэстаранаў маюць уласныя Інтэрнэт-сайты, і толькі некалькі зь іх рэгулярна абнаўляюцца і падтрымліваюць нейкую сувязь з чытачамі. Гэта, напрыклад, сайты менскіх рэстаранаў “Ракаўскі бровар” і “Астара”. Пра рэгіёны ўвогуле няма чаго гаварыць — прынамсі, ва ўсіх вядомых мне беларускіх пошукавых сыстэмах я не знайшоў ніводнага сайту беларускай рэстарацыі па-за межамі сталіцы.

На гэтым маркотным фоне выразна вылучаецца сайт нядаўна адчыненага ў Менску рэстарану японскай кухні “Плянэта сушы”. Паказальна, што адкрыцьцё Інтэрнэт-старонкі адбылося на месяц раней за адкрыцьцё самога рэстарану. Выглядае, што аўтары сайту вырашылі загадзя прапанаваць усім ахвотным інфармацыю пра японскую нацыянальную кухню, так бы мовіць, адукаваць беларусаў на гэты конт.

На сайце можна ня толькі прачытаць артыкулы пра японскія традыцыі кулінарыі, ня толькі ўбачыць мэню і апісаньне страваў, але і прачытаць інструкцыю пра тое, як слушна карыстацца палачкамі.

Пра сайт “Плянэта сушы” распавядае маркетынг-мэнэджэр кампаніі “Белросінтэр” Анастасія Высоцкая:

(Высоцкая: ) “Я не лічу, што наш рэстаран надае нейкую асаблівую ўвагу Інтэрнэту. Мне здаецца цалкам нармальным, калі рэстаран мае добры сайт з падрабязнай інфармацыяй наконт кухні й мэню. Калі госьці могуць задаць нейкія пытаньні ня толькі непасрэдна ў рэстаране, але і на сайце.

Больш за тое, мне здаецца, Інтэрнэт — гэта проста неабходнасьць для тых рэстаранаў, якія нясуць нейкую экзотыку. Паколькі японская кухня ў Менску яшчэ дастаткова экзатычная, кожнаму госьцю перад візытам у рэстаран будзе карысна спачатку прачытаць матэрыялы на сайце, каб ведаць, пра што ўвогуле ідзе размова. У Беларусі пакуль недаацэньваюць магчымасьці Інтэрнэту. Мы з уласнага досьведу пераканаліся, што гэта карысна й дапамагае нашым гасьцям разабрацца, што яны будуць есьці”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, каб дапамагчы гасьцям падрыхтавацца да таго, што ж яны будуць есьці, на сайце адкрытая рубрыка пытаньняў і адказаў, дзе на ўсе пытаньні наведнікаў адказвае повар рэстарану. Пакуль большасьць беларускіх рэстаранаў ня лічыць патрэбным траціць грошы на ўласную Інтэрнэт-старонку, у “Плянэце сушы” вераць, што такія выдаткі акупяцца спаўна”.

(Высоцкая: ) “Напэўна, так, мы можам сказаць, што сайт ужо акупіў сабе. Калі падлічыць колькасьць гасьцей, якія прыйшлі да нас пасьля таго, як убачылі інфармацыю на сайце, можна сказаць, што сайт акупіў укладзеныя грошы. Прычым грошы гэтыя паводле сусьветных стандартаў зусім невялікія. Да таго ж мы сабе галоўнай задачай ставілі данесьці інфармацыю пра тое, што такое японская кухня і ў чым яе цікавыя асаблівасьці — да людзей, у якіх ёсьць жаданьне даведацца пра гэта. Бо проста так шукаць інфармацыю пра японскую кухню, відаць, ня так цікава і жыцьцёва, як адкрыць на сайце мэню і паглядзець, што мы прапануем, апісаньне гэтых страваў, іхныя асаблівасьці”.

Да словаў Анастасіі Высоцкай можна дадаць хіба той факт, што сайт “Плянэта сушы” стабільна ўваходзіць у першыя 50 найбольш наведвальных старонак беларускага Інтэрнэту.


* * *

Паводле цьверджаньня стваральнікаў сайту “Эўрапейская інтэграцыя”, гэты сайт нядаўна стаў самым буйным па колькасьці праіндэксаваных рэсурсаў у беларускім Інтэрнэце. Праект, створаны з дапамогай праграмы TAСIS, разьвіваецца надалей, і мае амбітную мэту — стаць самым буйным праектам у Эўропе па паказчыку колькасьці рэсурсаў.

Мы размаўляем з кіраўніком праекту, дырэктарам Цэнтру эўрапейскай інтэграцыі пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце Юрыем Шаўцовым.

(Шаўцоў: ) “Паводле сваёй спэцыфікі мы павінныя працаваць з інфармацыяй, якая рэдка зьяўляецца ўласна беларускай. Мы павінныя даць усім тым людзям, якія цікавяцца праблемамі эўрапейскай інтэграцыі і палітычных навук, атрымаць інфармацыю на розных мовах. Зразумела, у нас збольшага інфармацыя на ангельскай мове, таму такая вялікая колькасьць рэсурсаў.

Паводле сваёй насычанасьці мы адпачатку павінныя былі стаць самымі буйнымі, паколькі ўзьнікалі пры дапамозе праекту TAСIS і Эўразьвязу. Калі браць беларускі Інтэрнэт, то іншых паліталягічных праектаў у нас няма.

Мы стварылі інтэрфэйс для карыстаньня асноўнымі нашымі рэсурсамі, акрамя расейскай мовы, яшчэ на ангельскай і францускай, нядаўна адкрылі на кітайскай, а па часе зьявіцца на гішпанскай і беларускай. Нашая мэта — стаць у гэтых моўных абшарах самым буйным праектам. Па тых партнэрах, якія мы маем, я думае, мы гэта здолеем.

На сёньня ў Эўропе я ведаю толькі адзін праект, які пераўзыходзіць наш па колькасьці індэксаваных рэсурсаў — гэта самы стары, напэўна, інфармацыйны праект Эўразьвязу, пошукавая сыстэма “Еuroseek”. Але ў нас, я думаю, ёсьць шанцы да лета іх пераўзысьці. Мы ня ў стане канкураваць з эўрапейскімі рэсурсамі па камфортнасьці доступу да нашага рэсурсу, бо тут справа ў грошах, аднак па інфармацыйнай насычанасьці мы можам канкураваць. У расейскамоўным Інтэрнэце, я ўпэўнены, мы пераўзыходзім усіх па гэтым паказчыку”.

(Карэспандэнт: ) “Тое, што на такія ролі выйшаў сайт з назвай “Эўрапейская інтэграцыя”, камусьці можа падасца нонсэнсам. Бо афіцыйная Беларусь пакуль вельмі далёкая ад гэтага працэсу...”

(Шаўцоў: ) “Так атрымалася. Калісьці праграма TAСIS прафінансавала тут на базе Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту праграму навучаньня так званым “эўрапейскім навукам”. І ў межах гэтай праграмы была створаная і нашая структура — і з гэтага ўсё пачалося. У нас зьявіліся вельмі добрыя партнэры на Захадзе — у Францыі, Ірляндыі.

Увогуле ў Беларусі ёсьць велізарны плюс для разьвіцьця ўсіх гэтых праектаў — вельмі высокі ўзровень спэцыялістаў-кампутаршчыкаў для ўсіх гэтых праектаў, на якія можна разьлічваць. У нас, што называецца, і геніі, і проста таленты яшчэ ходзяць па вуліцах, а ня езьдзяць у дарагіх аўто, да якіх не дастукаесься ні праз мабільнік, ні праз што іншае. Гэта непамерна вялікі плюс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG