Актывістка дэмакратычнага руху Барысава Алеся Ясюк дапамагае мясцовым “зубрам”. У момант нападу яна распаўсюджвала сярод пасажыраў электрычкі спэцвыпуск газэты “Барысаўскія навіны” з матэрыяламі пра акцыі “зуброў”. Паводле спадарыні Ясюк, нападнікам было гадоў 20–25, яны былі апранутыя ва “ўніформу” скінгедаў: кароткія чорныя скуранкі, чорныя джынсы й цяжкія чаравікі.
(Ясюк: ) “Дала некалькі нумароў гэтым людзям. Запальнічкай падпалілі адзін нумар, пачалі яго таптаць. Сумку ў мяне выхапілі, газэты скруцілі, выкінулі ў акно. Сталі крычаць: “бээнэфаўка”, “жыдоўка”, “сьмерць бээнэфаўцам”, “сьмерць “зубрам”. Пачалі біць”.
За Алесю Ясюк заступіліся два пасажыры — мужчына й жанчына. Што, верагодна, абараніла пацярпелую ад сур’ёзных пабоеў.
Кватэра Алесі Ясюк месьціцца на першым паверсе. Паводле спадарыні Ясюк, яна ператварыла акно на кухні ў стэнд “Зубра”. Вывешвае налепкі ды іншую агітацыйную прадукцыю. Акно неаднаразова атакавалі невядомыя. Пасьля здарэньня ў электрычцы атака на кватэру спадарыні Ясюк паўтарылася. Сёньня пацярпелая падала заяву ў міліцыю.