Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ АДМАЎЛЯЕ Ў РЭГІСТРАЦЫІ ГРАМАДЗКАМУ АБ’ЯДНАНЬНЮ “ЗА НОВУЮ БЕЛАРУСЬ”


Алег Грузьділовіч, Менск

Больш як год беспасьпяхова спрабуе зарэгістравацца ў Беларусі грамадзкае аб’яднаньне “За новую Беларусь”, якое аб’ядноўвае вядомых у Беларусі палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і прадпрымальнікаў.

Лідэр аб’яднаньня, былы міністар Васіль Лявонаў распавёў Радыё Свабода, што ідэя стварэньня такой арганізацыі ўзьнікла неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году як адказ на новую палітычную рэальнасьць. Далучыцца да арганізацыі пагадзіліся былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін, сацыёляг Вячаслаў Оргіш, эканаміст Аляксандар Сасноў, журналіст Павал Шарамет ды іншыя вядомыя асобы.

Яны правялі ўстаноўчую канфэрэнцыю, ад імя якой падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Беларусі. Аднак дагэтуль арганізацыя не зарэгістраваная.

Васіль Лявонаў кажа, што Міністэрства юстыцыі спасылаецца на адміністрацыю прэзыдэнта, дзе цяпер вырашаецца пытаньне аб рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, а ўжо потым чыноўнікі зь Мінюсту дублююць гэтае рашэньне. Тое, што яно дагэтуль не прынятае, Лявонаў лічыць рысай дыктатуры аднаго чалавека.

(Лявонаў: ) “У нас усё робіцца не паводле закону, а паводле паняцьцяў. Гэтак вырашыў дыктатар, і гэтак ёсьць. Ён вырашыў, што ён рэгіструе грамадзкія арганізацыі і партыі, а не Мінюст, і гэтак робіцца. І такіх выпадкаў шмат, гэта сыстэма такая беларуская”.

У Міністэрстве юстыцыі сапраўды спасылаюцца на дэкрэт №29 Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога кандыдаты на рэгістрацыю спачатку павінныя атрымаць згоду ад грамадзкай камісіі, створанай пры адміністрацыі.

У Мінюсьце сьцьвярджаюць, што дакумэнты незарэгістраванай арганізацыі “За новую Беларусь” у гэтую камісію пададзеныя, але яна дагэтуль іх не разгледзела. Чаму, у Мінюсьце ня ведаюць. Але паводле актывістаў арганізацыі, адзін адказны чыноўнік міністэрства наўпрост параіў ім зьмяніць склад кіраўніцтва — і тады, маўляў, праблемаў з рэгістрацыяй ня будзе.

Але актывісты з арганізацыі “За новую Беларусь” пайшлі іншым шляхам. Яны ўключылі ў склад аб’яднаньня шмат расейскіх грамадзянаў і без праблемаў зарэгістравалі яе ў расейскім Міністэрстве юстыцыі.

Дарэчы, учора ў Маскве адбылося першае знаёмства расейскіх журналістаў з аб’яднаньнем “За новую Беларусь”. На гэтым мерапрыемстве Васіль Лявонаў заявіў, што беларускія ўлады баяцца грамадзкіх аб’яднаньняў, якія выступаюць з ідэямі дэмакратызацыі й незалежнасьці, таму што гэтыя ідэі ўсё больш папулярныя ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG