Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАРАДЖЭНЬНЕ ЗОРКІ: ДУЭТ “АЛЯКСАНДРА І КАНСТАНЦІН”


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Дзень добры аматарам музыкі і ня толькі ім! Сёньня мы паразважаем на тэму, як зрабіцца зоркаю сцэны. Развагі гэтыя ня будуць выключна тэарэтычныя: працэс нараджэньня зоркі мы паспрабуем прасачыць на канкрэтных лёсах. Аднак перад гэтым хочацца адзначыць: што практычна кожны артыст, музыкант, які ўздымаецца да вяршыняў папулярнасьці, праходзіць звычайна колькі абавязковых прыступак.

Пачатак — выкананьне песень з рэпэртуару вядомых айчынных ды замежных выканаўцаў, на музычным слэнгу — “здыманьне” песень. Потым для многіх прыходзіць час навучаньня ўласна прафэсіі, пасьля чаго настае пэрыяд пошуку ўласнага, арыгінальнага рэпэртуару, наяўнасьць якога і дазваляе ўжо казаць пра артыста як пра чалавека творча сьпелага, калі цябе ўжо самога шукаюць тэлебачаньне, мэнэджэры, радыёстанцыі, выдаўцы.

Гэты год для ўдзельнікаў барысаўскага дуэту “Аляксандра і Канстанцін” выдаўся як ніколі плённы і ўдалы. Удзел у трох міжнародных конкурсах, пераход на працу пад “дах” Дзяржаўнага канцэртнага аркестру, значная ўвага з боку прэсы. Але гады з тры таму пра гэтых музыкантаў ведалі адно адзінкі.

Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза — госьці студыі радыё “Свабода”. Вітаю вас! Аляксандра, Канстанцін, прызнаюся: калі я ўпершыню пачуў вас гады з чатыры таму на адной зь вечарынаў у менскім “Стар-клюбе”, я адразу ж падумаў: э-э, з гэтымі вось музыкантамі давядзецца сустрэцца яшчэ неаднойчы. Не памыліўся. Вось чаму рызыкую задаць вам правакацыйнае пытаньне: ці ўсьведамляеце вы сябе зоркамі эстрады?”

(Канстанцін Драпеза: ) “Ну што тут можна адказаць? Пытаньне гэтае вельмі цікавае, таму што мы ішлі да таго, каб быць — ну не скажу каб зоркамі, але гэта нашая праца. І вось надышла такая прыступка, калі трэба ўжо адчуваць сябе зоркамі, людзі пазнаюць на вуліцах, людзі пазнаюць у крамах”.

(Аляксандра Кірсанава: ) “Але ж мы такія самыя, як і былі тры гады таму”.

(Падбярэскі: ) “Значыць, комплексу зоркі ў вас ніякага няма”.

(Драпеза: ) “Абсалютна!”

(Падбярэскі: ) “Аляксандра, пытаньне да вас! Вы пачыналі, як пачынаюць вельмі многія: з выкананьня папулярных твораў замежных аўтараў. А калі ж і чаму адбыўся пераход да беларускамоўнага рэпэртуару, тым больш, што беларуская мова, наколькі я ведаю, для вас ня родная?”

(Кірсанава: ) “Я руская па нацыянальнасьці, а адбылося ўсё так. Мы ўдзельнічалі ў конкурсе “Зорная ростань”, там трэба было выконваць дзьве песьні, адну зь іх на беларускай мове. Вырашылі зьвярнуцца да беларускага фальклёру”.

(Падбярэскі: ) “Значыць, каб ня той конкурс, дык і нічога б сёньня не было?”

(Драпеза: ) “Так, так, гэта ўсё ж выпадак”.

(Падбярэскі: ) “Выкананьне песень у манеры, вельмі блізкай да народнай, далося, мне думаецца, Аляксандра, вам вельмі няпроста? З чаго давялося пачынаць?”

(Кірсанава: ) “Слухала розныя запісы, як сьпяваюць бабулі — палескія, менскія. Мяне гэта вельмі моцна захапіла, і я вырашыла зрабіць гэтак жа сама, як і тады, калі здымала манеру кантры, паспрабаваць нешта зрабіць і ў гэтай галіне”.

(Падбярэскі: ) “І як, адразу атрымалася ці не?”

(Кірсанава: ) “Можна сказаць, што так”.

(Драпеза: ) “У Аляксандры ёсьць дар, як у птушкі, выдатна імітаваць. Амэрыканцы неяк слухалі, як яна сьпявае кантры, дык падумалі, што яна сама з Амэрыкі. Беларускія народныя песьні яна таксама паслухала ў бабуль і адразу ўсё запомніла. У яе вельмі добрая памяць”.

(Падбярэскі: ) “Канстанцін! У альбоме “За ліхімі за марозамі” вы выступаеце з Аляксандрай як аўтары і музыкі, і словаў, аднак пры гэтым ваш невідочны заўсёды суаўтар — фальклёр. Чым выклікана тое, што вы апрацоўваеце першакрыніцы, альбо музыку, альбо тэксты?”

(Драпеза:). “З тэкстамі працэс найперш так складваецца. Аляксандра месяц ці два шукае песьні якія-небудзь, слухае касэты альбо глядзіць кніжкі, дзе маюцца мэлядычныя радкі, прыносіць мне і кажа: вось з гэтага атрымаецца песьня. Насьпявае мне мэлёдыю, тады нешта іграецца на гітары, нейкая гармонія падбіраецца пад тое, што ўжо зрабіла Аляксандра. І тады ўжо ўсё складваецца да кучы і вымалёўваецца нейкая песьня. Але ж усё гэта адбываецца з нашым разуменьнем сучаснай музыкі: гэта ўсё прапушчана праз нас, праз тое, што мы і джазавую музыку слухаем, і кантры. У выніку атрымліваецца ня толькі беларуская музыка. Мы лічым, што гэта сусьветная музыка”.

(Падбярэскі: ) “Гэта так званая world music”.

(Драпеза: ) “Так! Аднак першакрыніца заўсёды — гэта той тэкст, які Аляксандра вырашыла перарабіць у песьню”.

(Кірсанава: ) “Так, тэкст для нас надзвычай важны. У нас усе песьні на беларускія тэксты, яны, гэтыя тэксты, нясуць у сабе энэргію стагодзьдзяў, а мы нібыта здуваем зь іх пыл. Клясна!”

(Падбярэскі: ) “Пытаньне проста па-за тактам: другая прэмія на “Славянском базаре”, другая — на конкурсе “Этнасфэра” ў Польшчы, нуль прэміяў на конкурсе імя Івасюка ва Ўкраіне. Гэта праўда, што ў Віцебску з сумы прэміі зьнялі як падатак добрыя грошы і вы ў выніку атрымалі не 2000 даляраў, як было аб’яўлена, а на 600 менш?”

(Кірсанава: ) “Праўда, чаго ж тут хаваць. Было такое. Трыццаць адсоткаў вылічылі”.

(Падбярэскі: ) “А ў Польшчы колькі?”

(Кірсанава: ) “Дзесяць. Ва Ўкраіне — трыццаць пяць”.

(Драпеза: ) “Мы напачатку абурыліся. Мабыць таму, што разгубіліся. Але нас абурыла тое, што з самага пачатку трэба аб’яўляць, што Гран-пры, да прыкладу, будзе не 10 тысяч долараў, а 7. Той жа самы югаслаў Зікі быў вельмі такі разгублены: усё ж 3 тысячы даляраў некуды дзеліся. Добрая машына! Калі мы заходзілі ў кабінэт, думалі, што атрымаем адну суму грошай. А вось калі выходзілі, настрой, зразумела, быў такі паніжаны”.

(Падбярэскі: ) “Я хацеў бы вярнуцца да конкурсу імя Івасюка. Якія былі адчуваньні ў вас пасьля дзьвюх прэміяў на міжнародных конкурсах, калі журы абвесьціла вынікі, а вас сярод ляўрэатаў няма?”

(Драпеза: ) “Мы паехалі туды спантанна, таму што літаральна за тры-чатыры дні наогул вырашылі паехаць. Я лічу вялікім плюсам тое, што за некалькі дзён мы здолелі зрабіць песьню. І я не лічу, што гэта ў нас атрымалася дрэнна. Мы зрабілі песьню Івасюка для гітары і голасу так, як мы робім беларускія народныя песьні: зь вялікай любоўю і прылажэньнем свайго ўменьня.

Настрой у нас быў, канечне ж, пасьля перамогаў такі бравуровы, таму што “Славянскі базар” — фэстываль больш значны. Але там сутыкнуліся з тым, што Мікалай Мазгавы сказаў нам, што мы не зусім на свой конкурс патрапілі, таму што там сьпяваюць эстраду. Там трэба пець песьні ў манеры Сафіі Ратару…”

(Кірсанава: ) “Там стандарт, там трэба мець шырокі дыяпазон голасу, гэта абавязкова, сьпяваць ва ўсю глотку, крычаць на вярхах…”

(Падбярэскі: ) “Гэта, я так разумею, конкурс клясычнай эстрады”.

(Драпеза: ) “Так, такой савецкай эстрады. Аляксандра тым ня менш стала дыплямантам конкурсу. І тады да нас падышоў Паскаль, француз, і сказаў: Аляксандра, ваша краіна будзе ганарыцца вамі, таму што вы сьпяваеце сваю, нацыянальную песьню, і гэта ў вас атрымліваецца вельмі добра.

Для мяне, напрыклад, гэта было прызнаньнем чалавека, які бачыў сьвет, які жыве трошку бліжэй ад нас да Эўропы. Мы набраліся вопыту, зразумелі, што туды, ва Ўкраіну, трэба ехаць праз галаву, праз Маскву альбо калі мы тут, у Беларусі, будзем сапраўды вялікімі зоркамі, а нам зробяць запрашэньне ва Ўкраіну”.

(Падбярэскі: ) “Я вось чаму чакаў такога адказу. Бо гэта яшчэ раз пацьвярджае, што пэўнай зоркавай велічыні вы ўжо дасягнулі. Звычайна маладыя, якія толькі пачынаюць, прыяжджаючы на конкурс і нічога не атрымліваючы, так не перажываюць. А вось людзі з ужо пэўным вопытам, пэўным досьведам… Гэта сапраўды іх крыўдзіць!”

(Драпеза: ) “Мы ўсе ж людзі жывыя…”

(Падбярэскі: ) “Яшчэ адно не зусім тактоўнае пытаньне: падчас адносна нядаўнага вашага сольнага канцэрту ў менскім клюбе імя “жалезнага Фэлікса” публікі было да крыўднага мала”.

(Кірсанава: ) “Прыйшлі тыя, хто сапраўды хацеў нас слухаць і бачыць, тыя, хто нас любіць, і таму мы былі вельмі задаволеныя”.

(Драпеза: ) “У Менску адбываецца ў сярэднім штомесяц, калі сэзон, 24 канцэрты. Зь іх палова, калі ня больш, — гэта канцэрты маскоўскіх, расейскіх артыстаў. Таму я ня думаю, што на беларускіх выканаўцаў, нават больш раскручаных, чым мы, публікі ходзіць значна больш. Так, больш, відаць, чым на нас, аднак мы былі гатовыя да гэтага. Мы хочам сказаць дзякуй сродкам масавай інфармацыі: нам усюды было зялёнае сьвятло, нам журналісты дапамагалі ўсюды”.

(Кірсанава: ) “І вялікая падзяка Малому тэатру”.

(Драпеза: ) “Так, таксама. Па сутнасьці, мы — артысты з Барысаўкі, зь невялікага гораду, што пад Менскам. Каму там справа да нейкага дуэту? Мы званілі шмат каму, прасілі дапамагчы, даць апаратуру, зьняць памяшканьне. І адзіны, хто нам дапамог, быў Малы тэатар. Так, там ведалі, што канцэрт малабюджэтны, прыбытку ня будзе, але ж яны пайшлі на тое, таму што ім таксама падабаецца нашая творчасьць”.

(Падбярэскі: ) “На заканчэньне такое дастаткова традыцыйнае пытаньне. Што плянуе дуэт “А і К” на будучыню?”

(Драпеза: ) “Як прамежкавы этап будзе выданьне сынглу з 5–6 песьнямі, якія рабіліся паралельна зь беларускім праектам. Другі альбом, які мы пачынаем неўзабаве запісваць, гэта таксама будуць беларускія песьні, таму што мы паезьдзілі крыху па сьвеце і цяпер разумеем, што гэта цікава людзям у іншых краінах, а менавіта: песьні ў нашым выкананьні на беларускай мове.

Гэта вельмі сур’ёзная справа. І калі мы бачым агонь у вачах людзей, якія не разумеюць нашай мовы, але ім падабаецца тое, што мы робім, яны адчуваюць энэргетыку, якую нясуць песьні, мы разумеем, што выйшлі на слушны шлях, калі пачалі працаваць у гэтым рэчышчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG