З 15 рэгіянальных структураў палітычных партыяў, што зарэгістраваныя ў абласным цэнтры, права на вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі скарысталі Аб’яднаная грамадзянская партыя, БНФ, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, КПБ і Лібэральна-дэмакратычная партыя.
Апошняя вылучыла сваіх прадстаўнікоў ва ўсё 60 акруговых камісіяў. Выканкам і прэзыдыюм аблсавету пагадзіліся ўключыць у склад камісіяў толькі 28 чалавек з 60. Аб’яднаная грамадзянская партыя даслала пратакол на 40 сваіх прадстаўнікоў. У камісіі ўвайшлі 15. Не знайшлося месца ў камісіях колішняму народнаму дэпутату СССР Юрыю Варонежцаву, былым дэпутатам аблсавету і гарсавету Мікалаю Новікаву і Ўладзімеру Кацору, шэрагу іншых актывістаў АГП.
Камуністы Калякіна наагул не вылучалі сваіх сяброў у акруговыя камісіі. Лідэр рэгіянальнай арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка патлумачыў гэта так:
(Сякерка: ) “Мы вырашылі не распыляць сілы, а болей кінуць людзей на ўчастковыя камісіі”.
На думку спадара Сякеркі, менавіта нізавыя камісіі больш за ўсё парушаюць выбарчае заканадаўства, фальшуюць па ўказцы вынікі.
У склад акруговых камісіяў ня ўключаны ніводзін з чатырох прадстаўнікоў БНФ. Як паведаміў чыноўнік аблвыканкаму Аляксандар Усаў, у БНФ няправільна аформлены пратакол: не згаданая колькасьць сяброў Рады, што вылучала сваіх прадстаўнікоў, ня ўказаныя адрас і тэлефон.
Старшыня абласной суполкі БНФ Віктар Раманішка сказаў на гэты конт:
(Раманішка: ) “Калі б не знайшліся гэтыя прычыны, знайшліся б іншыя. Цяпер відавочна, што ўлады ня хочуць бачыць канкрэтна Партыю БНФ ня толькі ў камісіях, але і ў дэпутатах. Я так думаю”.