Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ ПРАФСАЮЗЫ СУПРАЦЬ ЗЬМЕНЫ ПАРАДКУ ДЗЕЯНЬНЯ КАЛЕКТЫЎНЫХ ДАМОВАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня кіраўніцтва БКДП абмеркавала нядаўняе рашэньне Нацыянальнай рады ў працоўных і сацыяльных пытаньнях зьмяніць у 2003 годзе парадак дзеяньня ў краіне калектыўных дамоваў. Паводле гэтага рашэньня, дзеяньне такіх дамоваў будзе распаўсюджвацца толькі на сяброў Фэдэрацыі. Вось што зазначыў на гэты конт прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Ва ўмовах нашай палітычнай сыстэмы гэта трэба лічыць чарговым наступам на правы працоўных. Таму што яму не даюць права на якую-небудзь альтэрнатыву. “Ты мусіш быць сябром прафсаюзу, ты мусіш быць у арганізацыі, якая зараз цалкам падкантрольная ў сваёй дзейнасьці дзяржаве. З нашага пункту гледжаньня, гэта абуральны выпадак нахабнага ігнараваньня нашай арганізацыі, і мы маем намер накіраваць лісты пратэсту супраць такіх дзеяньняў усім тром сустаршыням нацыянальнай рады”.

Прадстаўнікі БКДП лічаць рашэньне ўраду, Фэдэрацыі прафсаюзаў і наймальнікаў парушэньнем правоў работнікаў, якія не ўваходзяць у афіцыйны прафсаюз. Гаворыць Уладзімер Макарчук, лідэр Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў:

(Макарчук: ) “Што такое калектыўная дамова? Гэта нарматыўны акт, які вызначае парадак дачыненьняў работніка і наймальніка. Гэты дакумэнт рэглямэнтуе рэжым працы. І калі на чалавека не распаўсюджваецца калектыўная дамова, то ён робіцца безабаронным перад наймальнікам па ўсіх нарматыўных актах”.

Паводле Ўладзімера Макарчука, апроч абароны ад незаконнага звальненьня, калектыўная дамова на многіх прадпрыемствах дае работніку шэраг прывілеяў у выглядзе дадатковага адпачынку, бясплатнага харчаваньня, лячэньня і гэтак далей.

Як лічаць кіраўнікі БКДП, прафсазная ініцыятыва Леаніда Козіка скіраваная на развал суполак дэмакратычных прафсаюзаў з мэтай захаваньня ў Беларусі адзінага прафсаюзнага цэнтру — Фэдэрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG