Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАВА НЯ МУСІЦЬ АДДАВАЦЬ ПЕРАВАГУ НІВОДНАЙ КАНФЭСІІ, — КАЖУЦЬ МЕНЧУКІ


Галіна Абакунчык, Менск

Людзі розных узростаў і прафэсіяў, зь якімі я размаўляла сёньня на вуліцах Менску, на пытаньне “Ці павінна праваслаўная царква мець перавагу над іншымі?” адказвалі амаль без развагаў.

(Спадарыня: ) “Дзяржава не павінна ўмешвацца й каго-небудзь падтрымліваць. Усе канфэсіі павінныя быць аднолькавыя й роўныя”.

(Спадар: ) “Беларусь у цэнтры Эўропы і не павінная аддаваць перавагу праваслаўнай царкве. Чалавек мусіць сам выбіраць”.

(Спадар: ) “Праваслаўная царква, унітарная нейкая ёсьць — усе яны маюць роўныя правы. Аддаваць перавагу нейкай адной нельга, бо гэта распачне рэлігійную варажнечу”.

(Спадарыня: ) “Не павінна быць падтрымкі ніводнай рэлігіі, бо ў Беларусі прысутнічае больш за дзесяць рэлігіяў. А тое, што зараз творыцца зь Філарэтам, я лічу — гэта абраза вернікам ня толькі праваслаўнай канфэсіі, але й усім астатнім”.

Сярод апытаных трапляліся людзі розных веравызнаньняў. Усе яны выказваліся за роўнасьць канфэсіяў.

(Спадарыня: ) “У мяне муж праваслаўны, а я каталічка, дык я да абедзьвюх вераў стаўлюся добра. Бог адзіны — і праваслаўны, і каталіцкі”.

(Спадарыня: ) “Мы беларусы, але каталіцкай веры. Так усё жыцьцё й трымаемся веры сваіх бацькоў”.

(Спадарыня: ) “Мой зяць — праваслаўны грэк, мая нявестка — габрэйка, а я каталічка. Чалавек мусіць быць вольны ў выбары канфэсіі”.

Цікава, што за раўнапраўе цэркваў выказаліся й праваслаўныя вернікі.

(Спадарыня: ) “Праваслаўная царква тут пераважае, таму гэтае пытаньне здаецца зразумелым. Аднак, калі дзяржава аддае перавагу якой-небудзь канфэсіі адной, то, здаецца, гэта неправамерна”.

(Спадарыня: ) “Я праваслаўная сама, але ж людзі ўсе аднолькавыя. І кожны стаіць за сваю веру. Праўда ж?”

(Спадар: ) “Большасьць грамадзянаў праваслаўныя, але ж кожная рэлігія мае права на існаваньне”.

(Спадарыня: ) “Я праваслаўная хрысьціянка. І я мяркую, што людзі павінныя мысьліць, як выратаваць душу, а не пра тое, якое месца царква будзе займаць паміж канфэсіямі”.

Толькі адзін з маіх сёньняшніх суразмоўцаў ня змог сказаць нічога пэўнага адносна перавагі праваслаўнай веры над іншымі. Але, як ён сам прызнаўся, з Богам ня мае ніякіх стасункаў і ніколі ня быў у царкве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG