Распараджэньне Віктар Івашкевіч атрымаў праз тры месяцы пасьля прысуду. Нагадаем, рэдактара газэты “Рабочы” Першамайскі суд Менску пакараў абмежаваньнем волі на два гады за публікацыю артыкула “Злачынца павінен сядзець у турме”, надрукаванага падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Пракуратура палічыла, што ў гэтым артыкуле ўтрымліваўся паклёп на Лукашэнку і ягонае атачэньне. Гаворыць Віктар Івашкевіч:
(Івашкевіч: ) “Яны маглі гэта зрабіць і раней, маглі б і пазьней, але зрабілі зараз. Чаму быць, таго не мінаваць. Я хацеў, калі куды й ехаць за выключэньнем Менску, так у гэтыя Баранавічы. Там вельмі разьвітая грамадзкая супольнасьць, незалежная прэса, партыі й прафсаюзы. Гэта адзін з дэмакратычных цэнтраў Беларусі. Там мне будзе камфортна. Я думаю, што адтуль я буду ня менш актыўна ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці, як і цяпер. Ну, прынамсі, ня менш актыўна, як сябра БНФ ад гораду Баранавічы. Мне не абмяжоўваюць перамяшчэньне. Я буду мець вольны выхад у горад. Пасьля працы буду мець некалькі гадзінаў на дзень, каб зайсьці пасьля працы ў штаб БНФ ці ў рэдакцыю газэтаў — далучыцца да грамадзкай дзейнасьці”.
Віктар Івашкевіч яшчэ ня ведае, дзе яму прыйдзецца працаваць.
(Івашкевіч: ) “Я пакуль ня ведаю, куды мяне накіруюць. Яны могуць даць мне магчымасьць самому шукаць месца. У Баранавічах ёсьць дзьве незалежныя газэты, дзе рэдактарамі працуюць сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў. Яны, я мяркую, мне дапамогуць. Я магу ў газэце працаваць вартаўніком, альбо кур’ерам. У іх там сетка распаўсюджваньня сваіх газэт, дзе яны ходзяць па кватэрах і раздаюць газэты, вельмі зручная падчас выбарчай кампаніі”.
Віктару Івашкевічу дагэтуль так і не абвесьцілі амністыю. Хутчэй за ўсё, на “хіміі” яму прыйдзецца правесьці не адзін год, як спадзяваліся адвакаты, а ўвесь тэрмін — два гады.
Рэдактар газэты “Рабочы” — ужо трэці беларускі журналіст, які трапіў сёлета на “хімію” за паклёп на Лукашэнку. Акрамя яго, адбываюць пакараньне журналісты газэты “Пагоня” Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч.