Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКОНЧЫЎСЯ СУДОВЫ ПРАЦЭС НАД ЧАТЫРМА ЎДЗЕЛЬНІКАМІ ВІЦЕБСКАЙ ГРУПОЎКІ СКІНГЕДАЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Cемнаццацігадовы віцебскі школьнік Сяргей Аксёнаў асуджаны на 3,5 года пазбаўленьня волі, семнаццацігадовы беспрацоўны Юры Бачурка — на 4 гады, і яшчэ адзін непаўнагадовы беспрацоўны Ўладзімер Фёдараў — на 5 гадоў і 1 месяц. Гэтыя тэрміны яны мусяць адбыць у выпраўленчай калёніі. А васемнаццацігадовы Сяргей Камянкоў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Гэткі вырак вынесла сёньня судзьдзя Віцебскага абласнога суду Валянціна Буева.

Нагадаем, што на працягу мінулага году гэтыя хлопцы неаднаразова рабавалі ды зьбівалі студэнтаў тутэйшага мэдыцынскага інстытуту — грамадзянаў краін Азіі ды Афрыкі. Усё гэта, паводле пісьмовых тлумачэньняў падчас сьледзтва, падлеткі рабілі нібыта дзеля захаваньня чысьціні славянскае расы, дамагаючыся, каб замежныя студэнты зьехалі на радзіму.

Аднак толькі адзін Сяргей Камянкоў настойліва падкрэсьліваў, што рабіў гэта паводле глыбокіх ідэйных перакананьняў, ды сьцьвярджаў што спавядае ідэі Гітлера, Мусаліні, а таксама падтрымлівае ідэалёгію расейскай нэафашыстоўскай групоўкі “Русское национальное единство”.

Сьледзтва праводзіла абласная ўправа КГБ, і менавіта на адрас гэтае ўстановы бацькі падсудных выказвалі папрокі за вынясеньне занадта, на іхны погляд, жорсткага прысуду. Гэтую думку падзялілі і прысутныя ў судовай залі сябры да сваякі падсудных. Сам судовы працэс быў закрыты, і толькі сёньня на час абвяшчэньня прысуду ў залю былі дапушчаныя гледачы.

Сярод іх, дарэчы, быў і трэці сакратар амэрыканскае амбасады Ян Тэрнэр, які ўстрымаўся ад афіцыйных камэнтароў, аднак заўважыў, што прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у Беларусі цікавіцца фіналам гэтага судовага працэсу.

Судовы працэс закончыўся. Аднак бацькі падсудных зьбіраюцца падаваць касацыйныя скаргі. Бацькі падсуднага Сяргея Аксёнава зьвярнуліся па дапамогу ў Беларускі Гельсынскі камітэт. Юрыст віцебскай філіі БГК Ірына Стральцова заўважыла з гэтае нагоды наступнае:

(Стральцова: ) “Мы пагаварылі і з гэтым хлопцам, і зь ягонымі бацькамі… Канечне, мы не адмаўляем, што хлопцы дужа вінаватыя. і трэба іх караць, караць вельмі сур’ёзна… Але пакараць — гэта адно. Гэтых хлопцаў найперш трэба пераканаць, заняць нечым… Дзе той БПСМ, яны толькі гучна пра сябе заяўляюць... А што канкрэтна яны зрабілі дзеля таго, каб падобных выпадкаў не было ў нашым грамадзтве?”

Пры канцы спадарыня Стральцова заўважыла, што пакараныя сёньня толькі чацьвёра, тым часам як на судзе гучала лічба 40 — прыблізна столькі ўдзельнікаў групоўкі скінгедаў ёсьць цяпер у Віцебску.

Нагадаем, што абласны сьледчы аддзел КГБ перадаў у суд справу толькі чатырох найбольш актыўных удзельнікаў групоўкі віцебскіх скінгедаў, якая, паводле іхных словаў налічвае каля 40 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG