Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТОГОД АД ХВАРОБ, СПРЫЧЫНЕНЫХ ПАЛЕНЬНЕМ, У ЗША ПАМІРАЕ КАЛЯ 400 000 ЧАЛАВЕК


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

У пятніцу гарадзкая Рада Нью-Ёрку будзе абмяркоўваць прапанаваны мэрам Блумбэргам законапраект пра абмежаваньне паленьня цыгарэт у памяшканьнях. 7 гадоў таму Нью-Ёрк ужо прыняў закон пра непаленьне ў рэстарацыях, якія маюць больш за 35 месцаў. Выключэньнем заставаліся бары, а таксама памяшканьні цыгарэтных кампаній. Цяперашні закон, калі будзе прыняты, фактычна цалкам забароніць паленьне ў любых грамадзкіх памяшканьнях. Нават кіраўнікам найбуйнейшай тытунёвай карпарацыі Philip Morris Cos. давядзецца выходзіць на вуліцу, каб удыхнуць цыгарэтны дым.

У цяперашні час эканамічнага спаду ў ЗША многія ўладальнікі рэстарацыяў і бараў хвалююцца, што поўная забарона пашкодзіць бізнэсу. Таму мэр, хоць і неахвотна, але мусіў пайсьці на саступкі. Кампрамісны варыянт законапраекту дазволіць паліць толькі ў цыгарных і прыватных клюбах, кавярнях са столікамі на вуліцы і барах са спэцыяльна абсталяванымі вэнтыляцыяй пакоямі для паленьня. Закон не абмяжуе паленьне ў прыватным жытле, ўласных аўтамабілях і гатэлях.

Гэтая ініцыятыва мэра Нью-Ёрку далёка ня першая ў ЗША ў справе абмежаваньня паленьня. Каліфорнія была першым штатам, які 4 гады таму цалкам забараніў паленьне ва ўсіх публічных памяшканьнях і на працы. Усё большыя забароны ўводзяцца на рэкляму і прапаганду тытуню. Як сьведчаць сацыялягічныя апытаньні, многія грамадзяне ЗША хоць і ўстурбаваныя тым, што дзяржава пасягае на індывідуальнае права чалавека паліць, але ў цэлым вітаюць тэндэнцыю на зьмяншэньне паленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG