Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ БУДЗЕ ЖЫЦЬ У ЧЭХІІ


Сяргей Навумчык, Прага

Ад сёньня Васіль Быкаў будзе стала жыць у Чэскай Рэспубліцы. Пісьменьніку і ягонай жонцы прадастаўлены бестэрміновы від на жыхарства.

Мы запыталіся Васіля Ўладзімеравіча, зь якімі пачуцьцямі ён прыехаў у Прагу.

(Быкаў: ) “У Чэхію я прабіўся кружным шляхам, празь іншыя землі і народы. Таксама неблагія, зь вялікай культурай і найлепшымі памкненьнямі ў сучаснай палітыцы Эўропы. Але заўжды чэхі мне здаваліся найлепшымі з усіх эўрапецаў. І ня толькі таму, што славяне, што культурна зьвязаныя зь беларускім народам і беларускай гісторыяй, але і таму, што чэхі як ніхто засьведчылі ў гісторыі сваю прыхільнасьць да дэмакратыі і што найлепшы эўрапейскі прэзыдэнт – гэта чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл. Я даўно марыў прыехаць у Чэхію, і цяпер мае мары зьдзейсьніліся. Ну а астатняе пакажа час”.

У ранейшых сваіх інтэрвію Быкаў казаў, што пакуль ня бачыць для сябе магчымасьці жыць у цяперашняй Беларусі. Сапраўды, цкаваньне Васіля Быкава некаторымі набліжанымі да кіраўніка Беларусі асобамі параўнальнае з тым, што было ў 1960-ыя гады і пра што Быкаў напісаў у сваіх успамінах, якія нядаўна ўпершыню прагучалі на хвалях “Свабоды”. Дарэчы, выглядае, што неўзабаве ўспаміны выйдуць у Менску асобнай кнігай у прыватным выдавецтве.

(Быкаў: ) “Кніга выдаецца ў Беларусі, у адным незалежным выдавецтве. Я думаю, што там яе рэдагаваньне і ўвесь працэс паліграфічны праходзіць даволі пасьпяхова, і я думаю, што недзе пры канцы года, можа быць, на пачатку наступнага, кніга зьявіцца ў кнігарнях”.

Васіь Быкаў ня любіць казаць пра тое, што звычайна завецца “творчымі плянамі”, але я ўсё ж папрасіў крыху пра іх распавесьці.

(Быкаў: ) “Ёсьць і пачатае, і тут паявіліся ў мяне іншыя задумкі. Магчыма, трошкі адпачну і адыду ад клопатаў, зьвязаных зь пераездам – і пачну працаваць, так я спадзяюся. Гэта будзе, можа быць, нешта зьвязанае з Чэхіяй, альбо нешта не да канца выпрацаванае, што зьвязана ў мяне зь Нямеччынай”.

Дадамо, што статус Быкава і ягонай жонкі ў Чэхіі – гэта не палітычны прытулак. Яны застаюцца грамадзянамі Беларусі і плянуюць наведваць Радзіму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG