Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ СПЭЦСЛУЖБЫ АБВЯРГАЮЦЬ ЗЬВЕСТКІ ПОЛЬСКАГА ЧАСОПІСУ “WPROST”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дружнымі абвяржэньнямі адказалі прэсавыя аддзелы беларускіх спэцслужбаў на зьвесткі польскіх журналістаў, паводле якіх зь сярэдзіны сьнежня нібыта будзе аслаблены рэжым аховы беларуска-польскай мяжы.

“Гэта прынамсі лухта, калі не правакацыя”, — заявіў супрацоўнік прэсавай службы Камітэту памежных войскаў Уладзімер Несьцяровіч. Яму нічога невядома пра нібыта існуючую дамову з КГБ аб паслабленьні кантролю за мяжой напярэдадні калядных сьвятаў, і ён ня верыць, што такое ўвогуле магчыма.

(Несьцяровіч: ) “У нас заўсёды, яшчэ з савецкага часу, на сьвяты звычайна памежнікі нясуць службу нават больш пільна, чым у звычайныя дні. Усё робіцца, каб ніхто мяжу не парушыў. Так было, ёсьць і будзе, таму інакш як лухтой гэтыя зьвесткі не назавеш”.

Уладзімер Несьцяровіч заклікаў ня ставіцца сур’ёзна і да зьвестак, паводле якіх мяжа нібыта будзе часткова адкрытая ў раёне Маларыты, Берасьця і ў Белавескай пушчы. Гэтыя раёны, сьцьвярджае памежнік, у рэжыме аховы нічым не адрозьніваюцца ад іншых, і кантроль там такі самы.

У КГБ краіны таксама рашуча абверглі зьвесткі польскіх журналістаў. Адказны за кантакты з мэдыямі супрацоўнік КГБ Аляксандар Базанаў існаваньне нейкай “інструкцыі”, якая нібыта ўзгадняе сумесныя дзеяньні супрацоўнікаў КГБ з памежнікамі, назваў “хворай фантазіяй”.

(Базанаў: ) “За памежнікаў не адкажу, мы не ахоўваем мяжу, як яны, а ў нас пра такія інструкцыі мне невядома. І мала верыцца, што яны могуць быць. З чаго раптам? Закон аб ахове мяжы не мяняўся, нічога не зьмянілася”.

У Савеце бясьпекі й Міністэрстве ўнутраных справаў абверглі некаторыя іншыя зьвесткі, пра якія паведамілі журналісты польскага часопісу “Wprost”. Гэтак, там ніхто ня ведае пра існаваньне ў Магілёве і райцэнтры Дрыбін лягераў уцекачоў з Афганістану, Чачэніі, Ірану ды іншых краінаў Усходу. “Такіх лягераў на тэрыторыі Беларусі ўвогуле няма”, — заявіў супрацоўнік Савету бясьпекі.

А прэсавы сакратар МУС Зьміцер Партон абверг цьверджаньне польскіх журналістаў, паводле якога апошнім часам міліцыянты нібыта менш затрымліваюць нелегалаў за парушэньні закону аб знаходжаньні ў Беларусі. Зьміцер Партон прывёў прыклад, калі днямі ў Менску было затрымана і дэпартавана звыш сарака нелегалаў з усходу.

Што да прычынаў зьяўленьня абвінавачаньняў на адрас беларускіх памежнікаў і спэцслужбаў, то супрацоўнік Савету бясьпекі, які не пажадаў назваць сябе, мяркуе, што гэтыя зьвесткі маглі справакаваць польскія памежнікі, зацікаўленыя ў павелічэньні фінансаваньня на ахову мяжы зь Беларусьсю. Гэтай вэрсіі прытрымліваецца і прэсавы сакратар МУС Зьміцер Партон. Ён выказваецца за тое, каб быў улічаны і інтарэс беларускага боку.

(Партон: ) “Магчыма, гэтыя чуткі ў тым ліку спарадзіла і тое, што Беларусь ня раз заяўляла, што мы стрымліваем 90% нелегальных імігрантаў, а заходнія краіны ніяк не ўлічваюць гэтага ў фінансаваньні праграмаў па ахове мяжы з усходу. Паводле нашых зьвестак, усё фінансаваньне ідзе палякам, хаця яны маюць менш дачыненьня да жорсткай аховы мяжы, бо гэта на нашым баку з савецкага часу захаваліся калючы дрот і кантрольна-сьледавая стужка”.

Між тым, вось што мне распавёў менскі журналіст Мікалай М., які нядаўна пабываў побач з гэтай мяжоў у Белавескай пушчы. “Я не зьбіраўся паўтараць экспэрымэнт Паўла Шарамета і хадзіць за мяжу дзеля праверкі, але там, дзе я быў, зрабіць гэта было лёгка. Дастаткова за 1500 рублёў набыць квіток у вальеры, дзе турысты назіраюць за жывёламі, прайсьці гэтыя вальеры, і там да польскай мяжы застаецца мэтраў 300–500. Яна добра бачная. Ніякага дроту там няма — ідзі наўпрост і будзеш у Польшчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG