Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖУРНАЛІСТ ЧАСОПІСА “WPROST”: “ІНФАРМАЦЫЯ ДАКЛАДНА СПРАЎДЖАНАЯ НАМІ ЗЬ НЕКАЛЬКІХ КРЫНІЦАЎ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“У артыкуле паданая інфармацыя, якая дакладна спраўджаная намі зь некалькіх крыніцаў”, – сказаў адзін з аўтараў матэрыялу “Лавіна Лукашэнкі”, журналіст часопісу “Wprost” Пётар Кудзя.

Паводле ягоных словаў, магчымае спыненьне беларускімі памежнікамі аховы пэўных частак мяжы з Польшчай, канцэнтрацыя ўцекачоў у памежных рэгіёнах і ўвогуле існаваньне канкрэтнага пляну перакідкі нелегальных імігрантаў на другі бок Бугу – гэта рэальнасьць, аднак пакуль невядома, ці плян гэты будзе выкарыстаны афіцыйным Менскам.

(Кудзя: ) “Гэта плян, які не абавязкова мусіць быць зьдзейсьнены. Гэта інструмэнт у руках беларускага кіраўніка, які хоча чагосьці дамагчыся ад Эўразьвязу ці НАТО. У Беларусі сапраўды сканцэнтраваныя дзясяткі тысячаў уцекачоў, якія хочуць трапіць на Захад, і дастаткова спыніць ахову мяжы, як яны кінуцца ў Польшчу. Нашыя памежнікі напэўна будуць іх лавіць, аднак ніводная дзяржаўная мяжа не змагла б стрымаць такой колькасьці парушальнікаў. Гэта своеасаблівая канцэпцыя дзеяньняў беларускага кіраўніцтва, а будзе яна выкарыстаная ці не, залежыць ад далейшага разьвіцьця падзеяў”.

Экспэрт у справах Беларусі Варшаўскага Цэнтру усходніх дасьледаваньняў Рафал Садоўскі лічыць, што Лукашэнка пагражае заходнім краінам сотнямі тысячаў імігрантаў, перадусім каб прымусіць Захад пагадзіцца пайсьці на саступкі афіцыйнаму Менску, бо наплыў нелегальных уцекачоў ёсьць балючай праблемай для Эўропы. Спадар Садоўскі не выключае, што гэтыя пагрозы могуць быць зьдзейсьненыя.

(Садоўскі: ) “Хачу зьвярнуць увагу на тое, што калі гэткія пагрозы будуць зрэалізаваныя, дык гэта наробіць больш шкоды самой Беларусі, а ня Польшчы ці Захаду. Бо тады ў Беларусь адразу будуць скіраваныя галоўныя кантрабандныя шляхі, у тым ліку і шляхі кантрабанды людзей. Беларусь будзе лічыцца краінай, выгоднай для такой дзейнасьці, што можа спрычыніцца да дэстабілізацыі ў беларускім грамадзтве. Мяркую, што Менск павінен зьвярнуць на гэта ўвагу, бо на маю думку, у дадзеным выпадку наступствы будуць больш паважныя, чым магчымая карысьць”.

Спадар Садоўскі дадаў, што калі беларускія ўлады сапраўды паспрыяюць масавай перакідцы імігрантаў, дык апроч іншага, гэта непазьбежна прывядзе да значнага пагаршэньня стасункаў з Польшчай.

Афіцыйна Варшава пакуль ня робіць у гэтай справе ніякіх захадаў, спадзеючыся на надзейнасьць сваёй усходняй мяжы. Прадстаўнік службы аховы межаў Польшчы палкоўнік Яраслаў Жуковіч паведаміў, што на сёньняшні дзень у гэтым няма патрэбы.

(Жуковіч: ) “Магу запэўніць, што мы добра падрыхтаваныя і маем адпаведную тэхніку, каб працаваць у розных, нават самых цяжкіх сытуацыях”.

А ці магчымае прыпыненьне выкананьня сваіх абавязкаў беларускімі мытнікамі будзе значнай праблемай для памежнікаў польскіх? Ці сапраўды да аховы мяжы тэрмінова прыцягнутыя нават самалёты? Гаворыць прэсавы сакратар Падляскага аддзелу Службы аховы межаў Польшчы Ганна Валошын-Врона:

(Валошын-Врона: ) “Служба аховы межаў любой дзяржавы рыхтуецца да аховы сваёй краіны самастойна, таму якія заўгодна паводзіны беларусіх памежнікаў ня будуць уплываць на эфэктыўнасьць нашых дзеяньняў. Падляскі аддзел польскай службы аховы межаў падрыхтаваны, каб добра пільнаваць мяжу зь Беларусьсю. Што тычыцца выкарыстаньня самалётаў і гелікоптэраў, дык у гэтым няма нічога надзвычайнага”.

Спадарыня Валошын-Врона ўпэўненая, што пасьпяховы масавы пераход беларуска-польскай мяжы нелегаламі зь Беларусі немагчымы.

Большасьць нелегальных імігрантаў звычайна трапляюць у Польшчу дзеля таго, каб потым накіравацца ў Заходнюю Эўропу. Даведацца, ці занепакоены Эўрапейскі Зьвяз магчымай хваляй уцекачоў зь Беларусі, непасрэдна ад асобаў, якія адказваюць за міжнародныя стасункі Эўразьвязу, нам не ўдалося – усе яны ў гэты час ляцелі на саміт у Капэнгаген. Аднак супрацоўнікі офісу міжнародных справаў Эўрапейскай Камісіі ў Брусэлі паведамілі нашаму радыё, што Эўразьвяз ведае пра гэтаю праблему, аднак спадзяецца на тое, што польскія памежнікі здолеюць стрымаць магчымую хвалю імігрантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG