Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЁР СЯРГЕЙ ГРАХОЎСКІ


Валянціна Аксак, Менск

Сяргей Грахоўскі нарадзіўся 25 верасьня 1913 году ў мястэчку з сымбалічным назовам Нобэль, што на Палесьсі. Цяпер гэта Ровенская вобласьць Украіны. І калі б ня першая сусьветная вайна, ратуючыся ад якое маці зь немаўлём зьехала на Магілёўшчыну да сваякоў, то мажліва не беларуская, а ўкраінская літаратура пабагацела б на аднаго таленавітага паэта, а суседняя краіна — на яшчэ аднаго мужнага і адданага радзіме грамадзяніна.

Штопраўда, савецкая Беларусь адмыслова адзначала талент Грахоўскага. Ужо пасьля першых сур’ёзных публікацыяў 23-гадовага паэта арыштавалі й выслалі на 10 гадоў на гулагаўскія лесапавалы. Адбыўшы зьняволеньне, ён атрымаў рэабілітацыю, але ў 1949-м — новы арышт і новы прысуд. На гэты раз — вечная высылка ў Сыбір. Вярнуўся толькі пасьля сьмерці Сталіна.

Пра пакутныя вязеньскія 20 гадоў ён змог шчыра і адкрыта распавесьці ў вершах і празаічнай кнізе “З воўчым білетам” толькі пры канцы жыцьця. Гэтыя творы прынесьлі Сяргею Грахоўскаму ўсеагульную чытацкую любоў і павагу.

Гаворыць паэт Анатоль Вярцінскі:

(Вярцінскі: ) “Вось сапраўды той выпадак, калі ня трэба пытацца, па кім звоніць звон? Ён жалобна звоніць ня толькі па Сяргеі Іванавічу Грахоўскім, але і па ўсіх старэйшынах нашай літаратуры. Ён звоніць па ўсіх тых паэтах і празаіках, якіх арыштоўвалі, катавалі, трымалі гадамі за калючым дротам у сталінскіх канцэнтрацыйных лягерах, але якіх не маглі зламаць маральна, не маглі зламаць духоўна, якіх не маглі прымусіць адмовіцца ад роднага матчынага слова, ад роднае літаратуры, ад айчыны-Беларусі.

Да апошніх сваіх дзён, да апошняга дыханьня верна, па-рыцарску служыў Сяргей Іванавіч роднай літаратуры, любай радзіме. Яны ў яго, літаратура і радзіма, былі непарыўныя, складалі адно цэлае. Пра гэта сьведчаць, у прыватнасьці, яго апошнія вершы. У адным зь іх, які ён назваў “Адно жаданьне”, ужо цяжка хворы майстра пісаў:

Неўзабаве дзень надыдзе ў скрусе
Змоўкну і забуду аб бядзе
І хачу памерці ў Беларусі,
Толькі ў Беларусі, больш нідзе.

Усходняя мудрасьць гаворыць, што важна ня толькі як жыў, але і як паміраў чалавек. Сяргей Грахоўскі паміраў годна, паміраў з трывогай за лёс народу, з думкай пра будучыню роднага краю. Вось прызнаньне, што прагучала ў яго вершах, якія ён надрукаваў у сваю апошнюю вясну, і якія ён назваў
“Перад апошняй дарогай”:

Але ўсяму ёсьць межы і пара,
Я кожны дзень за Беларусь малюся,
Датлее хутка і мая зара,
Але навек ня згасьне — Беларусі.

Сапраўды, жыцьцё кароткае, а радзіма — вечная. І гэты запавет Сяргея Іванавіча мы панясем у сваіх сэрцах далей”.

Адзін са сваіх апошніх вершаў Сяргей Грахоўскі прачытаў летась у нашай адмысловай праграме “Верш на свабоду”. Разьвітваючыся з паэтам, мы не разьвітваемся зь ягонай паэзіяй:

(Грахоўскі: ) “Чытаю замову за родную мову,
За волю маёй беларускай зямлі.
Мы зьведалі зьдзекі, зьнявагі і змовы,
А вечную мову сваю зьбераглі.

Яна — і сумленьне, яна і апора,
Яна, як паходня, у дужых руках,
Як матчына слова, каб родная мова,
Каб воля і шчасьце сьвяцілі ў вяках.

Хто з матчынай мовы і з маці сьмяецца,
Той зьбіўся з дарогі і ў багне загруз.
Калі ж хоць адзін беларус застанецца,
Шчасьліваю будзе мая Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG