Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСХОПЧЫК УЗНАЧАЛІЎ РАБОЧУЮ ГРУПУ ПА ВЫБАРАХ У ВОЙСКУ


Ганна Соусь, Менск

Рабочая група па арганізацыйна-тэхнічным і інфармацыйным забесьпячэньні правядзеньня выбараў у мясцовыя саветы — гэтак называецца структура пры Міністэрстве абароны, якую ўзначаліў генэрал Уладзімер Усхопчык. Афіцыйна гэтая група створаная дзеля наладжваньня дачыненьняў з Цэнтральнай выбарчай камісіяй і мясцовымі ўладамі, а таксама для дапамогі кіраўнікам вайсковых частак у падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў.

Кіраўнік рабочай групы генэрал Усхопчык узначальваў Віленскі гарнізон у часе падзеяў 13 студзеня 1991 году, калі падчас штурму тэлевежы ў Вільні загінулі людзі. Вось ужо некалькі гадоў генэеральная пракуратура Літвы дамагаецца ад Беларусі выдачы намесьніка міністра абароны Ўладзімера Ўсхопчыка.

Сябра літоўскага Сэйму Вацлаў Станкевіч, які зьяўляецца дакладчыкам па Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, назваў прызначэньне генэрала Ўсхопчыка на гэтую пасаду вельмі нэгатыўным фактам.

(Станкевіч: ) “Беларусь мае магчымасьць праз гэтыя мясцовыя выбары паказаць усяму сьвету, што ўсё ж ідзе дэмакратычным шляхам. Але, калі будуць на такіх пасадах, як кіраўнік гэтай групы, такія асобы, як генэрал Усхопчык, з гэтага нічога добрага ня будзе. Пачатак ня вельмі добры. Супольнасьць Эўропы прыме гэтае вельмі нэгатыўна. Пра Ўсхопчыка ведаюць ня толькі ў Літве, ведаюць ужо й у Эўропе. Таму паўтаруся, гэта вельмі нэгатыўны факт для дэмакратызацыі Беларусі й для падрыхтоўкі да будучых выбараў”.

Дзеля чаго ствараецца гэткая рабочая група арганізацыі выбараў у войску? Былы міністар абароны Павал Казлоўскі мяркуе, што ўлады імкнуцца такім чынам сфальсыфікаваць мясцовыя выбары.

(Казлоўскі: ) “У свой час, калі я быў міністрам абароны, было так. Гэтым пытаньнем займалася ўправа выхаваўчай працы ў Міністэрстве абароны. Там ёсьць афіцэры, якія займаюцца выхаваўчай працай у войску, і яны мелі гэтую задачу — тлумачыць людзям пра выбары й гэтак далей. У той час не было ніякай канкрэтнай ўстаноўкі, колькі кінуць бюлетэняў, тады не было фальсыфікацыяў. А сёньня прызначаюцца вялікія чыноўнікі, адказныя за гэтыя пытаньні.

Я, канечне, ня ведаю, які інструктаж атрымаў Усхопчык. Я зь ім не размаўляў, але добра разумею тое, што ягоная задача — правесьці тых людзей, якія патрэбныя ўладзе. Тым больш на закрытых участках, якія знаходзяцца ў вайсковых гарадках. Таму й чыноўнік такога высокага рангу прызначаецца й узначальвае групу па выбарах”.

Гэткія ж выбарчыя групы створаныя цяпер і ў іншых міністэрствах і ўстановах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG