Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО АДБЫЛОСЯ З ЧАЧЭНЦАМІ НА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЙ МЯЖЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Нагадаю, што амаль адразу пасьля падзеяў вакол маскоўскага мюзыклу "Норд-Ост”, польскiя памежнiкi адмаўлялiся прапускаць на тэрыторыю гэтай краiны чачэнцаў ды прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасьцяў з Каўказу. Сваіх дзеяньняў памежнiкi не тлумачылi й спасылалiся на закон аб iншаземцах. Паводле гэтага закону, забарона на ўезд у Польшчу тычыцца асобаў, чыё знаходжаньне можа пагражаць бесьпецы дзяржавы i грамадзкаму парадку.

У вынiку 285 чалавек (у асноўным чачэнцы) амаль тры тыдні знаходзiлiся ў Берасьцi й чакалi дазволу на перасячэньне беларуска-польскай мяжы. Нягледзячы на тое, што амаль ва ўсiх iх былi турыстычныя вiзы, чачэнцы распавядалi журналiстам, што не зьбiраюцца пасьля вандроўкi вяртацца на радзiму.

Дарэчы, менавiта дзякуючы прадстаўнiкам мас-мэдыяў, якiя суправаджалi першую групу чачэнцаў да польскай станцыi Тэрэспаль, адразу пасьля пройдзенага памежнага кантролю чачэнцы рабiлi заявы пра жаданьне набыць у Польшчы статус уцекача. Усiх, хто рабiў такiя заявы, накiроўвалi ў Варшаву, дзе яны i знаходзiлiся ў чаканьнi адпаведнага рашэньня польскiх уладаў.

Нiякiх дакладных зьвестак пра далейшы лёс чачэнцаў не было, але журналiсты раптоўна даведалiся пра працяг гэтай гiсторыi з вуснаў старшынi Берасьцейскага аблвыканкаму Васiля Даўгалёва. На прэсавай канфэрэнцыi ён заявiў, што з часам усiм чачэнцам у Варшаве былi выдадзеныя адмысловыя даведкi. Са зьместу гэтых даведак вынiкала, што гэтым асобам адмоўлена ў статусе ўцекача.

Васiль Даўгалёў паведамiў таксама, што пазьней чачэнцаў пасадзiлi на аўтобусы i праз Украiну адвезьлi ў Расею. Такi маршрут быў абраны быццам бы з-за прынцыповай пазыцыi беларускiх уладаў.

Варта нагадаць, што ў часе гэтага памежнага скандалу Аляксандар Лукашэнка наведаў Берасьцейшчыну. Тады ён заявiў, што Беларусь болей ня будзе за ўласны кошт займацца праблемамi мiгрантаў, калi Захад не жадае аказваць у гэтай справе фiнансавую дапамогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG