Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫМ БЕЛАРУСКІМ АМБАСАДАРАМ ПАГРАЖАЕ БЕСПРАЦОЎЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Міхаіл Марыніч, былы амбасадар Беларусі ў Латвіі, які пайшоў у адстаўку, каб узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году, — адзін зь нямногіх, якія працуюць цяпер па спэцыяльнасьці, але не на дзяржаўнай службе. Спадар Марыніч стварыў і ўзначальвае міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”. Яе мэта — спрыяньне бізнэсу і інвэстыцыям у Беларусі.

Міхаіл Марыніч сваёй працай задаволены. Гаворачы пра лёс былых калегаў-амбасадараў у Румыніі, Польшчы, Італіі, Славаччыне, якія цяпер замененыя ў парадку ратацыі, спадар Марыніч зазначыў:

(Марыніч: ) “Некаторым дзяржава дасьць працу, але большасьць будзе заставацца ў зоне беспрацоўя”.

Спадар Марыніч упэўнены, што А.Лукашэнка адмыслова імкнецца адхіліць былых амбасадараў ад актыўнай працы. Ён прыгадавае нядаўні загад Аляксандра Лукашэнкі кіраўніку Камітэту дзяржкантролю Анатолю Тозіку, каб той не дазваляў уладкоўвацца ў камэрцыйныя структуры звольненым ім чыноўнікам.

Яшчэ адным прыкладам таго, што ў краіне няма сур’ёзнай кадравай працы, спадар Марыніч назваў нядаўняе рашэньне А.Лукашэнкі ў апошні момант адмовіць Аляксандру Казуліну ў прызначэньні прадстаўніком Беларусі ў ААН. Гэта гульня на публіку і жаданьне А.Лукашэнкі паказаць, хто ў краіне гаспадар, упэўнены М.Марыніч.

Ён мяркуе, што былыя амбасадары як высокакваліфікаваныя спэцыялісты маглі б быць неблагімі мэнэджэрамі ці кансультантамі.

(Марыніч: ) “Канечне, гэта абсурд, што дзяржава не клапоціцца і не выкарыстоўвае досьвед гэтых людзей, але яны не загінуць. Калі іх не пакліча дзяржава, то яны будуць выкарыстаныя новымі формамі ўласнасьці”.

Ягоныя словы пацьвярджае лёс былога міністра інфармацыі й амбасадара ў Румыніі Анатоля Бутэвіча, які цяпер працуе дарадцам старшыні Банку міжнароднага гандлю і інвэстыцыяў. Асабіста ён на ўладу не крыўдуе:

(Бутэвіч: ) “Крыўдуй-не крыўдуй, а што зьменіцца ад крыўды? Можна заціснуць губу, закапыліць нос, нічога не рабіць і тут чакаць, пакуль крыўда мінецца ці нехта прынясе іншую пасаду. Крыўда тут — не найлепшы дарадчык. Трэба працаваць у той сытуацыі, якая атрымліваецца і дзеля карысьці справы. Досьвед, канечне, ёсьць, навыкі, веды таксама, якія можна было б прымяніць, але ж я яшчэ не сьпісваю сябе, яшчэ жыцьцё ня скончанае”.

Пятро Садоўскі, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, на асабістым прыкладзе ведае, што амбасадарскі досьвед дзяржавай не выкарыстоўваецца — магчыма, за рэдкім выключэньнем. Асабліва гэта датычыць першай хвалі амбасадараў, якія далёкія ад цяперашняга рэжыму:

(Садоўскі: ) “У мяне было шмат кантактаў, запісаў, плянаў, асабліва па памежным супрацоўніцтве, разам з Бачаровым мы наладжвалі такія моцныя кантакты. Мы маглі б зьняць вяршкі фінансавай падтрымкі Захаду пры ўмацаваньні нашай мяжы і г.д. Але гэта было ўпушчана, я вярнуўся і, можаце сабе ўявіць, ніхто мяне не паслухаў нідзе: ні ў МЗС, ні ў іншых структурах. Усе мае паперы, якія я прывез, уся яны пры мне і засталіся”.

Да першай хвалі незапатрабаваных амбасадараў П.Садоўскі аднес Генадзя Бураўкіна, Георгія Таразевіча ды іншых. Некаторыя змаглі рэалізаваць сябе, застаўшыся ў краінах, дзе яны прадстаўлялі Беларусь: Міхаіл Фарфель у Ізраілі, Віталь Курашык ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG