На вокладцы апошняга нумару гэтага часопісу зьмешчаны каляж з выявай Лукашэнкі ў маскіровачнай вайсковай куртцы, які вядзе празь мяжу з Польшчай доўгую калёну асобаў, што з выгляду прыгадваюць чачэнцаў, азэрбайджанцаў ці малдаванаў.
Магілёў, Пінск, Столін, Слуцак, Клецак, Ліда, Кобрын – вакол гэтых беларускіх гарадоў, паводле журналістаў часопісу “Wprost”, сканцэнтраваныя каля 150 тысячаў уцекачоў з Афганістану, Пакістану, Ірану, Іраку, Чачэніі, Лаосу, Азэрбайджану, а нават з Эфіопіі і Бірмы. Сюды ўцекачоў прывезьлі праваднікі, якія чакаюць адпаведнага моманту, каб перавесьці сваіх кліентаў на польскі бок.
Як піша польскі тыднёвік у артыкуле “Лавіна Лукашэнкі”, чакаць засталося няшмат, бо масавая перакідка нелегалаў зь Беларусі ў Польшчу пачнецца ў сярэдзіне сьнежня. Цягам апошніх некалькіх тыдняў у памежных з Польшчай рэгіёнах ужо сканцэнтравана каля 40 тысячаў будучых парушальнікаў мяжы.
Паводле часопісу, непасрэдны ўдзел у плянаваньні незаконных перакідак імігрантаў у Польшчу бярэ ўдзел беларуская дзяржава.
“Wprost” піша, што супрацоўнікі выведкі польскай Службы аховы межаў падслухалі размовы ў гэтай справе паміж беларускімі памежнікмі і супрацорўнікамі КГБ з Горадні і Берасьця. Выведка атрымала таксама адмысловыя інструкцыі для беларускіх памежнікаў і мапы з шляхамі перавозу імігрантаў з цэнтральнай і ўсходняй Беларусі на захад краіны, а таксама з пазначанымі часткамі мяжы, якія цягам некалькіх дзён ня будуць кантраляваныя.
Падобныя мапы мелі таксама і два арганізатары перакідак, што пагадзіліся ў Беларусі размаўляць з карэспандэнтамі тыднёвіка. Паводле гэтых плянаў, пераходзіць мяжу нелегалы зьбіраюцца ў тым ліку і ў раёне Маларыты, дзе сутыкаюцца межы Беларусі, Польшчы і Ўкраіны, а таксама каля польскіх Тэрэспаля і Гарадка. Аднак найвялікшая колькасьць уцекачоў будзе перапраўленая на польскі бок празь Белавескую пушчу. Праваднікі гавораць, што пра дзіркі ў ахове мяжы, а таксама пра інструкцыі нават спрыяць іхнай дзейнасьці даведаліся ад інфарматараў зь міліцыі і памежнай службы.
Пра масавы пераход мяжы ведаюць і самі ўцекачы, якія, заплаціўшы па паўтары-дзьве тысячы даляраў пасярэднікам, спадзяюцца трапіць у Польшчу яшчэ да Калядаў. Імігранты кажуць, што мясцовыя міліцыянты ведаюць пра іхныя намеры, аднак нічога ня робяць, а з праваднікамі часам маюць нават сяброўскія стасункі.
Паводле часопісу, удзел дзяржаўных служачых Беларусі ў незаконнай апэрацыі такога памеру магчымы толькі з дазволу найвышэйшага кіраўніцтва краіны. А менавіта адкрыцьцём беларускай мяжы на Захад для дзясяткаў тысячаў уцекачоў пагражаў некалькі тыдняў таму Аляксандар Лукашэнка Эўропе. На думку аўтараў артыкулу “Лавіна Лукашэнкі”, выкананьне гэтай пагрозы выглядае рэальным, тым больш, што ў самой Беларусі няма сродкаў утрымліваць такую колькасьць уцекачоў.
“Такім чынам, перакідка імігрантаў у Польшчу, калі да гэтага дойдзе і гэта ня проста звычайны шантаж, можа мець дзьве мэты – помста Захаду і вырашэньне ўнутрыбеларускай праблемы з утрыманьнем нелегалаў”, – лічыць экспэрт Варшаўскага Цэнтру Ўсходніх дасьледаваньняў Рафал Садоўскі.
Польскія памежнікі, аднак, сур’ёзна рыхтуюцца да супрацьстаяньня хвалі імігрантаў зь Беларусі. Паводле міністра ўнутраных справаў гэтай краіны, Кшыштофа Яніка, тое, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегалаў, ніяк не паўплывае на эфэктыўнасьць працы польскай памежнай службы – памежнікі добра падрыхтаваныя.
Дадаткова ў гэты час мяжу будуць пільнаваць адмысловыя самалёты.
Больш падрабязна са зьместам артыкулу “Лавіна Лукашэнкі” можна пазнаёміцца на старонцы часопісу ў інтэрнэце – www.wprost.pl.