Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАВЕСКАЯ ПУШЧА


Ягор Маёрчык, Белавеская пушча

У цэнтральнай сядзібе Нацыянальнага парку “Белавеская пушча” жывуць “талібы”. Агульная колькасьць — пад сотню. Не, гэта не афганцы. “Талібамі” тут называюць людзей, якія наймаюцца на часовую працу. Яны — своеасаблівы сымбаль сёньняшняй Белавескай пушчы. Дырэктар нацыянальнага парку Мікалай Бамбіза за час знаходжаньня на пасадзе звольніў дзясяткі тутэйшых адмыслоўцаў, а на вакантныя месцы запрашае людзей збоку.

Тлумачыцца гэта вельмі проста. Пушчанцы ня пойдуць рубіць жывы лес, нават на загад начальства. А прыбышы зробяць гэта без залішніх пытаньняў.

(Спадарыня: ) “Вось ужо больш за год я не працую. За паўгадзіны нас разьлічылі. І сказалі: “Ідзі. Ідзі, работніца! Заўтра на тваё месца я з Расеі прывязу”. Маючы вышэйшую эканамічную адукацыю і 18-гадовы стаж, адна вось прыбіральшчыцай у гатэлі працуе.

Кожны з тых, хто застаўся, баіцца са мной сустрэцца. Калі я іду па вуліцы, я ні да кога не падыходжу. Дый ніхто і не спыніцца са мной паразмаўляць, бо я вораг і яны проста баяцца, што гэта паўплывае на іхны лёс”.

Пік кадравых зьменаў супаў з вайной у Афганістане. Мянушка “талібы” ўзьнікла сама сабою — маўляў, гэтыя таксама захапілі чужыя тэрыторыі.

Калі спрабуеш узяць інтэрвію ў наймітаў, ствараецца ўражаньне, што ўсе яны далі абет маўчаньня. А вось пушчанцы больш гаваркія. Праўда, на ўмовах ананімнасьці.

(Спадар: ) “Хтосьці вэрбуе іх. Ён едзе зарабляць грошы — ну, і тут ім вельмі добра плацяць. Чалавек, які прыехаў на тры тыдні, на месяц, ён атрымае 500–800 тысяч. Ім дазваляецца ўсё — гробяць тэхніку. Яму да лямпачкі, ён не глядзіць таго трактара, той машыны. Яны як найміты, як штрэйкбрэхеры. Пакуль улада ня зьменіцца, тут нічога ня зьменіцца. Гэта будзе цягнуцца, колькі Лукашэнка будзе пры ўладзе”.

(Карэспандэнт: ) “Самі людзі як да ўлады ставяцца?”

(Спадар: ) “Так, як і да Бамбізы. Ну як можна ставіцца да чалавека, які адкрыта кажа пушчанцам: “Я вас ненавіджу!” Ну, як?!”

(Карэспандэнт: ) “Што ёсьць добрага ў тых людзей, якія жывуць у межах нацыянальнага парку “Белавеская пушча”?”

(Спадар: ) “Толькі й ёсьць добрага, што як бы хто ні хацеў усё гэта забраць, гэтага не забярэш. Вочы не заплюшчыш на тую прыроду, на тую прыгажосьць. І хто мае вочы, той гэта бачыць. І гэта ні адна ўлада ня можа забраць”.

Уладзімер Грыцук — адзіны чалавек, які наважыўся апратэставаць сваё звальненьне. Спрэчку разглядалі восем судоў рознага ўзроўню. Кропка ў справе дагэтуль не пастаўленая.

(Карэспандэнт: ) “Што вас падштурхнула гэтымі судовымі справамі займацца?”

(Грыцук: ) “Несправядлівасьць. Мяне незаконна звольнілі. Я бы пражыў і бяз гэтай ягонай працы, проста мне захацелася даказаць, што я невінаваты. Навошта зь мяне зьдзекавацца? Калі я пачаў, я буду ісьці да канца”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўвогуле верыце ў справядлівасьць беларускага правасудзьдзя, беларускай Тэміды?”

(Грыцук: ) “Дзесьці ёсьць праўда. Больш, вядома, я веру ў Бога”.

(Карэспандэнт: ) “Ці спадзеяцеся на палітычныя кампаніі? Былі выбары прэзыдэнта…”

(Грыцук: ) “Так. Спадзяваліся, што ён ня пройдзе. Меркавалі, што іншага выберуць. А што? Прэзыдэнт жа ніводнага разу не пагутарыў з народам. Часта бывае тут і адпачывае, на роліках катаецца. Але нас да яго не дапускаюць. Могуць што заўгодна зрабіць з чалавекам. Ніхто не застрахаваны. Таму я таксама баюся і нічога супраць прэзыдэнта не скажу”.

(Карэспандэнт: ) “Калі б такія незадаволеныя людзі пайшлі ў мясцовыя саветы, можа гэта б неяк зьмяніла сытуацыю?”

(Грыцук: ) “Дык там нічога ня зьменіш”.


Цяпер я знаходжуся ля плота дрэваперапрацоўчага комплексу. Лесапілка працуе ў некалькі зьменаў і вельмі часта без выходных. Наколькі я бачу праз плот, на тэрыторыі дрэваперапрацоўчага комплексу ляжаць сапраўдныя горы лесу. Ён ляжыць пад сьнегам, гніе. Уражвае, якія дрэвы знаходзяцца ў гэтых завалах. Бальшыня зь іх дыямэтрам на паўмэтра, сустракаюцца бярвеньні нават на мэтар дыямэтрам.

Я ў гасьцях у Георгія Казулькі. Ён некалі быў намесьнікам дырэктара ў справах навуковай працы. Кантракт яму Мікалай Бамбіза не падоўжыў. Цяпер спадар Казулька засяродзіўся на напісаньні сэрыі грунтоўных артыкулаў аб праблемах Белавескай пушчы. Гэта дзякуючы яму ўвесь сьвет даведаўся пра леташнія незаконныя вырубкі жывога лесу.

(Казулька: ) “Тым ня менш, інтэнсіўная вырубка працягваецца. Я бачу тое, што сёньня Белавеская пушча знаходзіцца ў стане катастрофы — і экалягічнай, і эканамічнай. Я ня бачу ніякіх захадаў, каб зьмяніць гэтую сытуацыю. Белавеская пушча цяпер зьяўляецца індыкатарам найвышэйшай улады, бо наўпрост падпарадкоўваецца кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Прэзыдэнцкая вэртыкаль тут найбольш кароткая”.

Інтэнсіўная вырубка лесу і звальненьне спэцыялістаў, якія ня згодныя з палітыкай адміністрацыі — гэта і ёсьць тая самая катастрофа, пра якую гаворыць Георгі Казулька.

Белавеская пушча, як і Ніягарскі вадаспад, як і Вялікі Каньён у ЗША, мае статус міжнароднай прыроднай каштоўнасьці. Яна нават атрымала дыплём Эўразьвязу. Беларускія эколягі неаднаразова зьвярталіся да Эўразьвязу з просьбай адклікаць дыплём за парушэньне запаведнасьці.

(Карэспандэнт: ) “Што ў нацыянальным парку “Белавеская пушча” добрага?”

(Казулька: ) “Нават тое, што мы тут яшчэ жывыя, ужо можна лічыць справай добрай. І самае галоўнае — яшчэ ёсьць шанец выратаваць пушчу”.

Прыналежнасьць нацыянальнага парку да кіраўніцтва справаў прэзыдэнта шмат у чым вызначае жыцьцё Белавескай пушчы. Гэта замінае нават працы спэцслужбаў, якія традыцыйна моцныя на памежных тэрыторыях. Прадстаўнікі сілавых структураў называюць гэтую мясцовасьць не інакш як “чорная дзірка”. Часам даходзіць нават да сьмешнага. Так, дырэктар парку атрымаў вымову ад начальства за тое, што без узгадненьня зь Менскам пусьціў на тэрыторыю пушчы галоўнага вэртыкальніка Берасьцейшчыны Васіля Даўгалёва.

Тымчасам я пад відам шараговага турыста спрабую прабрацца за агароджу. Заходжу ў старожку, што блізу цэнтральнага ўваходу ў парк.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Прыехаў першы раз у пушчу. А як-небудзь усярэдзіну трапіць можна?”

(Спадарыня: ) “Нельга. Не дазваляюць. Толькі дазвол патрэбны. Вельмі шмат было машынаў у пушчы. Спыняліся ня там, дзе было дазволена. Дырэктар на сваім месцы, дзе ён адпачывае, застукаў адну і сказаў, што больш ніякіх легкавых машынаў. Мікрааўтобусы і аўтобусы можна, а на легкавых нельга. Вось прыехала група на мікрааўтобусе, яны жадаюць праехаць. 10 тысяч гэта ўсё задавальненьне каштуе з чалавека”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі?! Хто ж да вас езьдзіць будзе за такія грошы?”

(Спадарыня: ) “А вось у тым і справа, што ня езьдзяць”.

Увядзеньне абмежаваньняў на наведваньне Белавескай пушчы нейкім дзіўным чынам супала з пачаткам вырубак запаведнага лесу.

Ну а мне прыйдзецца задаволіцца невялікай пешай экскурсіяй. Набываю квіток і іду разглядаць жывёлаў. Гандлёвыя шэрагі з усемагчымымі сувэнірамі — не, тут гэтага няма. Тут, на турыстычным маршруце, я сустракаю толькі адну гандлярку.

(Спадарыня: ) “А нічога ніхто нідзе не набывае. Дзіця возьме якую жуйку, дый усё”.

(Карэспандэнт: ) “А што-небудзь зьвязанае зь Белавескай пушчай?”

(Спадарыня: ) “Ніхто тут нічога не бярэ”.

(Карэспандэнт: ) “А зуброў дзе можна набыць?”

(Спадарыня: ) “Якіх? Вялікіх? У лесе злавіць! Зубрык во. Дату паставіце на адваротным баку. Як будзе вам сто гадоў, возьмеце ў рукі й узгадаеце, што былі ў пушчы”.

(Карэспандэнт: ) “І шмат такіх зуброў можна за дзень прадаць?”

(Спадарыня: ) “Чорт яго ведае! А ніколькі. Два-тры ці прадасі? Сёньня ўвогуле нічога не ўгандлявала, і ўчора нічога”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі такое каштуе?”

(Спадарыня: ) “400 рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам за размову, і я ў вас набываю гэтага зубрыка”.

(Спадарыня: ) “Калі ласка! Шчасьліва вам. Усяго найлепшага”.


Зараз я знаходжуся ў тым месцы Белавескай пушчы, якое называецца “глядзельныя вальеры”. Літаральна за некалькі мэтраў перада мной прашмыгнуў шэры дзікі воўк. Ён дзяжурыў ля вальераў, дзе знаходзіцца сям’я дзікоў. Ледзь не палова вальераў пустая. Людзям папросту няма чаго глядзець. Сёньня ў Беларусі выходны дзень, але тут ня так шмат наведнікаў.

Не магу праехаць я і ў знакамітыя Віскулі. Там выставілі дадатковую варту памежнікаў, якія скіроўваюць у адваротны шлях усіх жадаючых паглядзець дзяржаўную рэзыдэнцыю.

Хто пахаваў Савецкі Саюз? У адказ на гэтае пытаньне штопершы назаве Станіслава Шушкевіча, Барыса Ельцына й Леаніда Краўчука. А дапамагала ім у гэтай справе тагачасная сакратарка дырэкцыі Белавескай пушчы Яўгенія Патэйчук. Тым вечарам яе тэрмінова выклікалі на працу. Прывезьлі ў Віскулі й пасадзілі за друкарку. Ейныя пальцы адбілі канчатковы тэкст Дэклярацыі пра ўтварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаваў.

(Патэйчук: ) “Тое, што мне давалі, тое і друкавала”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ведалі, што вы друкуеце?”

(Патэйчук: ) “Я не магла гэта ўсё ўсекчы. Можна было зразумець толькі празь дзень, праз два. Але тады нічога нельга было зразумець, нічога нельга было ўбачыць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі вы ўсьвядомілі, што трапілі ў гісторыю?”

(Патэйчук: ) “Госпадзі! Адразу ж: усе пачалі прыяжджаць. А як была на прыёме ў дырэктара, хацела сказаць: “Увайшла ў гісторыю, дык вы хоць дайце сыну квартэру”. За тое, што ўвайшла ў гісторыю, яшчэ хацелі сенакос забраць. Выступіў мне адзін кагэбэшнік. “Цяпер вось усе ў Каменюках будуць ведаць, што ты друкуеш”. — “Калі б думалі, што ўсе Каменюкі будуць ведаць, я бы там не была і 40 гадоў у гаспадарцы б не працавала”. Пасьля выбачаўся перада мной сто разоў. Шмат казалі на гэтую тэму: “Разваліла Саюз”. Ну, разваліла й разваліла!”

Ня выпала мне пачуць афіцыйны адказ кіраўніцтва нацыянальнага парку “Белавеская пушча” на прэтэнзіі, якія гучалі з вуснаў мясцовага насельніцтва. Доўгі час Мікалай Бамбіза знаходзіўся ў замежнай камандзіроўцы. Па ягоным вяртаньні ў нас пачалася тэлефонная гульня ў хованкі. У выніку перамагла зборная каманда “дырэктар-сакратарка”:

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень. Ці можна пачуць спадара Бамбізу?”

(Сакратарка: ) “Няма яго, ён будзе толькі а другой ці трэцяй гадзіне”.

(Карэспандэнт (пазьней): ) “А ці зьявіўся Бамбіза?”

(Сакратарка: ) “Не, не зьявіўся!”

(Карэспандэнт: ) “А будзе яшчэ сёньня?”

(Сакратарка: ) “Ой! Я нават ня ведаю”.

(Карэспандэнт (пазьней): ) “Ці можна пачуць Мікалая Бамбізу?”

(Сакратарка: ) “Не. Яшчэ яго няма”.

(Карэспандэнт: ) “А калі лепей патэлефанваць?”

(Сакратарка: ) “Паспрабуйце праз паўгадзіны. Але няма такой гарантыі”.

(Карэспандэнт (праз паўгадзіны): ) “Добры дзень. А ці зьявіўся Бамбіза?”

(Сакратарка: ) “Няма! Няма!”

(Карэспандэнт: ) “А будзе?”

(Сакратарка: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “Добра. Дзякуй вам вялікі. Да пабачэньня”.

Белавеская пушча стала закладніцай свайго прыроднага хараства. У гэтым яна падобная да Нарачанскага краю і Браслаўскіх азёраў — месцаў, якія знаходзяцца ва ўласнасьці ведамства Галіны Жураўковай.

Толькі самі пушчанцы кажуць, што час кіраваньня Мікалая Бамбізы, так як і эра валадараньня кіраўніцтва справаў прэзыдэнта — гэта ня больш чым імгненьні ў тысячагадовым жыцьці лесу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG