Заўтра адзначаецца міжнародны Дзень правоў чалавека. 10 сьнежня 1948 году на сэсіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў была прынятая Дэклярацыя правоў чалавека, і з таго часу менавіта ў гэты дзень ва ўсім сьвеце штогоду праводзяцца акцыі ў абарону правоў людзей.
У Менску на Кастрычніцкай плошчы а 12-й гадзіне зьбяруцца сваякі зьніклых палітыкаў, праваабаронцы, тыя людзі, хто не абыякавы да становішча з правамі чалавека ў Беларусі. На сустрэчу жонкі зьніклых апазыцыянэраў заклікалі прыйсьці сваіх сяброў, аднадумцаў, тых, хто добра ведаў Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага.
Зінаіда Ганчар перакананая, што на плошчу варта прыйсьці і асобам, якія прадстаўляюць сёньняшнюю ўладу. На думку Зінаіды Ганчар, гэтыя людзі таксама мусяць клапаціцца пра тое, каб ў Беларусі ніколі не зьнікалі людзі.
(Ганчар: ) “Бо ўчора былі скрадзеныя нашыя мужы, а заўтра могуць быць скрадзеныя гэтыя людзі — тыя, хто сёньня працуе на ўладу, і, верагодна, ведае шмат сакрэтаў гэтай улады. Таму, мяркую, яны павінны стаць побач з намі й гэтым абараніць ня толькі нас, але сябе і свае сем’і”.
Але больш за ўсё Зінаіда Ганчар спадзяецца бачыць заўтра на плошчы выбарцаў з Васьняцоўскай і Коласаўскай выбарчых акругаў, якія абіралі Віктара Ганчара дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў. З кожным з гэтых людзей яна будзе радая асабіста сустрэцца і паразмаўляць.
На думку жонкі зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірыны, тыя, хто плянаваў выкраданьні вядомых палітыкаў, разьлічваў яшчэ і запалохаць астатніх грамадзянаў. “Калі людзі баяцца, яны перастаюць ня толькі змагацца, але і спачуваць ды дапамагаць адзін аднаму. Гэта вельмі небясьпечны стан грамадзтва”, — папярэджвае Ірына Красоўская.
(Красоўская: ) “Людзі скрадзеныя, ніхто ня ведае, дзе яны, і гэта ёсьць своесаблівым псыхалягічным ціскам на астатніх грамадзянаў гэтай краіны, бо кожны задумваецца над іхным лёсам і прымярае яго да сябе”.
І ўсё ж Ірына Красоўская перакананая, што жыхары Менску здольныя пераадолець свой страх. “Разам мы здолеем перадолець такую трагедыю Беларусі, як выкраданьне людзей”, — кажа Ірына Красоўская.