Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯХ АМАЛЬ НЯМА ПРАДСТАЎНІКОЎ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ І АРГАНІЗАЦЫЯЎ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня я гутарыў з прадстаўнікамі некаторых грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Выявілася, што многія зь іх былі ня надта актыўнымі ў часе вылучэньня сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў. Гаворыць кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Мы прасілі ўсе нашыя зарэгістраваныя арганізацыі, а іх усяго сем, вылучыць па адным прадстаўніку”.

Тут самы раз дадаць, што ўсяго тэрытарыяльных камісіяў у краіне больш за паўтары тысячы. Нават калі выключыць з гэтага сьпісу сельскія і пасялковыя саветы, дык на ўзроўні ад раёну да вобласьці застаецца больш за паўтары сотні камісіяў.

Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька тлумачыць, чаму камітэт вылучаў вельмі мала прадстаўнікоў у сябры выбарчых камісіяў.

(Процька: ) “Мы для маніторынгу, каб паглядзець, як на самой справе ўсё гэта адбываецца. Каб мець такія зьвесткі”.

Нават Усебеларускі клюб выбарцаў ня можа пахваліцца вялікім вылучэньнем. Гаворыць ягоны старшыня Ўладзімер Гудзееў:

(Гудзееў: ) “Дакумэнты падавалі толькі зарэгістраваныя клюбы, раённыя. Клюбаў усяго зарэгістравана 15. Але яны ня ўсе падавалі. Вынікаў пакуль ня ведаю. Яны робяць усё самастойна”.

Ня спраўдзіліся і надзеі палітычных партыяў. На маё пытаньне, колькі здолела правесьці сяброў тэрытарыяльных камісіяў Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”, намесьнік партыйнага кіраўніка Віталь Малашка адказаў, што становішча дрэннае. Ён патлумачыў, што з 67 кандыдатаў зарэгістравана пяць сяброў партыі і яшчэ некалькі ейных прыхільнікаў. Няма ніводнага прадстаўніка “Народнай грамады” ў абласных камісіях, толькі адзін на ўзроўні гораду — у Берасьці, тры ў раёнах ды адзін у сельсавеце.

Нават Лібэральна-дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча, якая вылучыла кандыдатамі ў сябры камісіяў больш за іншыя партыі — 103 асобы, паводле папярэдніх зьвестак, змагла зарэгістраваць у камісіях толькі каля 10 асобаў. Лепш за іншых пакуль вынікі ў камуністаў з партыі Сяргея Калякіна. Аж 25 асобаў, а гэта кожны трэці з вылучэнцаў, сталі сябрамі тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

13 сьнежня закончыцца чарговы этап выбарчай кампаніі — вылучэньне кандыдатамі ў сябры акруговых выбарчых камісіяў. Яны будуць сфармаваныя 14–16 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG