Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЛАТНЫЯ МЭДЫЧНЫЯ ПАСЛУГІ Ў ДЗЯРЖАЎНЫХ ШПІТАЛЯХ СУПЯРЭЧАЦЬ КАНСТЫТУЦЫІ


Ганна Соўсь, Менск

Платныя паслугі становяцца ўсё больш распаўсюджанымі ў дзяржаўных шпіталях і паліклініках. Людзям даводзіцца плаціць за тое, каб зрабіць ультрагукавае дасьледаваньне, здаць пэўныя аналізы й нават атрымаць даведку для наведваньня басэйна. За грошы можна набыць месца ў прыстойным пакоі ў шпіталі, зрабіць апэрацыю, атрымаць кансультацыю спэцыяліста. Прыкладам, адзін дзень у стацыянары так званай "лечкамісіі" каштуе для шараговых грамадзянаў каля 30 тысячаў рублёў. Бясплатна цяпер можна атрымаць толькі самы абмежаваны набор мэдычных паслугаў.

Дзясяткі тысячаў лістоў атрымліваюць з гэтай нагоды дзяржаўныя органы ад людзей, якія ня могуць плаціць за лячэньне. Рэагуючы на іх і на прапанову палаты прадстаўнікоў, Канстытуцыйны суд прыняў да разгляду гэтую справу, якая тычыцца гарантаванага канстытуцыяй права грамадзянаў на ахову здароўя і на бясплатнае лячэньне. Разгледзець яе мяркуецца ў студзені наступнага году.

Я зьвярнулася па тлумачэньні да старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча.

(Васілевіч: ) "Згодна з нашым законам, я ня маю права даваць нейкія камэнтары па тых пытаньнях, па якіх вядзецца справа ў Канстытуцыйным судзе. Зараз ідзе вывучэньне ўсяго таго нарматыўнага матэрыялу, які тычыццца гэтай праблемы. Мы робім зараз запыты ў адпаведныя інстанцыі, каб высьвятліць іх пазыцыю. Будзем вывучаць практыку й іншых краінаў. І тады неяк сфармулюем свае адносіны".

На думку былога галоўнага акушэра-гінэколяга краіны дацэнта Зьмітра Міхнюка, увядзеньне платных паслугаў ў дзяржаўных мэдычных установах ёсьць безумоўным парушэньнем Канстытуцыі Беларусі.

(Міхнюк: ) "Усе гэтыя новыя пастановы на ўзроўні міністэрства, Савета міністраў – неканстытуцыйныя. А як вырашыць Канстытуцыйны суд, я ня ведаю. У Канстытуцыі запісана, што мэдычная дапамога ёсьць бясплатнай. Бяз платных паслугаў... Дык яны ні на што не ўплываюць. Яны даюць толькі 3-5%, ня так шмат. Трэба падымаць эканоміку, і тады ўсё будзе добра".

З тых грошай, што людзі плацяць у шпіталях за мэдычныя паслугі, непасрэдна лекары амаль нічога не атрымліваюць, гэта ніяк не ўплывае на іхныя заробкі і таму ня ёсьць эфэктыўным сродкам. Гэтак лічыць кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў, які працуе ў Бараўлянах у Навукова-дасьледчым інстытуце анкалёгіі й радыяцыйнай медыцыны.

(Маісееў) "Канстытуцыя вышэйшая за ўсё. Як людзі могуць плаціць, калі ім няма за што хлеба набыць. А маё асабістае меркаваньне наступнае – я за тое, каб мэдыцына была платная, але каб гэта атрымалася, трэба каб людзі атрымлівалі годную заработную плату. Увогуле, бясплатная мэдыцына – гэта дрэнная мэдыцына. Гэта факт, які не аспрэчваецца нікім у сьвеце".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG