Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЦЬКІ ЧАЦЬВЕРАКЛЯСЬНІКА АБВІНАВАЧВАЮЦЬ ШКОЛУ Ў ТЫМ, ШТО ТАЯ ДАВЯЛА ІХНАГА СЫНА ДА “ПСЫХУШКІ”


Ігар Карней, Менск

Чацьвераклясьнік сталічнай школы №6 Саша Дубоўскі — пацыент нэўрапатоляга ад нараджэньня. Зьнешне — ніякіх падазрэньняў на хваробы, але, як кажуць бацькі, дастаткова іскры, каб узьнікла полымя. Праблемы пачаліся ад гэтага году, калі рашэньнем адміністрацыі школы тры паралельныя клясы былі аб’яднаныя ў два.

Бацькі Сашы заўважылі, што сын пачаў вяртацца моцна прыгнечаны: потым прызнаўся, што зь яго ўсе насьміхаюцца. Калі праз два месяцы сытуацыя не зьмянілася, бацькі пачалі вінаваціць адміністрацыю. У адказ жа пачулі прапанову зьмяніць школу. Сьвятлана Дубоўская, маці Сашы, раней працавала тут прыбіральшчыцай і ўпэўненая, што пакутуе ад абыякавасьці пэрсаналу ня толькі ейны сын.

(Сьвятлана: ) “Трэба не дзяцей пераводзіць у іншыя школы, а мяняць саму адміністрацыю, якая стварае такую атмасфэру. Школьнае кіраўніцтва так цісьне на вучняў і бацькоў, што дзяцей пераводзяць — не ў гімназіі, а ў такія ж звычайныя школы. У такой сытуацыі апынуўся і мой сын. Але маё законнае жаданьне, каб ён навучаўся менавіта ў гэтай школе”.

Сам Саша лічыць, што падбухторвае супраць яго аднаклясьнікаў былы сябра Рома: той нібыта лічыць, што Саша прэтэндуе на ролю лідэра.

(Cаша: ) “Нас вадзілі да псыхоляга. Яна запытала: ці зьбіраемся мы сябраваць? Ну, мы разам і адказалі: не жадаем. Я трываю, але калі ўжо не атрымліваецца, то даю рэшты, хоць тата мне гэта рабіць забараняе. Нядаўна на палітінфармацыі завуч прыгразіла: калі буду біцца, то перавядуць у іншае месца, а бацькоў аддадуць пад суд”.

Жыцьцё ў пастаяннай напрузе прывяло да таго, што абвастрыліся ранейшыя нэрвовыя захворваньні: пасьля чарговай бойкі з аднаклясьнікамі Саша вырваў сабе ўсе вейкі. Бацька, Барыс Дубоўскі, кажа: нічога не заставалася, як выканаць рэкамэндацыі лекараў і стаць на ўлік у псыхдыспансэр.

(Дубоўскі: ) “Зараз ён у псыхіятрычным аддзяленьні шпіталю. А школа пачала патрабаваць ад участковага інспэктара ў справах непаўнагадовых, каб той правёў апытаньне сярод дзяцей: маўляў, хто ў клясе завадатар. У псыхдыспансэры катэгарычна забаранілі ўсялякія кантакты. Пасьля таго, як яго паставілі на ўлік, нават мы ня маем права на нейкія ўшчуваньні. Але нядаўна ўчастковы прыехаў у псыхдыспансэр і пачаў патрабаваць мэдычныя дакумэнты. Вось будзе суд — тады няхай патрабуюць паперы судзьдзя, пракурор. Пры чым тут участковы?”

У школе навіну пра тое, што бацькі зьбіраюцца абараняць правы дзяіцяці праз суд, успрынялі зьнешне спакойна. Дырэктар Алег Юдзіцкі кажа, што гатовы да адэкватных захадаў.

(Юдзіцкі: ) “Створаная адмысловая канфліктная камісія. Прыяжджалі праверкі, і пакуль, на сёньняшні дзень, школу ніхто ні ў чым не абвінавачвае. Наадварот, маім намесьнікам давялося зьвярнуцца ў органы правапарадку, і зараз міліцыя гэтым пытаньнем займаецца. Што тычыцца суду, то падаць пазоў можа кожны. Калі на тое пайшло, то мае намесьнікі таксама зьбіраюцца падаваць у суд. Я, прынамсі, не лічу, што школа ў чымсьці вінаватая”.

Сям’я Дубоўскіх упэўненая, што ва ўсім вінаватая школа. Таму ў суд бацькі зьбіраюцца з рашучымі намерамі пакараць школьнае кіраўніцтва і спагнаць кампэнсацыю за сынава здароўе.

З Дубоўскімі салідарныя і многія настаўнікі, якія з прычыны пастаянных канфліктаў з кіраўніцтвам школы мусілі шукаць іншай працы: паводле былой выкладчыцы нямецкай мовы Людмілы Жураўлевіч, за год з гэтай школай разьвіталіся 96 настаўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG